Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама сустрэлася з насельніцтвам вёскі Галубіца Галоўная тэма сустрэчы “Дзень народнага адзінства: значэнне міру і згоды”.
У час сустрэчы гаворка ішла аб маладым, але вельмі важным для ўсіх беларусаў дзяржаўным свяце – Дні народнага адзінства.
– Сучасны Дзень народнага адзінства прадыктаваны самім жыццём, – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлана Блінец. – Валодаючы глыбокім гістарычным значэннем, гэта свята напоўнена важнымі сэнсамі сённяшняга дня і перспектыў будучыні. Галоўны ідэолаг раёна нагадала прысутным гісторыю і значэнне свята для сучаснага беларускага грамадства, важнасць адзінства як неад’емнай умовы для развіцця краіны.
У ходзе сустрэчы было адзначана, што Дзень народнага адзінства падкрэслівае важнасць адзінства народа для захавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, сімвалізуе гатоўнасць народа да сумеснай стваральнай працы і нагадвае аб неабходнасці захавання каштоўнасцей і культурнай спадчыны беларусаў.
Падводзячы вынік сказанаму, старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў адзначыў, што жыць у міры і згодзе – характэрная рыса нашага народа і каштоўнасць беларускай дзяржавы. Гэта аснова дзяржаўнай палітыкі, яку праводзіць наш Прэзідэнт і якая накіравана на забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве і захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці.
З аператыўнай абстаноўкай у раёне і на тэрыторыі Галубіцкага Савета прысутных пазнаёміў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Семікопенка. Асаблівая ўвага была нададзена прафілактыцы кіберзлачынстваў. Галоўны інжынер ДРБУ Іван Века распавёў пра аб’ёмы выкананых сёлета рамонтных работ.
Прысутныя на сустрэчы землякі ўзнялі хвалючую іх “дарожную” тэму: пад’езд да вёскі Славінск і вуліца Набярэжная, што ў Галубіцы. Кіраўнік раёна запэўніў, цягам месяца пытанне па Славінску будзе закрыта, што да Набярэжнай – яна будзе ўключана ў праграму добраўпарадкавання на наступны год.
Як пазначыў у завяршэнні сустрэчы старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў, перад грамадствам стаяць важныя і адказныя задачы. І яны выканальныя, таму што самае галоўнае багацце краіны – гэта людзі. Толькі разам, плячом да пляча, мы зможам ісці наперад, захоўваючы мір і стабільнасць, і ўпэўнена глядзець у заўтрашні дзень.
Як падкрэслілі ўдзельнікі сустрэчы, у значнасці кансалідацыі беларускага грамадства для захавання дзяржаўнасці сёння ўжо не трэба пераконваць нікога. І гэта сапраўды так.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий