Петрыкаўшчына яскрава і запамінальна адзначыла Дзень народнага адзінства. З нагоды падзеі ва ўсіх населеных пунктах раёна прайшлі патрыятычныя, інфармацыйныя і спартыўныя мерапрыемствы, у якіх была закладзена галоўная ідэя дзяржаўнага свята – яднання і нашай агульнай адказнасці за будучыню Беларусі.
Чараду ўрачыстасцяў у райцэнтры адкрыў мітынг у гарадскім парку каля помніка нашага знакамітага земляка Васіля Ісакавіча Талаша. І такі выбар месца правядзення сустрэчы невыпадковы. Петрыкаўшчына непарыўна звязана з імем нацыянальнага героя, удзельніка вайны за ўз’яднанне беларускай зямлі ў 2019 годзе і вызвалення роднай зямлі ад нямецкіх акупантаў у час Вялікай Айчыннай вайны.
 Удзел у мерапрыемстве прынялі кіраўніцтва раёна, лідары грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікі працоўных калектываў.
 З Днём народнага адзінства землякоў павіншаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў. Кіраўнік раёна адзначыў, што маладое дзяржаўнае свята мае пад сабой гісторыю вызначэння нашага народу жыць у адзінстве, бараніць суверэнітэт Беларусі.
 – На працягу стагоддзяў нашы продкі плячом да пляча адстойвалі незалежнасць роднай зямлі, разам будавалі будучыню, пераадольвалі цяжкасці і падзялялі радасці, – адзначыў Аляксандр Аляксандравіч. – Сёння, калі свет сутыкаецца з новымі выклікамі, адзінства беларускага народа набывае асаблівае значэнне. Няхай жа гэты дзень стане яшчэ адным крокам на шляху далейшага развіцця нашай краіны. Удзельнікі мітынгу ў маўклівай жалобе схілілі голавы ў час хвіліны маўчання.
У рамках мерапрыемстваў да Дня народнага адзінства ў раённым цэнтры прайшоў велапрабег “У адзінстве сіла”. Прыняць удзел у акцыі заявілася больш за трохсот землякоў, сярод якіх вучні школ, працуючая моладзь, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, жыхары раёна. Святочная калона веласіпедыстаў стартавала з гарадской плошчы, праехала па вуліцах горада і фінішавала каля стадыёна “Прыпяць”. Удзельнікаў па ўсім маршруце радасна віталі жыхары, кіроўцы аўтамабіляў, мінакі, выказваючы салідарнасць у патрыятычных пачуццях.
У той святочны дзень на Петрыкаўшчыне прайшоў маладзёжны квэст “Петрыкаўскі Пазл: Збяры Адзінства”. Арганізатары мерапрыемства ставілі перад сабой мэту сфарміраваць у маладых людзей пачуццё адзінства, каманднага духу ў дасягненні пастаўленнай задачы, прывіць цікавасць да гісторыка-культурнай спадчыны раёна. У межах квэсту ў горадзе працавалі дзевяць інтэрактыўных пляцовак на базе ўстаноў і арганізацый: “Легенды спорту” – ФАК “Прыпяць”, “Плён зямлі, рук стварэнне” – дом рамёстваў, “Горад БЯСпекі” – РАНС, “Будзьце здаровы” – ЦРБ, “Спадчына” – краязнаўчы музей, “Угадай мелодыю” – музычная школа, “Адзінае сэлфі” – каля помніка деду Талашу ў гарадскім парку, “ВелаБайкі” – ДТСААФ, “Эрудыты” – гарадская гімназія.  Для ўдзелу ў квэсце заявіліся каманды Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, раённага савета старшакласнікаў, ТЦСАН, гарадской гімназіі, ЦРБ, БРСМ, РАНС, Жыткавічыгаз, раённага аддзялення партыі “Белая Русь”. Каманды пешшу або на веласіпедах наведваліся на станцыі, дзе пасля праходжання пэўных заданняў атрымоўвалі пазл, з якіх у фінале склалася агульная карціна – выява Петрыкаўшчыны. Задумка правядзення квэсту апраўдала сябе спаўна. Моладзь, члены працоўных калектываў, у ліку якіх былі маладыя спецыялісты, акрамя пазнавальнай інфармацыі атрымалі масу станоўчых уражанняў ад славутасцяў Петрыкава. У выніку перамогу святкавала каманда БРСМ, другімі стала каманда савета старшакласнікаў, трэцяе месца ўкаманды гарадской гімназіі. Акрамя гэтага старшыня Петрыкаўскай РАС ДТСААФ Аляксандр Рудзько ўручыў спецыяльны прыз самай хуткай удзельніцы квэсту Дар’е Паўтаран. Віншаванні, сертыфікаты каманды атрымалі на сцэне летняга амфітэатра ў час святочнай праграмы “Беларусь адзіная”.
 Таксама ў час урачыстасці на сцэну запрашаліся лідары і актывісты грамадскіх арганізацый. Так, ад РГА “Беларускі саюз жанчын” за актыўны ўдзел у жыцці арганізацыі сертыфікат атрымалі Вольга Максімава і Вольга Усціновіч-Насека, ад раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” – Марына Іскрыцкая і Ірына Бамбіза.
Завяршыўся святочны дзень яскравай канцэртнай праграмай, дзе ў адзіны карагод талентаў зліліся харэаграфічныя, вакальныя нумары артыстаў Петрыкаўшчыны рознага ўзросту. Прысутныя віншавалі адзін аднаго са святам, гаварылі пра тое, што яднае беларусаў, аб любові да роднай зямлі.
Святлана СОБАЛЕВА,
 фота Марыі ТАМКО.
 






Оставить комментарий