ЦЭ здадзены і ён ужо гісторыя

0
921

Новаўвядзенні выніковай атэстацыі ўжо адчулі на сабе навучэнцы 11-х класаў – сёлетнія выпускнікі напісалі два цэнтралізаваныя экзамены. Першы прайшоў 14 мая, другі – 21. Як ацэньваюць новы варыянт выніковай атэстацыі навучэнцы і настаўнікі, калі стануць вядомыя вынікі ЦЭ, і які дакумент атрымае ўдзельнік з нулявым вынікам? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні – у нашым матэрыяле.

ЦЭ здадзены і ён ужо гісторыяПа інфармацыі начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Людмілы Жукавец, для здачы першага цэнтралізаванага экзамена па мове зарэгістраваліся 176 вучняў з ліку выпускнікоў раёна, з іх на рускую мову – 98, на беларускую – 78. На другі ЦЭ, экзамен па выбары, заявілася 177 чалавек, з іх 2 – экстэрны. Выбралі рабяты сем прадметаў: матэматыку – 80 чалавек, фізіку – 3, хімію – 7, біялогію – 43, англійскую мову – 8, нямецкую – 5, гісторыю Беларусі – 15 і грамадазнаўства ў гэты дзень здавала 16 выпускнікоў. Як вядома, пунктам здачы цэнтралізаванага экзамена стала гімназія. У падвозе навучэнцаў да месца здачы ЦЭ было задзейнічана 9 аўтобусаў, прычым падвоз быў арганізаваны не толькі выпускнікоў школ раёна, але і гараджан.

– Для правядзення цэнтралізаванага экзамена было задзейнічана 13 аўдыторый, якія цалкам адпавядалі ўсім патрабаванням, што прад’яўляліся. Для навучэнцаў былі створаны максімальна камфортныя ўмовы для здачы выпрабаванняў, каб яны адчувалі сябе ўпэўнена і спакойна: у аўдыторыях і калідорах была пітная вада, арганізавана дзяжурства фельчара і брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, працаваў пункт грамадскага харчавання. Забяспечвалі правядзенне цэнтралізаванага экзамену 60 работнікаў, у тым ліку 39 педагогаў, якія раней прайшлі спецыяльнае навучанне і знаходзіліся непасрэдна ў аўдыторыях, – пазначыла ў час размовы Людміла Мікалаеўна.

– Калі будуць вядомыя вынікі і як сёлета прадугледжана атрыманне сертыфікатаў?
– З вынікамі ЦЭ адзінаццацікласнікі могуць самастойна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, дзе спатрэбіцца запоўніць пашпартныя даныя і нумар бланка адказаў. Таксама гэтыя вынікі разам з сертыфікатамі будуць перададзены ў школы для выстаўлення выніковай адзнакі па прадмеце ў атэстат.
Не пазней за 10 працоўных дзён з моманту напісання (папярэдне 26 мая, можа і раней) стануць вядомыя вынікі першага ЦЭ. Вынікі другога – у першыя дні чэрвеня.

– Што чакае выпускніка, які здаў выпрабаванне на нуль балаў?
– Ён атрымае дакумент, што праслухаў два гады школьны курс і не засвоіў яго. Аднак спадзяемся, што такіх вынікаў на Петрыкаўшчыне не будзе.
Удзельнік ЦЭ, які не з’явіўся на выпрабаванне або вызвалены ад яго непасрэдна ў час экзамену па ўважлівых прычынах (захворванне або іншыя абставіны, што не залежаць ад навучэнца і пацверджаны дакументальна), зможа здаць ЦЭ ў рэзервовыя дні або іншыя тэрміны. Першы этап рэзервовых дзён адбудзецца 23 і 25 мая, другі этап запланаваны на 13 і 15 ліпеня, трэці – на 21 і 23 жніўня. Выпускнікі, якія здаюць ЦЭ ў жніўні, удзельнічаць у прыёмнай кампаніі ў ВНУ не змогуць, пайсці вучыцца можна будзе толькі ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

– Як будзе арганізавана выдача атэстатаў і правядзенне выпускных вечароў у гэтым годзе?
– Галоўная школьная ўрачыстасць сёлета не будзе адрознівацца ад папярэдніх гадоў. Выпускныя вечары пройдуць ва ўстановах адукацыі 10 чэрвеня, у час якіх моладзь атрымае атэстат сталасці і сертыфікаты ЦЭ.


Слова выпускнікам

ЦЭ здадзены і ён ужо гісторыяВераніка УДОЎЧАНКА, вучаніца ДУА “Сярэдняя школа № 2 горада Петрыкава”:

– Хвалявання не было абсалютна. Ход і сутнасць іспыту былі зразумелыя – я ўдзельнічала ў рэпетыцыйным экзамене. З нецярпеннем чакаю вынікі іспытаў. Спадзяюся, што застануся задаволеная імі, не падвяду сваіх настаўнікаў, а набраных балаў мне хопіць, каб паступіць у абраную навучальную ўстанову. Наперадзе яшчэ адзін экзамен, часу на падрыхтоўку да яго хапае.

 

ЦЭ здадзены і ён ужо гісторыяМаксім АКСЁНАЎ, вучань ДУА “Капаткевіцкая сярэдняя школа”:

– Хачу падзякаваць сваёй настаўніцы матыматыкі Людміле Уладзіміраўне Дашкевіч. Дзякуючы тым ведам, што атрымаў ад педагога, заданні падаліся пасільнымі. Канешне, былі моманты, дзе давялося падумаць, аднак на тое ён і экзамен.

На ўроках мы адпрацавалі ўсе тэмы, да таго ж я шмат займаўся на дадатковых занятках з настаўнікам і самастойна дома, таму разлічваю на высокі вынік.

 

ЦЭ здадзены і ён ужо гісторыяДзмітрый ШАМРА, вучань ДУА “Сярэдняя школа № 1 горада Петрыкава”:

– І на рускай мове, і на грамадазнаўстве адчуваў сябе спакойна. Хваляванне – не лепшы дарадца, таму адразу засяродзіўся на выкананні заданняў. Яны не падаліся мне занадта складанымі: апошнія два гады я актыўна наведваў факультатывы і дадатковыя заняткі па падрыхтоўцы да ЦЭ, таму набытых ведаў хапіла для таго, каб справіцца з заданнямі. Яны, між іншым, былі выключна па школьнай праграме.

 

 

ЦЭ здадзены і ён ужо гісторыяАляксандр ДАМАСЕВІЧ, вучань ДУА “Сярэдняя школа № 1 горада Петрыкава”:

– У час цэнтралізаванага экзамену ўпэўнена сябе адчуваў. Матэматыка – адзін з любімых маіх школьных прадметаў. Ім займаўся я заўсёды многа і сур’ёзна: у сярэднім звяне нават удзельнічаў і, здаралася, перамагаў на алімпіядах. Часу хапіла і на тое, каб выканаць заданні, і на самаправерку.

 

 

 

 

 

Галіна КАЗАК.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о