У чаканні незалежнасці: да 80-годдзя вызвалення Петрыкава

0
139

23 чэрвеня 1944 года Чырвоная армія пачала адну з найбуйнейшых у гісторыі наступальных аперацый – вызваленне Беларусі. Аперацыя атрымала назву ў гонар рускага военачальніка Пятра Багратыёна.
Ужо 28 чэрвеня 1944 года 55-стралковая дывізія 61-й арміі 1-га Беларускага фронту фарсіравала раку Прыпяць каля вёскі Скрыгалаў і пайшла ў наступленне на Петрыкаў. Гатоўнасць да наступлення была вызначана 6-й гадзінай раніцы, пачатак баявых дзеянняў абвяшчаўся сігналам “Дуб”. Агнём гармат і высадкай дэсанту ў тыл ворага наступ дывізіі падтрымлівала 2-я брыгада рачных катараў Дняпроўскай ваеннай флатыліі.

55-й Мазырскай стралковай дывізіі была пастаўлена задача: ва ўзаемадзеянні з 2-й брыгадай рачных караблёў капітана 2-га рангу Уладзіміра Міціна пачаць наступленне ў паўночна-заходнім напрамку, фарсіраваць Прыпяць і авалодаць Петрыкавам. 28 чэрвеня, ніжэй вёскі Конкавічы, на левы бераг Прыпяці высадзіўся дэсант брыгады, якім камандаваў малодшы лейтэнант Мікалай Чалы. Пры падтрымцы катараў флатыліі войскі фарсіравалі раку і захапілі плацдарм каля вёсак Конкавічы і Навасёлкі.
Да канца дня 2-я брыгада рачных караблёў прыступіла да выканання задачы, пастаўленай камандаваннем 89-га стралковага корпуса: артылерыйскай падтрымкай і высадкай тактычнага дэсанту маракоў садзейнічаць часцям 55-ой стралковай дывізіі ў авалоданні горадам, які праціўнік пераўтварыў у моцна ўмацаваны апорны пункт. Для выканання задачы камандзір брыгады накіраваў 2-гі атрад бранякатараў “БК-222”, “БК-223”, “БК-224” і два паўглісеры з дэсантам маракоў. Атрадам высадкі камандаваў камандзір 1-га асобнага дывізіёна бранякатараў капітан-лейтэнант Міхайлаў.
У 22:15 вораг адкрыў мінамётны агонь. Бранякатары вялі агонь у адказ. На пераходзе камандзір атрада не меў сувязі з часцямі 55-ай стралковай дывізіі, якія надыходзілі па паўночным беразе ракі, не было вызначана і сігналаў узаемнага апазнавання. У 23:25 капітан-лейтэнант Міхайлаў высадзіў разведвальны дэсант з 30-ці маракоў і 10-ці сапёраў у 2,5 кіламетрах ад вёскі Бялка, што знаходзіцца зараз з межах горада Петрыкава, для ўдакладнення абстаноўкі і прачэсвання берагу. Для артылерыйскай падтрымкі дэсанта ў раёне высадкі былі пакінуты “БК-222” і “БК-223”, агнём якіх быў падбіты варожы танк. Гітлераўцы, не прыняўшы бою, адышлі да вёскі.
На наступны дзень, у 4:40, бранякатары, наладзіўшы сувязь з 111-м і 228-м стралковымі палкамі, прыступілі да пераправы, якая працягвалася да 15:45. Да 20 гадзін баявыя судны артылерыйскім агнём падтрымлівалі пехацінцаў. Штурм Петрыкава быў прызначаны на ноч. З надыходам цемры ўздоўж ракі стралковыя палкі павінны былі наступаць з усходу, поўначы і паўночнага захаду. Каб не дапусціць адыходу праціўніка на захад, для разведкі і прачэсвання тэрыторыі 1-шы асобны дывізіён бранякатараў павінен быў высадзіць разведвальны дэсант у 290 чалавек у паўднёва-заходняй частцы горада. У 22:15, прыняўшы на борт дэсантную групу з 30 маракоў і 10 сапёраў, якія высаджваліся ў вёсцы Белка, бранякатары выйшлі ў раён высадкі і ў за паўгадзіны да поўначы, пераадолеўшы нязначнае супраціўленне ворага, высадзілі дэсантнікаў. Захапіўшы прылягаючы да ракі раён, дэсант пачаў рухацца да цэнтра горада.
30 чэрвеня, у 00:40, надыходзячыя часці стралковай дывізіі і дэсант маракоў пры артылерыйскай падтрымцы караблёў і плывучай батарэі, выбілі праціўніка з Петрыкава і авалодалі населеным пунктам. Праціўнік адыходзіў на Капцэвічы і Дарашэвічы.
Малодшы лейтэнант Мікалай Чалы, майстар моцнага флоцкага ўдару, вёў дняпроўцаў-дэсантнікаў скрозь варожы агонь праз мінныя палі на нямецкія ўмацаванні. У крытычны момант бою, калі кулямётным агнём варожага ДЗАКа было забіта некалькі матросаў, Мікалай Чалы кінуўся на гітлераўцаў з гранатамі ў руках і загінуў смерцю героя.
З успамінаў мічмана Дняпроўскай ваеннай флатыліі, ганаровага грамадзяніна горада Петрыкава Васіля Чыльнікіна: “Я служыў на караблі “Плывучая артылерыйская батарэя-1220”, на ўзбраенні якой была 100-мілімітровая гармата з дальнасцю бою ў 22 кіламетры і два кулямёты ДШК. Перад высадкай дэсанта ў Петрыкаве разведка паведаміла: вакол царквы знаходзіцца вялікая колькасць варожай сілы, а на званіцы знаходзіцца назіральны пункт. Камандаваннем быў дадзены загад падысці да горада і ажыццявіць артылерыйскую падтрымку.
30 ліпеня, у 17 гадзін, мы падышлі да Петрыкава на адлегласць каля 2 кіламетраў. Немцы адкрылі па нас мінамётны агонь. Тры міны ляглі паблізу нашага карабля, чацвёрты і пяты снарады павінны былі нас накрыць. Камандзір карабля капітан-лейтэнант Расіхін зрабіў хуткі разлік, тэрмінова перадаў дадзеныя наводкі і з першага снарада назіральны пункт быў знішчаны. Мы пачалі манеўраваць і немцы стралялі па нас ужо ў сляпую.
У ноч на 1 ліпеня былі высаджаны асноўныя сілы дэсанту маракоў. Дэсант правёў бакеншчык Сцяпан Сухамера, які ведаў бяспечныя водныя і ўзбярэжныя маршруты, бо ўся набярэжная была замініраваная, паабапал берагавой лініі размяшчаліся акопы, драцяныя агароджы.
Бранякатары замаскіравалі бярозкамі і тэхніка стала падобная на плывучыя астравы. Матросы павольна прасоўвалі баявыя караблі, Сцяпан Сухамера плыў наперадзе, паказваючы бяспечны шлях. Так яны падплылі ад Навасёлак, а потым – да Петрыкава. Сухамера правёў маракоў праз мінныя палі на беразе Прыпяці. Петрыкаў быў вызвалены, пры непасрэдным удзеле Сцяпана Дзмітрыевіча.
Знянацку, без стрэлаў савецкія маракі ўварваліся ў траншэі – немцы ўцякалі ў горад. У Петрыкаве бой быў кароткім, вораг адступіў на захад. 1 ліпеня, ужо пасля вызвалення, на мінах за адзін дзень падарвалася два дзясяткі гараджан”.
У памяць аб героях вайны ў нашым горадзе збудаваны мемарыяльны комплекс, устаноўлены помнікі на брацкіх пахаваннях.
Мы ўжо нічога не зменім у мінулым, але наш абавязак – памятаць: з апавяданняў блізкіх, з кніг, з урокаў гісторыі ў школе, з фільмаў пра вайну. Мы павінны памятаць, каб больш ніколі не прыйшлося праводзіць блізкіх на вайну, каб дамы будаваліся, а не разбураліся снарадамі, каб людзі нараджаліся, а не гінулі. Каб жыццё працягвалася.

Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о