Сёння Петрыкаўшчыну наведаў намеснік пракурора Гомельскай вобласці Юрый Булынко. Адным з пунктаў рабочага плана намесніка пракурора стала сустрэча з работнікамі раённага выканаўчага камітэта. 26 лістапада 1943 года Гомель быў вызалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падзея важная для кожнага жыхара нашай вобласці і была абазначана ў тэме сустрэчы – Генацыд насельніцтва горада Гомеля ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Прадстаўнік нагляднага ведамства зрабіў кароткі экскурс у гісторыю краіны і больш падрабязна спыніўся на страшных падзеях перыяду акупацыі Гомеля фашыстамі. Расказаў пра масавы вываз людзей у нямецкае рабства, знішчэнне простых мірных жыхароў, катаванні ў лагерах смерці і гета. Для нагляднасці на прэзентацыі былі прадстаўлены дакументы і фатаграфіі, знойдзеныя ў архівах. Іх збор і аналіз вядзецца дагэтуль.

З вуснаў Юрыя Валер’евіча прысутныя пачулі некаторыя звесткі пра загінулых суайчынніках, даведаліся, пра працэсы, звязаныя з выяўленнем месцаў масавых пахаванняў, устанаўленні жывых сведкаў і пацярпелых ад генацыду, абароне іх правоў і законных інтарэсаў, увекавечанні памяці загінулых.

–Важна ведаць гісторыю не толькі па падручніках. Важна бачыць факты: факты злачынстваў і шкоду, нанесеную нашай краіне, — адзначыў Юрый Валер’евіч. Таксама намеснік пракурора падзяліўся вынікамі працы следчай групы органаў пракуратуры Гомельскай вобласці ў межах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.

Гаворачы пра Гомель, Юрый Булынко агучыў новыя факты часоў вайны. Адзін з іх.

– Да 19 жніўня 1941 года горад пакінула 80 тысяч жыхароў, а каля чатырох тысяч яўрэяў засталіся. Па загадзе Першага ваеннага каменданта горада обер-лейтэнанта Шверха ўсіх яўрэяў прымусілі насіць прыніжальныя жоўтыя нашыўкі. Затым забаранілі ўсялякія сувязі і сустрэчы з гамяльчанамі неяўрэйскай нацыянальнасці. Крыху пазней фашысты восенню 1941 года арганізавалі ў розных частках Гомеля чатыры гета.

Як адзначана, ва ўсіх гомельскіх гета былі створаны невыносныя ўмовы для жыцця: голад, празмерная шчыльнасць людзей, адсутнасць элементарных санітарна-гігіенічных умоў. Безабаронных жанчын, старых і дзяцей гітлераўскія каты 3-4 лістапада 1941 года расстралялі ў процітанкавым рове.

Кажучы пра працу, якую праводзіць Генеральная пракуратура па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе, прадстаўнік нагляднага ведамства падкрэсліў, што мірнае насельніцтва БССР актыўна супраціўлялася захопнікам і рабіла ўсё магчымае, каб ідэі нацызму ніколі не адрадзіліся на беларускай зямлі. Дакладчык выказаў упэўненасць у тым, што ўсе спробы асобных дзяржаў перапісаць гісторыю і перакрэсліць подзвіг савецкага народа не ўвянчаюцца поспехам.

— Важна не дапусціць скажэння фактаў і ўберагчы беларусаў ад ціску з боку іншых краін. Для гэтага мы павінны паклапаціцца пра тое, каб гістарычная праўда была перададзена падрастаючаму пакаленню, – рэзюмаваў Юрый Булынко.







Оставить комментарий