Тэрмін абарачэння імянных прыватызацыйных чэкаў “Маёмасць” падоўжаны па 31 снежня 2030 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2025 №298.
Пра нюансы чэкавай прыватызацыі распавяла намеснік начальніка аддзела эканомікі Наталля Петрушэнка.
– Чэкі, якія належаць грамадзянам, можна абмяняць на дзяржаўныя акцыі акцыянерных таварыстваў (для абмену прапануюцца акцыі 158 ААТ) у падраздзяленнях ААТ “ААБ Беларусбанк”. Там жа можна азнаёміцца з інфармацыяй пра гэтыя таварыствы, – пазначыла ў час размовы Наталля Іванаўна.
Па інфармацыі спецыяліста, грамадзяне Беларусі маюць права выкарыстоўваць чэкі, выдадзеныя ім асабіста, а таксама атрыманыя па дагаворах дарэння і (або) па спадчыне ад блізкіх сваякоў (бацькоў, дзяцей, мужа і жонкі, родных братоў і сясцёр, унукаў, бабуль, дзядуляў, свякрухі, свёкра, цесця і цешчы), пры ўмове, што дар сваякам, але ў суме не больш за 250 ІПЧ “Маёмасць” на працягу ўсяго перыяду бязвыплатнай прыватызацыі.
– Набываючы акцыі, грамадзянін становіцца акцыянерам адпаведнага акцыянернага таварыства і надзяляецца правам на ўдзел у кіраванні таварыствам, атрыманне інфармацыі аб яго дзейнасці, а таксама правам на продаж, дарэнне і перадачу належачых яму акцый па спадчыне, – засяродзіла ўвагу суразмоўца.
Важна ведаць, што акцыянернае таварыства па рашэнні агульнага сходу акцыянераў можа выплачваць акцыянерам дывідэнды, памер якіх залежыць ад эфектыўнасці работы прадпрыемства. Пры гэтым кожны ўладальнік акцый атрымлівае дывідэнды суразмерна колькасці акцый, якія яму прыналежаць.
– Пры абмене чэкаў “Маёмасць” на акцыі акцыянернага таварыства з грамадзянінам заключаецца дагавор, у адпаведнасці з якім Прадавец (дзяржава), з аднаго боку, абавязуецца перадаць Пакупніку (грамадзяніну) акцыі, а Пакупнік з другога – аплаціць гэтыя акцыі чэкамі “Маёмасць”.
Пасля залічэння акцый, набытых па такой дамове, на рахунак “дэпо” Пакупніка дамова лічыцца выкананай і бакі ніякіх абавязацельстваў адзін перад адным не нясуць.
Чэкі “Маёмасць”, якія паступілі на рахунак прадаўца ў аплату за акцыі, лічацца выкарыстанымі і вяртанню не падлягаюць, – рэзюмавала намеснік начальніка аддзела эканомікі Наталля Петрушэнка.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий