Тхэквандо: спорт, які выхоўвае характар

0
44

4 верасня адзначаецца Міжнародны дзень тхэквандо. Гэтае свята прысвечана алімпійскаму віду спорту, у якім ёсць элементы самаабароны, спартыўных спаборніцтваў і філасофскіх прынцыпаў. З гэтай нагоды мы сустрэліся з Міхаілам Сыцько, трэнерам вышэйшай катэгорыі з 35-гадовым стажам, які распавёў пра тое, як развіваецца гэты від спорту ў Петрыкаўскім раёне.

Міхаіл Сыцько – без пера-большання, трэнер з вялікай літары. Яго выхаванцы становяцца прызёрамі, кандыдатамі ў майстры спорту, чэмпіёнамі Беларусі. Ён не проста настаўнік па таэквандо, ён – чалавек, які сваімі рукамі, сэрцам і невычэрпнай энергіяй выхаваў не адно пакаленне моцных, дысцыплінаваных і мэтанакіраваных спартсменаў. Больш за трыццаць пяць гадоў Міхаіл Арсенцьевіч перадае моладзі не толькі тэхніку ўдараў, але і галоўныя жыццёвыя прынцыпы: павагу, стойкасць і веру ў сябе.

Ад каратэ – да тхэквандо: пачатак шляху
–Захапляўся спортам з дзяцінства. Пазней паступіў у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава, дзе атрымаў спецыяльнасць “настаўнік фізічнай культуры”, паралельна займаўся каратэ. Пасля размеркавання працаваў у другой гарадской школе,– пачынае свой аповед Міхаіл Арсенцьевіч. Пазней перайшоў у спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат, дзе набраў групу для заняткаў тхэквандо. Менавіта са спартыўнай залы школы-інтэрнат і пачаўся шлях будучых чэмпіёнаў, кандыдатаў і майстроў міжнароднага класа, – працягвае спартсмен.
Ужо ў снежні, праз год, яго выхаванка Наталля Перапеча стала чэмпіёнкай Беларусі сярод дзяўчат у вагавай катэгорыі да 47 кілаграмаў. А яго хлопцы Максім Трацэўскі, Георгій Верашчакоў, Вячаслаў Гарошка – першыя кандыдаты ў майстры спорту. Гэта быў фенаменальны вынік, які быў узяты за аснову высокай кваліфікацыі трэнера. Хутка быў адкрыты філіял па тхэквандо. За гэта Міхаіл Арсенцьевіч вельмі ўдзячны адміністрацыі школы і спорткамітэту.
У той час аказаў вялікае садзейнічанне ў развіцці гэтага віду спорту Аляксей Каюкала, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў спорту і фізічнай культуры. Ён верыў у нашу справу, дапамагаў з арганізацыяй спаборніцтваў, выступаў за падтрымку дзіцячага спорту, – успамінае герой.

На трэніроўцы: дысцыпліна і самааддача
У час падрыхтоўкі матэрыяла мы пабывалі на адной з трэніровак, дзе займаліся навучэнцы старэйшай групы. У зале – больш за 10 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў. Усе ў белых кімано, з паясамі розных ступеняў. Гучыць каманда – і зала напаўняецца рытмічнымі ўдарамі, скачкамі, адпрацоўкай камбінацый.
– Кожная трэніроўка пачынаецца з прабежкі ў гарадскім парку і размінкі. Далей у нас тэхніка – серыя пярэдніх удараў з паваротам, блокі, праца з партнёрам. Потым – спарынг, – тлумачыць Міхаіл Арсенцьевіч. Цягавітасць, дакладнасць, стомленасць, гонар – усё гэта тут, у гэтай зале, становіцца часткай вялікага шляху.

Выпускнікі, якія дасягнулі вышынь у тхэквандо
Гонар трэнера – яго вучні. Сярод іх – чэмпіёны і прызёры рэспубліканскіх, міжнародных спаборніцтваў, а таксама вядомыя трэнеры Беларусі.
Прыемна адзначыць, што выхаванцы Міхаила Арсенцьевіча, сталі майстрамі спорту, выступалі на Чэмпіянаце свету, станавіліся чэмпіёнамі краіны.
– Для мяне не менш важна, што многія з іх засталіся ў спорце – сталі трэнерамі, інструктарамі, настаўнікамі. Многія з іх працуюць у сілавых структурах, – адзначае суразмоўца.
Адзін з іх – Іван Боскін, майстар спорту міжнароднага класа, які заняў чацвёртае месца на Чэмпіянаце свету. Зараз Іван працуе ў горадзе Мінску трэнерам ”Дынама” па тхэквандо. Браты Андрэй і Вадзім Крупа ”ззялі” ў 1999 годзе, стаўшы чемпіёнамі Рэспублікі Беларусь і выканаўшы званне кандыдата ў майстры спорту. Наступная яго ”зорка” – Артур Яскавец – чэмпіён Рэспублікі Беларусь. Сяргей Урбанчык, Іван Кніга, Віктар Дубіна і Максім Жукоўскі станавіліся прызёрамі і чэмпіёнамі краіны на шматлікіх турнірах і этапах кубка і чэмпіянату рэспублікі. У 2004 годзе Марына Пінчук выканала нарматыў КМС. Аліна Мацвіенка ў 2007 годзе стала чэмпіёнкай краіны на адкрытым чэмпіянаце ў Брэсце. Наступная плеяда спарсменаў высокага класу была ”выхавана” трэнерам у 2011 годзе. Гэта ўжо было новае пакаленне тхэквандыстаў: Дзмітрый 3янкевіч, Уладзіслаў Багамазаў, Павел Чарняўскі і Вадзім Ярмоліч пацвердзілі званне кандыдата ў майстры спорту. Канстанцін Адаменка і Аліна Пінчук – таксама зʼяўляюцца неаднаразовымі прызёрамі і чэмпіёнамі краіны, абодва КМС. А Моніка Міцкевіч скончыла установу алімпійскага рэзерву ў сталіцы – майстар спорту Рэспублікі Беларусь, прызёр міжнародных спаборніцтваў, знаходзілася ў спісе кандыдатаў на удзел у летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа ў складзе нацыянальнай зборнай. І, як гаворыць сам Міхаіл Сыцько, удзел у Алімпійскіх гульнях – гэта ўжо вялікі поспех! Сярод цяперашніх таленавітых выхаванцаў Андрэй Корбут – сёлета Андрэй паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову і працягвае трэніравацца, а малодшая сястра Таісія – таксама пачынае свой спартыўны шлях.

– Любы спорт – гэта сама-дысцыпліна і мэтанакіраванасць. І тут не важна, якім відам спорту займаешся і якую прафесію ў будучыні абярэш. Займацца тхэквандо можна ў любым узросце, тут не патрабуецца валоданне фізічнай сілай, асаблівай вагой ці іншымі анатамічнымі асаблівасцямі. У гэтым відзе спорту настолькі шмат прыёмаў і метадаў, што кожны ўдзельнік трэніроўкі здольны атрымаць сваю карысць: умацаваць цела і дух, развіць цягавітасць, сілу, гнуткасць, спрыт, здольнасць хутка рэагаваць у любой непрадбачанай сітуацыі і аказаць самаабарону. У працэсе заняткаў развіваецца гнуткасць і пластычнасць цела, уменне кантраляваць кожную яго частку ў асобнасці, – дзеліцца суразмоўца. – Не важна, колькі вам гадоў – 5 або 15. Галоўнае – жаданне. Тхэквандо не патрабуе ад вас быць моцным з першага дня. Яно зробіць вас моцным. Памятайце: кожны вялікі чэмпіён калісьці стаяў на гэтым жа месцы – упершыню завязваў пояс, баяўся першага ўдару, не ведаў, ці хопіць сілы. Але ён зрабіў крок і дасягнуў выніку.
Паважаны Міхаіл Арсеньевіч, жадаем вам новых спартыўных вышынь, яркіх перамог выхаванцаў, удзячных вучняў. Няхай кожны ваш дзень прыносіць радасць ад дасягнутых вынікаў і гонар за тых, каго вы выгадавалі – чэмпіёнаў не толькі ў спорце, але і ў жыцці!

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о