У кожным населеным пункце Петрыкаўшчыны жывуць людзі, якія маюць свае захапленні і здольнасці. Ёсць такія і ў вёсцы Капцэвічы.
Калі падыходзіш да сядзібы Юрыя і Кацярыны Шамра, становіцца зразумелым, што тут жывуць працавітыя і адказныя гаспадары: за прыгожай агароджай віднеецца дабротная хата, па-майстэрску абкладзеная лазня, сучасная альтанка для адпачынку, цяплічкі. А калі адчыняецца брамка і ты трапляеш на тэрыторыю домаўладання, разумееш яшчэ і тое, што муж з жонкай валодаюць цудоўным эстэтычным густам і маюць цягу да прыгожага. Двор чаруе разнастайнасцю кветак, стыльна падстрыжанымі кустамі і дрэвамі, умела скамбінаванымі архітэктурнымі формамі. Увасобіць ў жыццё такую прыгажосць, стаўшы і ландшафтнымі дызайнерамі і выканаўцамі задуманага, сямейнай пары было канечне не лёгка.
– Думка, каб у нашай сям’і быў прыгожы дом, з’явілася адразу як мы з мужам набылі гэты ўчастак зямлі з недабудаваным домам. Перайшлі жыць сюды ў 2002 годзе і адразу ж прыступілі да добраўпарадкавання. Сказаць па праўдзе, першапачаткова тут было амаль балота. Але, як кажуць, “вочы баяцца, а рукі робяць”. Мара не павінна застацца нязбытнай, – дзеліцца Кацярына Адамаўна. – Пачалі з таго, што выкарчавалі ўсю здзічэлую расліннасць, дрэвы – вывезлі чатыры машыны дроў, затым “падымалі” зямлю, адсыпалі дарогу да дома. Сказаць, што гэта было хуткім і лёгкім працэсам – будзе няпраўдай. Першай культурай, што тут пасадзілі, былі клубніцы, пасля з’явіліся цяплічкі, з цягам часу пачалі добраўпарадкоўваць тэрыторыю для адпачынку, рэалізуючы свае мары і нават ландшафтныя фантазіі.
Кацярына Іванаўна робіць экскурс па тэрыторыі. На сённяшні дзень з 35-ці сотак зямлі недзе 15 адведзена на дэкаратыўныя культурныя расліны. На пытанне колькі ў двары відаў – адказаць дакладна не бярэцца. Толькі гартэнзій больш за 80 кустоў – гэта плён яе ўласнай працы, яна іх чаранкуе. А колькі там руж, лілій, мажавельнікаў не аднаго віду, лілейнікі розных расфарбовак, шалфей, дэкаратыўнага дзёрну, барбарысу, і яшчэ розных раслін. Усе яны скампанаваны ў кампазіцыі або ўпрыгожваюць архітэктурныя формы. Дапаўненнем да кветкавай гамы служаць дарожкі з сучаснага матэрыялу, мудрагелістыя рашоткі для раслін, садовыя аркі, разнастайныя падстаўкі.
– Прыгожа аформлены двор – гэта не толькі выдатнае месца для адпачынку і прыёму гасцей, але і магчымасць рэалізаваць свае задумкі, – выказвае меркаванне зямлячка. – Даўно сышлі ў мінулае часы, калі дом з зямельным участкам будаваўся ці купляўся выключна для саду і агароду. Цяпер многія людзі жадаюць на тэрыторыі стварыць свой уласны, няхай маленькі, але ідэальны свет.
Гаспадыня не хавае: уся гэтая прыгажосць патрабуе вялікіх намаганняў. Падкорм, апрацоўка раслін, паліў, неабходна ведаць якую глебу любіць кожная з іх, у якім месцы “хоча” быць высаджана.
Не на апошнім месцы ўтрыманне тэрыторыі двара. Усё гэта іх сумесная праца мужа і жонкі, якія 33 гады жывуць “душа ў душу”: “Юра большую палову хатніх спраў узяў на сябе. Без яго і я не гаспадыня,” – дзеліцца жанчына.
Мая гераіня за гады свайго захаплення кветкаводствам дзякуючы інтэрнэту, кнігам, анлайн-кансультацыям і майстар-класам, зносін з кветкаводамі краіны і па-за яе межамі спазнала многія сакрэты гэтай справы і адкрыла для сябе асабістыя.
На ганку дома вывешаны кашпо з кветкамі, можна ўбачыць вазы, цыліндры са штучнай лазы – усё зроблена рукамі гаспадыні. Цікавасць да такога віду мастацтва як ратанг і выраба кашпо прыйшла ў жыццё жанчыны два гады таму.
Гонар гаспадароў – фігурная абрэзка дрэў і кустоў.
– Мастацтва тапіарнай стрыжкі я пачала асвойваць восем гадоў таму на тэрыторыі пансіяната “Палескія сосны”, дзе працую больш за трыццаць гадоў. Зялёных насаджэнняў там дастаткова, дырэктар і дазволіў мне паспрабаваць новае ў добраўпарадкаванні, – дзеліцца жыхарка Капцэвіч. – Канечне, я старалася: азеляненню тэрыторыі пансіяната я і мае калегі надаем вялікую ўвагу. Метадам спроб і памылак я навучылася стрыгчы насаджэнні, прыдаваць ім пэўныя і нават адмысловыя формы. На асабістым участку таксама прымяніла набытыя навыкі тапіарнай стрыжкі. Скажу шчыра: такая справа мяне захапіла і на сённяшні дзень у мяне ёсць увесь неабходны інструмент для працы.
– Я люблю, калі ў наш дом наведваюцца тры нашы сыны са сваімі сем’ямі. Вакол прыгажосць і побач самыя блізкія людзі, – прызнаецца суразмоўца. – Бывае, запрашаем з мужам сваякоў, сяброў да сябе. Калі прыязджаюць ці прыходзяць госці, часцей за ўсё час праводзім у двары.
У канцы гутаркі Кацярына Адамаўна агучыла думку.
– Жыццё не любіць тых, хто нічога не робіць, лёс прыхільны да тых, хто працуе і ўпрыгожвае гэты свет. Нават на маленькім участку зямлі можна стварыць сапраўдны рай.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий