Сёння ўрачысты настрой па ўсёй краіне задавалі навучэнцы, што крочылі да сваіх навучальных устаноў у школьнай форме з кветкамі. Апрача ўзнёслых пачуццяў, вядома, адчуваецца на святочных лінейках і лёгкае адценне суму. Яно і зразумела: перагорнуты на календары апошні дзень лета, скончаны адпачынак, а бацькі дзіву даюцца, як хутка бяжыць час і растуць дзеці.
Як паведаміла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Жукавец, у гэтым навучальным годзе за школьныя парты сядзе 3071 вучань. З іх у першы клас для атрымання ведаў прыйшлі 249 дзетак: 154 першакласнікі навучаюцца ў гарадскіх школах, гімназіі і гарадскім пасёлку Капаткевічы, а 95 – у сельскай мясцовасці.
Сярод будучых выпускнікоў налічваецца 170 адзінаццацікласнікаў і 325 дзевяцікласнікаў. Спадзяемся, што падлеткі плённа скарыстаюцца часам, каб годна падрыхтавацца да паступлення ў абраныя навучальныя ўстановы.
А 9-ай гадзіне раніцы ў навучальных установах Петрыкаўшчыны распачаліся ўрачыстыя лінейкі. З прывітальнай прамовай да прысутных звярталіся дырэктары навучальных устаноў. Пажаданні стараннасці ў вучобе, спазнанні моцнага школьнага сяброўства і поспехаў у навучанні жадалі запрошаныя госці: прадстаўнікі адміністрацыі раёна, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, лідары раённых грамадскіх аб’яднанняў Петрыкаўшчыны.
Вучні падзякавалі ўсім, хто ў гэты дзень наведаў лінейкі з падарункамі. Вядома, мноства падзяк, грамат і дыпломаў былі ўручаны выхаванцам школ і гімназіі за папярэднія поспехі выдатнікам, алімпіяднікам, спартсменам, актывістам і артыстам.
Самым маленькім вучням у той дзень былі ўручаны заплечнікі з патрэбнымі прыналежнасцямі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Збяром партфель першакласніку”, якая стала ўжо традыцыйнай у нашай краіне. Свае падарункі першаклашкам зрабілі і вучні выпускных класаў.
Прагучаў першы званок. Упэўнены, што ён абвясціў пачатак не толькі навучальнага году, але і падарожжа ў захапляючую краіну ведаў, дзіцячага спорту і творчасці. Ну і, канешне, тыя букеты, што школьнікі і гімназісты так асцярожна неслі на ўрачыстасць, знайшлі сваіх любімых настаўнікаў.
Наперадзе шмат прыступак, не толькі навучальных, але і выхаваўчых. Жадаем падрастаючаму пакаленню бадзёра і кемліва падымацца на вяршыні ведаў, не губляць энтузіязму і ўпэўненасці, што ўсё атрымаецца. Жадаем бацькам мець запас цярплівасці. Ваш клопат абавязкова дапаможа дзецям у час навучання.
Віншуем усіх з Днём ведаў, наперадзе шмат цікавага!
Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.
Оставить комментарий