27 верасня адзначаецца Сусветны дзень турызму. Фактычна ж гэта свята кожнага, хто хоць раз адчуў сябе падарожнікам, выбраўшыся са штодзённай мітусні на тыдзень-другі на бераг рэчкі, у лес або ў іншыя прыгожыя і цікавыя месцы, якімі багатая наша зямля. Мы сустрэліся з ветэранам працы, заўзятым турыстам і сапраўдным аматарам паходаў Уладзімірам Вабішчэвічам, каб даведацца, што для яго значыць, як кажуць “турыстычная рамантыка”.
Уладзімір Вабішчэвіч – чалавек, для якога слова «турызм» – не проста хобі, а лад жыцця. Ветэран педагагічнай працы з 40-гадовым стажам, былы настаўнік фізікі і інфарматыкі, а сёння інжынер-праграміст Капаткевіцкай сярэдняй школы па духу – турыст з вялікай літары.
Пачатак шляху
Уладзімір Мікалаевіч родам з Брэсцкай вобласці. У 1979 годзе пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна разам з жонкай Галінай пераехаў у Капаткевічы і пачаў працоўную дзейнасць настаўнікам фізікі ў мясцовай сярэдняй школе.
– Спачатку я актыўна захапляўся футболам, у нас была выдатная зборная каманда. Мы аб’ездзілі ўвесь Савецкі Саюз, нават удзельнічалі ў спаборніцтвах у Валгаградзе, – успамінае суразмоўца. – Але сапраўднай любоўю стаў турызм. Яшчэ да пачатку педагагічнай кар’еры, з сябрамі хадзілі ў паходы.
Школьны турызм
– Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе, я быў у паходзе пад Зябраўкай. Ішлі па адкрытым паветры, не падазраваючы аб тым, што здарылася. Памятаю, як невыносна паліла сонца, – дзеліцца ўспамінамі Уладзімір Мікалаевіч. – Але менавіта тады, мусіць, і зарадзілася ўсведамленне: чалавек павінен жыць у гармоніі з прыродай, берагчы яе.
Неўзабаве ў школе пачаў актыўна развівацца школьны турызм. Побач рака Пціч – ідэальнае месца для сплаваў. Уладзімір Мікалаевіч прайшоў курсы інструктараў школьнага турызму, атрымаў пасведчанне і з тых часоў узначаліў гурток па спартыўным турызме. Быў закуплены інвентар, арганізаваны маршруты, і пачалася сапраўдная гісторыя падарожжаў і турыстычных паходаў.
– Кожныя канікулы – новы маршрут. Мы хадзілі ў Карпаты, Крым, Каўказ, былі ў Каўнасе, спускаліся ў пячоры Карэліі. Дабіраліся на цягніку, а далей – пешшу. Дзеці вучыліся арыентавацца на мясцовасці, ставіць палаткі, гатаваць на вогнішчы, пераадольваць доўгія дыстанцыі і перавалы. Гэта былі незабыўныя эмоцыі! Крым я ведаю на памяць, – з гонарам працягвае Уладзімір Мікалаевіч. – Усе сцежкі, горы – як свае пяць пальцаў. Улетку мы ніколі не сядзелі дома. Асаблівым захапленнем сталі водныя маршруты. Бывала, збяру сяброў і сплаўляемся па Вілейцы прама ў Вільнюс. Шлях займаў дзён пяць, а назад на цягніку – усяго тры гадзіны, і мы дома.
Любоў да турызму – сямейная каштоўнасць
Сваё захапленне Уладзімір Мікалаевіч перадаў сваім дзецям і ўнукам. У паходы ён браў сына Мікалая і дачку Вольгу.
– Сплаўляліся па рацэ Пціч, з Колем некалькі разоў хадзілі разам у Карэлію, – узгадвае ён. – Ну а цяпер настала чарга ўнукаў. Старэйшы, Уладзіслаў, заканчвае БДУ, а малодшы, Дзяніс, толькі паступіў на першы курс гэтага універсітэта. Калі яшчэ ўнукі былі маленькімі, мы часта сплаўляліся па Пцічы. Цяпер ужо яны сталічныя хлопцы, занятыя вучобай, але Уладзіслаў турызмам цікавіцца.
Пераемнасць пакаленняў – асаблівая тэма
І тут гісторыя атрымлівае працяг. Захапленне турызмам былога вучня, Анатоля Солахава, вырасла ў бізнес: у Мінску ён арганізаваў пракат байдарак і нядаўна вярнуўся са складанага паходу з Чачэнскай Рэспублікі.
– Мне прыемна, што я прывіў яму любоў і цікавасць да турызму. Цяпер ён з маім старэйшым унукам арганізоўвае сумесныя паходы, – дзеліцца ў час гутаркі Уладзімір Мікалаевіч.
Турызм – гэта назаўжды
Нягледзячы на шаноўны ўзрост і выслугу гадоў, як дазваляе быць на заслужаным адпачынку, Уладзімір Мікалаевіч працягвае працаваць у школе інжынерам-праграмістам. І канечне, як заўзяты турыст – падарожнічае.
–Турызмам захапляюся да гэтага часу. У мінулым годзе быў у Карэліі, сёлета – разоў 5 сплаўляўся па рацэ Пціч.
Сёння аб’яднанне па інтарэсах “спартыўны турызм” у школе вядзе яго сябар і спадарожнік у паходах Анатолій Адаміч. Прыемна адзначыць, што навучэнцы Капаткевіцкай школы рэгулярна займаюць прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па дадзенаму напрамку.
Нашу гутарку Уладзімір Мікалаевіч завяршае простай, але мудрай парадай.
Раю ўсім падарожнічаць. Прырода лечыць, натхняе. Атрымлівайце асалоду ад свежага паветра і вандровак, глядзіце на навакольны свет з усмешкай.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.
Оставить комментарий