Стыкавыя матчы стартавалі, сезон набліжаецца да заканчэння!

0
141

У апошні дзень лета адбылася сімвалічная футбольная сустрэча: стыкавы матч серыі гульняў чэмпіянату Гомельскай вобласці па футболе ў рамках чэмпіянату Рэспублікі Беларусь сярод каманд другой лігі. На стадыёне “Прыпяць” адбылося супрацьстаянне паміж дружынамі Петрыкаўскага і Чачэрскага раёнаў.

Надвор’е было па-сапраўднаму летнім, слупкі тэрмометраў падымаліся вышэй адзнакі ў 30 градусаў, што падказвала, што абодвум калектывам прыйдзецца нялёгка. Складана было вывучыць і гульню сапернікаў: каманды з Петрыкаўшчыны, Ельшчыны і Чачэрскага раёнаў, не сустракаючыся паміж сабой у гэтым сезоне, занялі другія месцы ў сваіх падгрупах і вызначалі, у якім парадку яны размесцяцца ў выніковай турнірнай табліцы на радках з 4-га па 6-ты.

Распачалася гульня. Гаспадары імкліва рушылі наперад, разлічваючы, відаць, на хуткі гол, але спроба бракавала ненадзейнай арганізацыяй і госці паспяшаліся адказаць сваёй атакай. Тут ужо мясцовыя заўзятары пачалі хвалявацца. Першы штурм быў пераведзены на вуглавы, потым другі, трэці. Выкананне кожнага такога стандарту прымушала затойваць дыханне, але ўрэшце абарона землякоў вытрымала гэты ціск.

Потым на полі даволі працяглы час назіраўся парытэт: каманда Чачэрскага раёна выглядала лепш, дзякуючы неблагой расстаноўцы сваіх ігракоў, нашы хлопцы больш уражвалі індывідуальным майстэрствам і хуткасцю. Не-дзе з 25-й хвіліны госці пачалі ціснуць: выкарыстоўваць памылкі гаспадароў, лепей замацоўвацца ў штрафной петрыкаўчан і, урэшце, на 32-й хвіліне аформілі першы гол.

Землякі маглі б зраўняць лік за лічаныя хвіліны, але ў вострым моманце не хапіла літаральна крыху, каб скіраваць мяч у сетку, калі варатар апанентаў ужо нічым не мог дапамагчы свайму калектыву пасля выхаду сам-насам з нашым нападаючым.

Як мы добра ведаем, лічбы на табло – не самая сур’ёзная праблема. Куды больш складана справіцца са статусам даганяючага ў ментальным сэнсе. Але відавочнага запаволення абаротаў ад дружыны з берагоў Прыпяці не назіралася. Насупраць, каманды правялі астатні час першай паловы ў канкурэнтнай барацьбе і пайшлі на перапынак на высокіх кандыцыях.

У пачатку другога тайма калектывы не хацелі саступаць адзін аднаму. Толькі пасля 60-й хвіліны госці пачалі відавочна ціснуць, але безвынікова. Замест гэтага адрыў быў павялічаны за кошт памылак мясцовых футбалістаў… Нічога не прадвяшчала бяды, мяч уводзіўся ў гульню ад варот і быў закінуты бліжэй да цэнтра. Потым круглага перахапілі госці і нападаючы саперніка, не марнуючы час, нечакана прабіў у створ брамы моцным і трапным ударам – 0:2 на 70-й хвіліне.

Нібы замацоўваючы поспех, следам адбылася яшчэ адна вострая атака, якая магла пахаваць усе мары на хоць бы адно ачко для нашай дружыны па выніках гэтага матча, але на гэты раз пашанцавала ўжо мясцовым спартсменам. Відаць, не пажадаўшы заставацца вінаватымі перад футбольнай фартунай, петрыкаўская дружына даволі шпарка выйшла ў штрафную апанентаў і на дзіва спакойна і хутка “размачыла” лік на 72-й хвіліне – 1:2.

З гэтага часу тэмп гульні крыху запаволіўся, але жаданне забіць з абодвух бакоў не на імгненне не знікала. Больш паспяховым тут аказаліся футбалісты з берагоў Сажа, якія зноў, злавіўшы нашых абаронцаў на памылцы і няспешнасці, запісалі на свой рахунак трэці гол на 85-й хвіліне – 1:3.

Часу ды сіл нівеліраваць адрыў у два мячы ўжо не заставалася. Але парадаваць сваіх заўзятараў нашыя хлопцы ўсё ж такі здолелі, аформіўшы мяч прэстыжу хіба не на апошняй хвіліне дадатковага часу – 2:3, свісток і крыўднае паражэнне, што было абумоўлена, у
большай ступені, уласнымі недаглядамі.

Апошняя сустрэча каманды Петрыкаўскага раёна адбудзецца ў верасні на выездзе, дзе нашых футбалістаў будзе прымаць Ельская дружына. Тады ж канчаткова вызначацца месца нашай каманды ў выніковай табліцы.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о