Сёння сваё 105-годдзе з дня ўтварэння адзначае аператыўна-дзяжурная служба органаў унутраных спраў краіны.

З прыемнай нагоды карэспандэнт раённай газеты завітала ў падраздзяленне АДС Петрыкаўскага РАУС, каб даведацца пра тонкасці працы ў супрацоўнікаў аператыўна-дзяжурнай службы.
У аператыўна-дзяжурнай службе Петрыўкаўскага РАУС жыццё кіпіціць: выклікі і выезды, трывогі і затрыманні, бясконцыя званкі і выкананне пастаўленых задач. Менавіта сюды, у “дзяжурку”, паступаюць усе паведамленні ад насельніцтва, адсюль накіроўваюцца міліцэйскія нарады.
– Службу мы нясем у кругласутачным рэжыме. Наша задача – не проста прыбыць на паведамленне, а аказаць грамадзяніну тую дапамогу, якая яму патрэбна, – адзначыў старшы аператыўны дзяжурны, маёр міліцыі Аляксандр Корбут.
Тэлефонныя званкі ў дзяжурнай раздаюцца з усіх бакоў. Нягледзячы на гэта, у інспектароў-дзяжурных атрымліваецца выразна і хутка накіраваць на месца здарэння групу, вызначыць маршрут руху патруля, перанакіраваць паведамленне па тэрытарыяльнасці і разабрацца ў любой сітуацыі, захоўваючы вытрымку і самавалоданне.
– Штодня ў АДС Петрыкаўскага РАУС паступае каля 15 заяў і паведамленняў. Іх колькасць залежыць ад сезоннасці, дня тыдня, часу сутак і нават надвор’я. Больш за ўсё зваротаў у ранішнія і вячэрнія гадзіны, у пятніцу, выхадныя і святочныя дні. Аднак менавіта ў выхадныя дні ўвечары, а таксама ў пятніцу, паступае нямала паведамленняў пра сямейна-бытавыя канфлікты, – распавядае Аляксандр Процка, маёр міліцыі, старшы інспектар-дзяжурны.
– Званкі паступаюць розныя: занепакоеныя грамадзяне паведамляюць пра суседскага сабаку без намордніка, муж скардзіцца, што жонка не пускае ў жыллё, кіроўца патрабуе разабрацца ў ДТЗ, ашуканцы просяць перавесці грошы і многае іншае, – у размову ўключаецца Яўгеній Маразевіч, старшы інспектар-дзяжурны маёр міліцыі.
– Можна сказаць, што АДС, нараўне са службай участковых інспектараў міліцыі, знаходзіцца бліжэй за ўсіх да грамадзян. Больш за стагоддзе з тэлефоннага нумара 102 пачынаюцца ўсе кантакты грамадзян з органамі правапарадку. Патэлефануе чалавек са сваёй праблемай – яго паведамленне прымае аператыўны дзяжурны, прыйдзе асабіста ў РАУС – яго сустракае супрацоўнік АДС. Тут абавязкова выслухаюць, адкажуць на пытанне, а галоўнае – хутка акажуць дапамогу, – працягвае гутарку Аляксандр Корбут.
Па словах праваахоўніка, нярэдка даводзіцца сутыкацца і з эмацыйна ўзбуджанымі або нецвярозымі людзьмі, ад якіх складана атрымаць неабходную інфармацыю. Да кожнага такога заяўніка трэба знайсці падыход.
– Усяго ў нашым аддзеле працуе 11 супрацоўнікаў: старшыя інспектары-дзяжурныя Яўгеній Маразевіч, Іван Браім, Аляксандр Процка; памочнікі дзяжурнага Вадзім Марозька, Іван Курловіч, Аляксандр Назаранка; міліцыянеры-вадзіцелі Кірыл Рудзінскі, Сяргей Фіндзюкевіч, Аляксандр Будовіч, Канстанцін Рыбалка. Ад нашай працы залежыць спакой грамадзян і забеспячэнне іх бяспекі. Часам бываюць выклікі, не звязаныя з дзейнасцю міліцыі, але мы ўсё роўна абавязаны выехаць і разабрацца ў сітуацыі, калі трэба – прыцягнуць іншыя службы, – тлумачыць старшы аператыўны-дзяжурны службы.
– Віншую калег і ветэранаў службы з прафесійным святам, жадаю ўсім супрацоўнікам і іх сем’ям перш за ўсё моцнага здароўя, сямейнага цяпла і поспехаў на службе на карысць Радзімы.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о