Днямі юныя турысты з Мазыршчыны завіталі ў Петрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей і Музей-сядзібу Дзеда Талаша ў рамках пешага маршруту па Мазырскім і Петрыкаўскім раёнах.

Турыстычным крокам да родных мясцін Дзеда Талаша

Мы сустрэліся з дзецьмі ў парку райцэнтра ў той момант, калі яны ставілі свае важкія турыстычныя заплечнікі каля музею. Як адзначыла кіраўнік паходу, настаўнік Бельскай базавай школы, педагог дадатковай адукацыі Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Наталля Кунцэвіч, падобныя пешыя маршруты яе выхаванцы праходзяць не першы раз, але менавіта гэтая група накіравалася на Петрыкаўшчыну ўпершыню.

“У паходзе, апрача двух кіраўнікоў, удзельнічаюць 8 дзетак, гэта вучні з 4-га па 9-ты клас. Маршрут разлічаны на чатыры дні. Стартавалі мы з аграгарадка Белая. Прыпыніўшыся на начлег у палатачным лагеры, які мы арганізавалі на Петрыкаўскім пляжы, раніцай другога дня завіталі ў краязнаўчы музей і потым накіруемся да сядзібы Дзеда Талаша ў Навасёлкі.

У трэці дзень маршрута мы плануем зрабіць прывал і азнаёміцца з адметнымі месцамі вёскі Скрыгалаў і вярнуцца дадому ў апошні дзень пераходу. Такім чынам, агульная працягласць дыстанцыі нашага маршруту складае каля 75 кіламетраў”, – адзначыла Наталля Аляксандраўна.

Турысты адзначылі, што такі від адпачынку не толькі гартуе характар і развівае спартыўныя здольнасці, але і ўзбагачае ведамі пра родны край, дазваляе на ўласныя вочы пабачыць мясціны, дзе адбываліся важныя гістарычныя падзеі і жылі славутыя людзі палескага краю.

Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о