Стратэгічная перспектыва і міжпарламенцкі дыялог

0
223

З 27 па 30 мая адбыўся афіцыйны візіт парламенцкай дэлегацыі Беларусі на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай у Кітайскую Народную Рэспубліку

Стратэгічная перспектыва  і міжпарламенцкі дыялогПраграма візіту была даволі насычанай. Прайшлі сустрэчы са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжаа Лэцзі, намеснікам старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэнем, старшынёй Усекітайскай федэрацыі жанчын Шэнь Іцынь, адбылося першае пася-джэнне Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Акрамя таго, беларускія парламентарыі наведалі аб’екты сацыяльнай інфраструктуры Пекіна.
Вынікам сустрэч і перамоў сталі канкрэтныя дамоўленасці, рэалізацыю якіх парламентарыі пачнуць у бліжэйшы час.

Найвышэйшы ўзровень адносін

Як неаднаразова адзначалася, нашы краіны не проста стратэгічныя партнёры, а “жалезныя браты”. Беларусь і Кітай дэманструюць сусветнай супольнасці ўзор трывалага, непарушнага сяброўства і ўзаемнага даверу. Найвышэйшы ўзровень адносін паміж нашымі краінамі – гэта перш за ўсё заслуга лідараў нашых дзяржаў – Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна.
За больш як тры дзесяцігоддзі Беларусь і Кітай атрымалі поспех у развіцці палітычных, эканамічных і гуманітарных кантактаў і дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню ўсебаковага супрацоўніцтва. З моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін тавараабарот вырас больш як у 200 разоў. Па выніках 2023 года ён павялічыўся на 30 % і склаў больш як 8 мільярдаў долараў. Кітай уваходзіць у тройку краін – інвестараў Беларусі. І патэнцыял для росту не вычарпаны. Візіт парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў КНР – ацэнка сённяшняга стану супрацоўніцтва дзвюх краін і новыя напрамкі ўзаемадзеяння.

Супрацоўніцтва паміж заканадаўчымі органамі

У час візіту адбылося першае пасяджэнне Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Яго мэты – паглыб-ленне і ўмацаванне адносін паміж дзвюма дзяржавамі, аналіз супрацоўніцтва паміж заканадаўчымі органамі, а таксама вылучэнне прапаноў і рэкамендацый па пытаннях супрацоўніцтва ў розных галінах.
Як заявіла падчас пасяджэння Наталля Качанава, беларусаў і кітайцаў аб’ядноўвае вельмі шмат. У тым ліку і маральна-каштоўнасныя арыенціры, якія мы разам абараняем ад знешніх замахаў і спроб падмяніць чужымі канцэпцыямі і ўстаноўкамі, якія разбураюць суверэнныя краіны знутры.

Узаемадзеянне ў міжнародных і рэгіянальных арганізацыях

Беларусь імкнецца стаць паўнапраўным членам БРІКС і разлічвае на падтрымку Кітая ў гэтым пытанні. Гэтая тэма таксама абмяркоўвалася на высокім узроўні. Як пазначыла Наталля Качанава, Беларусь і Кітай традыцыйна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных і рэгіянальных арганізацыях: “У нас супадаюць погляды па большасці пытанняў міжнароднага парадку дня. Беларусь цвёрда падтрымлівае прынцып аднаго Кітая, аказвае падтрымку кітайскаму боку ў пытаннях Сіньцзяна, Ганконга, Тыбета, Тайваня, а таксама ў рамках Руху недалучэння па пытанні Паўднёва-Кітайскага мора. Мы ўдзячныя кітайскаму боку за падтрымку, якая аказваецца ў пытанні далучэння Беларусі да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у якасці паўнапраўнага члена. Таксама надаём вялікае значэнне далучэнню Беларусі да фармату БРІКС, арганізацыі, якую мы лічым адной з найважнейшых аб’яднальных пляцовак у пытаннях забеспячэння глабальнай бяспекі, устойлівага развіцця і эканамічнай кааперацыі”.

Амбіцыйны план супрацоўніцтва

Беларусь шануе і ганарыцца сяброўствам з Кітаем. Гэты і наступныя гады, як пазначыла Наталля Качанава, плануецца правесці пад знакам Года навукі, тэхналогій і інавацый Беларусі і Кітая. Цяпер бакі распрацоўваюць адпаведны план двухбаковага ўзаемадзеяння, што дасць магчымасць вывесці навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва на абсалютна новы ўзровень. Міністэрствы і ведамствы вядуць актыўную работу па падрыхтоўцы амбіцыйнага плана супрацоўніцтва “Беларусь – Кітай: партнёрства-2030”, у які ўвойдуць буйныя беларуска-кітайскія праекты, адзначыла спікер. “Мы актыўна ўключыліся ў рэалізацыю вылучаных у кастрычніку 2023 года Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам “8 крокаў” для прасоўвання ініцыятывы “Пояс і шлях”, – падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

Наталля Качанава агучыла канкрэтныя прапановы, якія дадуць магчымасць вывесці на новы ўзровень супрацоўніцтва грамадскіх і маладзёжных арганізацый дзвюх краін. У прыватнасці, у час сустрэчы са старшынёй Усекітайскай федэрацыі жанчын Шэнь Іцынь спікер прапанавала стварыць Савет жанчын Беларусі і Кітая. Акрамя таго, старшыня Савета Рэспублікі прапанавала арганізаваць беларуска-кітайскі маладзёжны турыстычны злёт. “Супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і маладзёжнай палітыкі – гэта, без усялякага сумнення, яшчэ адзін прыярытэт у сумеснай рабоце, ад вынікаў якой у многім залежыць дабрабыт і ўстойлівае развіццё нашых дзяржаў, – дадала Наталля Качанава. – У нас аднолькавы погляд на важнасць культывавання пачуцця нацыянальнага гонару і патрыятызму сярод моладзі. У гэтым кантэксце мэтазгодна заахвочваць актыўнае ўзаемадзеянне паміж маладзёжнымі арганізацыямі Беларусі і Кітая”.

У час візіту беларускія парламентарыі азнаёміліся з работай аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры Пекіна. Пры наведванні бальніцы “Чааян” спікер адзначыла, што развіццё супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай у сферы аховы здароўя для нас адзін з прыярытэтаў. “Яно ахоплівае розныя галіны, уключаючы пастаўкі ў Беларусь высокатэхналагічнага медыцынскага абсталявання кітайскай вытворчасці, лакалізацыю вытворчасці на тэрыторыі Беларусі кітайскіх медыцынскіх вырабаў і лекавых прэпаратаў, мадэрнізацыю дзеючых фармацэўтычных вытворчасцей з выкарыстаннем сучасных кітайскіх тэхналогій, супрацоўніцтва паміж установамі аховы здароўя, – падкрэсліла спікер. – Мы ведаем, наколькі сёння развіта ў Кітаі фармацэўтычная галіна. Беларусь і Кітай зацікаўлены і ў далейшым развіваць узаемадзеянне ў гэтай сферы, абмяркоўваючы новыя праекты і напрамкі супрацоўніцтва.

КАМЕНТАРЫЙ У ТЭМУ

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, член дэлегацыі Ігар Луцкі:

– Візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку быў даволі насычаным, – падкрэсліў парламентарый. – Адбыліся сустрэчы рознага ўзроўню, пачынаючы ад грамадскай арганізацыі – Усекітайскай федэрацыі жанчын – да парламенцкага вымярэння і высокага палітычнага ўзроўню. Апроч пытанняў эканамічнага характару, была нададзена ўвага сацыяльна-гуманітарнай сферы. Размова ішла аб маючым адбыцца Форуме рэктараў Беларусі і Кітая. Таксама мы наведалі бальніцу “Чааян” у Пекіне. Я лічу, што нам ёсць чаму павучыцца ў нашых кітайскіх сяброў. Шмат гаварылі аб патрыятычным выхаванні, аб моладзі, аб тым, што за падрастаючым пакаленнем будучыня. Мы наведалі музей, прысвечаны гісторыі Камуністычнай партыі Кітая. Гэта было не проста наведванне музея, а абмеркаванне надзённых тэм выхавання маладога пакалення і нашых сумесных падыходаў да гэтага.

Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі, член Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі, член дэлегацыі Сяргей Сівец:

– Вынікі візіту мы можам ацаніць толькі са станоўчага боку, – падкрэсліў парламентарый. – Намечаны новыя прыярытэты, цікавыя абедзвюм краінам, у тым ліку ў міжнародна-прававым аспекце. Кітайскі бок акцэнтаваў увагу на тым, што нам неабходна стварэнне такога прававога асяроддзя, якое дало б магчымасць у максімальна камфортным рэжыме ўсім упаўнаважаным органам камунікаваць і супрацоўнічаць адзін з адным. Для гэтага не павінна быць ніякіх перашкод. Нам цікавы досвед кітайскага боку ў рэгуляванні тых ці іншых сфер грамадскіх адносін. Кітайскі бок выказаў зацікаўленасць у вывучэнні заканадаўчага вопыту Нацыянальнага сходу Беларусі ў частцы абароны нацыянальных інтарэсаў, нацыянальнай бяспекі, рэгулявання пэўных сфер эканамічных адносін, звязаных з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій, штучнага інтэлекту. Геаграфія пытанняў – шырокая, у нас наперадзе шмат сумеснай працы з кітайскімі калегамі.

Акрамя таго, у ходзе візіту Наталля Качанава вылучыла некалькі ініцыятыў па правядзенні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Кітая, стварэнню сумеснага Савета жанчын, а таксама па развіццю маладзёжнага руху.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ала Смаляк:

– Рэспубліку Беларусь і Кітайскую Народную Рэспубліку звязваюць больш як 30-гадовыя дыпламатычныя адносіны, якія ўстойліва і дынамічна развіваюцца. Дзве краіны падтрымліваюць цесныя сяброўскія ўзаемаадносіны па самых розных напрамках. Чарговыя важныя дамоўленасці былі дасягнуты ў час афіцыйнага візіту парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай у Кітайскую Народную Рэспубліку.
Новыя імпульсы набудзе міжпарламенцкае ўзаемадзеянне дзвюх краін, што, безумоўна, паспрыяе паглыбленню адносін у цэлым паміж нашымі дзяржавамі.
На больш прадуктыўны ўзро-вень краіны маюць намер вывесці і навукова-тэхнічнае супра-цоўніцтва. І ў Беларусі, і ў Кітая ў гэтай сферы напрацаваны вялікі вопыт, які будзе і цікавы, і карысны для сумесных інавацыйных праектаў. Яшчэ больш моцным і эфектыўным будзе беларуска-кітайскае супрацоўніцтва грамадскіх і маладзёжных арганізацый, партнёрства ў галіне медыцыны, фармацэўтыкі, абмену спецыялістамі і многіх іншых аспектах.
Стратэгія вызначана, і зараз важна кожнаму на сваім месцы ўвасобіць задуманае ў жыццё.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о