Сярод лепшых выпускнікоў рэспублікі – вучні з Петрыкава

0
78

 

Сярод лепшых выпускнікоў рэспублікі – вучні з ПетрыкаваВыдатнікі вучобы, дыпламанты прадметных алімпіяд і творчых конкурсаў, пераможцы спартыўных спаборніцтваў, члены Маладзёжнага парламента і ваенна-патрыятычных клубаў прынялі ўдзел у рэспубліканскім свяце «Апошні званок», якое прайшло ў Брэсце, сярод іх – выпускнікі гарадскіх школ і гімназіі горада Петрыкава.

Праграма мерапрыемстваў для 100 выпускнікоў з Гомельскай вобласці была разнастайнай: у першы дзень паездкі была арганізавана экскурсія ў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”.

Дзяўчыны і хлопцы ўсклалі кветкі да мемарыяла, аддаўшы даніну памяці тым, хто ў 1941-м коштам свайго жыцця мужна спыніў ворага.

Далей у праграме святочнага мерапрыемства было арганізавана шэсце па цэнтральнай вуліцы абласнога цэнтру. Юнакоў сустракалі жыхары горада, творчыя калектывы, артысты і музыканты. У суправаджэнні роставых лялек вучні адправіліся у парк культуры і адпачынку, дзе і адбыўся “Апошні званок”.

Навучэнцы, якія дасягнулі выдатных вынікаў у вучобе, спорце, грамадскай рабоце, атрымалі памятныя падарункі. У мерапрыемстве, прысвечаным святу “Апошняга званка”, прыняў удзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец.

Андрэй Іванавіч у прывітальным слове падзякаваў выпускнікам за іх працу, накіраваную на дасягненне высокіх вынікаў у вучобе, настаўнікаў, якія прыклалі да гэтага неверагодныя намаганні, бацькоў, чыя падтрымка і дапамога з’яўляецца неад’емнай часткай на шляху да поспеху юнага пакалення.

“Дарагія выпускнікі, прыміце шчырыя віншаванні са святам, вы – гонар нашай краіны, пераадольваючы нялёгкі шлях да перамог, вы заслужана атрымалі сённяшнюю ўвагу. Будзьце такімі ж імклівымі да здзяйснення мары ўжо ў дарослым, студэнцкім жыцці”, – сказаў міністр адукацыі.

Сярод лепшых выпускнікоў рэспублікі – вучні з ПетрыкаваЗа высокія дасягненні ў вучобе выпускніца гімназіі горада Петрыкава Ганна Ганчар ад міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала памятны знак “Лепшы выпускнік-2024”, каштоўны падарунак і кветкі.

Ганна адзначыла, што ўдзел у алімпіядзе прынёс ёй не толькі перамогу, але і даў магчымасць пазнаёміцца з цікавымі людзьмі нашай краіны, пабываць на розных культурных мерапрыемствах вобласці і рэспублікі. Выпускніца, якая тройчы займала першае месца на рэспубліканскай алімпіядзе па грамадазнаўстве, падзякавала калектыву педагогаў роднай гімназіі за іх увагу і цярпенне, веды, якія настаўнікі шчодра перадаюць сваім вучням.

Для ўдзельнікаў мерапрыемства празвінеў “Апошні званок-2024”! Разам далі званок прадстаўнікі ўсіх школ Брэста і абласцей краіны – першаклашкі і выпускнікі. 11-класнікі разам прынялі ўдзел у танцавальным флэш-мобе, а ў вячэрні час іх чакала дыскатэка з удзелам зорак беларускай эстрады.

Яраслаў Іваноў, выпускнік сярэдняй школы № 2, прызёр рэспубліканскага конкурсу “Жывая класіка” расказаў, што паездка пакінула яркія ўспаміны.
Сярод лепшых выпускнікоў рэспублікі – вучні з Петрыкава“Сапраўды, мы пад уражаннем вярнуліся з Брэста. Усё было арганізавана на высокім узроўні, пачынаючы ад камфартабельнага аўтобуса, працягваючы маштабнымі мерапрыемствамі. Нас смачна кармілі, клапаціліся аб бяспецы. Таксама ў падарунак мы атрымалі памятныя футболкі і кепкі. Прыемна, што школьнікам было столькі ўвагі. Адчуць гонар за подзвіг нашага народа дазволіла экскурсія па мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. А шэсце калонай з вучнямі з іншых рэгіёнаў нашай вобласці толькі зблізіла нас. Мы адчулі сябе сапраўднымі зоркамі “Апошняга званка”, прайшоўшы па галоўнай вуліцы Брэста – Ленінскай. Нас сустракалі актывісты горада, а школьнікі прадэманстравалі свае разнастайныя таленты: спявалі і танчылі. Вядома, надвор’е ўвесь дзень было гарачым, так што нават дождж, які сустрэў нас на фінішы шэсця, не сапсаваў настрою. Вішанкай на торце стала святочная дыскатэка ад маладых артыстаў нашай краіны. Выказваючыся маладзёжным слэнгам, мы адрываліся па поўнай. Яшчэ раз дзякую арганізатарам за такое свята. Нашы намаганні акупіліся з лішкам”, – сказаў Яраслаў.

Наталля Петрушэнка,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о