Днямі мы наведаліся на палеткі ААТ “Чалюшча-вічы”, каб пагутарыць з земляробамі і даведацца, як праходзяць палявыя работы па восеньскім узворванні пасяўных плошчаў.

Як паведаміў дырэктар сельгас-прадпрыемства Сяргей Ракіцкі, план па ўзворванні складае 3257 гектараў, з якіх 1045 гектараў, ці 32 %, ужо ўзарана. На палетках працуюць 4 спецыялісты, 2 з якіх – механізатары гаспадаркі і яшчэ 2-ух запрасілі па дамове з ААТ “Петрыкаўскі аграсэрвіс”. Асноўныя работы пачаліся ў “Чалюшчавічах” 15 кастрычніка. У наступным сезоне на гэтых нівах распачнецца сяўба кукурузы.

Недалёка ад гарадскога пасёлка Капаткевічы шчыруе на энергаёмістым “Беларусе” МТЗ-3522 з плугам ППА-9-45К Уладзімір Ракіцін. Мужчына з усмешкай сустракае мяне на ўскрайку раллі. З гутаркі вынікае, што працуе хлебароб у сельгаспрадпрыемстве толькі 3-ці месяц. “А ў сельскай гаспадарцы я раблю ўсё сваё працоўнае жыццё – з 1992 года. Пэўна, інакш скласціся і не магло, бо, за выключэннем сястры, усе мае родныя таксама працавалі ў аграрнай галіне.

Сам я родам з вёскі Сярэдняя Рудня. Атрымаў у свой час спецыяльнасць трактарыста ў пасёлку Муляраўка, дзе было арганізаванае навучанне на базе прадпрыемства “Сельгастэхніка”. Пасля трапіў на першае працоўнае месца ў гаспадарку “Чырвоны будаўнік”, што знаходзілася ў вёсцы Слабада. З гэтага часу я змяніў некалькі месцаў працы, але нязменнай па сённяшні дзень застаецца прафесія механізатара. Сюды я ўладкаваўся з сельгаспрадпрыемства “Пціч-Агра”. Шчыра скажу, прывабіў большы заробак. Задаволены застаюся і адносінамі, што склаліся з кіраўніцтвам і калегамі”, – сціпла падзяліўся Уладзімір Дзмітрыевіч.

Жыве мужчына ў горадзе Петрыкаве, таму ў 7 гадзін ён ужо чакае службовага аўтобуса, а ў 7:30 прыступае да сваіх службовых абавязкаў. З пачаткам сельскагаспадарчага сезону ён не пакідаў палеткаў. Зараз на ўзворванні глебы ён апрацоўвае каля 25-ці гектараў на дзень.

“Працу я б складанай не назваў – галоўнае добрасумленнае стаўленне да абавязкаў”, – мяркуе мужчына. “Гэта значыць, што кожны, хто літаральна ўчора атрымаў пасведчанне трактарыста адпаведнай катэгорыі з вашымі задачамі справіўся б?”, –запытаўся я. Уладзімір Ракіцін на імгненне ўсміхнуўся ў разважанні і прамовіў: “Пэўна, не…”. “Значыцца, не такая ўжо і простая вашая праца!”, – заўважыў я.

“Ведаеце, складальнікаў насамрэч багата. Па-першае, трэба належна рыхтаваць тэхніку перад палявымі работамі і штодня. Па-другое, машыну і кожны агрэгат трэба адчуваць. Часам здаецца, што ўсё быццам бы належна працуе, ды і звонку ўсё як след, але адчуваеш, што неяк не так, як трэба. У такіх сітуацыях нельга наўпрост махнуць рукою – трэба высветліць прычыну, каб потым не “трапіць” на сур’ёзныя рамонтныя работы. Той жа плуг зараз трэба пільна адрэгуляваць, зыходзячы з патрабаванняў агранома. На нашых палетках, напрыклад, аптымальная глыбіня ўзворвання ў прамежку ад 18-ці да 25-ці сантыметраў” – падзяліўся навукай аграрыя напрыканцы нашай размовы Уладзімір Ракіцін.

Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о