Калі вы забыліся або не жадаеце заплаціць аліменты ці аплаціць штраф, праігнаравалі “ліст шчасця” з фотафіксацыяй парушэння правілаў дарожнага руху ці не выконваеце іншае рашэнне суда – чакайце ў госці судовых выканаўцаў, людзей, чый службовы клопат – аднаўленне парушаных правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб шляхам поўнага і своечасовага выканання выканаўчых дакументаў.
Па выніках работы за мінулы год Петрыкаўскі раённы аддзел прымусовага выканання ў сваёй катэгорыі быў прызнаны лепшым у краіне. Пра службу, працоўныя будні і тое, як стаць лепшымі ў прафесіі, нам распавёў начальнік аддзела Уладзімір Аскерка.
– Уладзімір Канстанцінавіч, чым займаецца ваш аддзел і як заслужылі званне лепшага ў краіне?
– У сваёй большасці аддзел прымусовага выканання займаецца спагнаннем аліментаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей, адміністрацыйных і крымінальных штрафаў, выдаткаў па крымінальных і грамадзянскіх справах, запазычанасці па крэдытных дагаворах, камунальных паслугах. Уступаем ў справу мы тады, калі суд ці іншы ўпаўнаважаны орган выносяць рашэнне ці пастанову, а чалавек ва ўстаноўлены тэрмін яго не выконвае. У такіх выпадках рашэнне перадаюць у наш аддзел, і мы прымусова, у рамках законных паўнамоцтваў, выконваем яго.
Ну а лепшымі стаць мы змаглі дзякуючы зладжанай рабоце і прафесіяналізму калектыва.
Адзін з паказчыкаў паспяховай работы – рэальна спагнаная сума грашовых сродкаў па выканаўчых дакументах. Так, за мінулы год судовымі выканаўцамі раёна спагнана 2971,23 тысячы рублёў, у тым ліку 471,94 тысячы рублёў – у даход дзяржавы.
– Існуе меркаванне, што супрацоўнік аддзела павінен мець сталёвыя нервы і вострае пачуццё справядлівасці. Раскажыце, калі ласка, пра свой калектыў.
– На першым месцы ў рабоце судовых выканаўцаў павінны быць такія якасці, як непрадузятасць і прынцыповасць. Пры гэтым да кожнага даўжніка ў нас свой падыход. За гады працы судовыя выканаўцы становяцца псіхолагамі. Мы ведаем, каго можна пасароміць і ўгаварыць, а на каго дзейнічаюць толькі пагрозы. Галоўнае: патрабаванні судовага выканаўцы абавязковыя для выканання.
Калі гаварыць пра калектыў, то ён у нас невялікі, дружны і практычна жаночы. Узаемадапамога, выручка і адказнасць – наш моцны бок. У аддзеле працуе шэсць чалавек: судовыя выканаўцы Алена Кавальчук і Надзея Страха, рэферэнт Алена Сыцько, спецыялісты па дакументацыйным забеспячэнні Ірына Урублеўская і Крысціна Музыка – усе на сваім месцы, дасканала ведаюць сваю справу. Я магу на іх поўнасцю разлічваць.
– Якімі паўнамоцтвамі надзелены судовыя выканаўцы. Што дапамагае вам эфэктыўна працаваць?
– Судовы выканаўца – гэта дзяржаўны служачы, які працуе на аднаўленне парушаных правоў і законных інтарэсаў спагнальнікаў. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб судовых выканаўцах” нашы супрацоўнікі маюць права бесперашкодна ўваходзіць на тэрыторыю і ў памяшканні, як жылыя, так і нежылыя, незалежна ад віду прапускнога рэжыму, маюць доступ на іншыя аб’екты для праверкі наяўнасці грашовых сродкаў, каштоўных папер і іншых матэрыяльных каштоўнасцей. Разам з тым судовы выканаўца пры ажыццяўленні дзеянняў, накіраваных на спагнанне запазычанасці, мае доступ да розных баз дадзеных, якія змяшчаюць неабходную інфармацыю аб даўжніках, маюць права прымяняць да даўжніка меры па забеспячэнні выканання выканаўчага дакумента на любой стадыі выканаўчага вядзення. Мы маем паўнамоцтвы выносіць пастановы, якія могуць прад’яўляцца ў банкі і іншыя арганізацыі для прымусовага выканання, аб’яўленні ў вышук праз органы ўнутраных спраў, аб затрыманні і прымусовай адбуксіроўцы транспартнага сродку даўжніка. Судовы выканаўца таксама мае права звярнуцца з прадстаўленнем у суд для прыняцця выключных мер – накладанне забароны выезду за мяжу, абмежаванне права кіравання транспартнымі сродкамі і іншыя.
– Ці ўсе землякі выконваюць законныя патрабаванні судовага выканаўцы? А калі няма грошай і маёмасці, што ў такіх выпадках прадпрымаеце?
– Выканаўчыя вытворчасці могуць закрывацца хутка (ад 3 дзён), калі чалавек сябруе з законам і адразу пагасіць наяўную запазычанасць, а могуць доўжыцца гадамі, напрыклад, выплата аліментаў. Ёсць выпадкі, калі даўжнік “знікае”. Знайсці яго нам дапамагае аддзел унутраных спраў. На жаль, грашовыя сродкі мы можам спагнаць не з усіх. Ёсць такія даўжнікі, на якіх немагчыма паўплываць. У іх няма ні маёмасці, ні нерухомасці, ні аўтамабіля, ні месца працы, ні заробку. Тады выканаўчая вытворчасць прыпыняецца. Праз паўгода ладзіцца паўторная праверка. Магчыма, чалавек адумаўся, уладкаваўся на працу. Калі ж усё застаецца па-ранейшаму, мы надзелены правам вяртаць дакумент без выканання.
– Што падабаецца і што не падабаецца ў прафесіі?
– Падабаецца, вядома, аднаўленне справядлівасці, калі спагнаннік атрымлівае тое, што даўжнік павінен быў яму аддаць добраахвотна. Так, наша праца няпростая, але цікавая. Аддзел прымусовага выканання – выдатная школа і добры старт для дзейнасці ў праваахоўных органах. Тут навучышся ўсяму: выконваць абавязкі, размаўляць з людзьмі і знаходзіць рашэнні ў нестандартных сітуацыях. А гэта не толькі ў працы, але і ў жыцці спатрэбіцца.
А не падабаецца, адназначна, канфліктны характар працы. Даўжнікі заўсёды незадаволеныя тым, што ў іх забіраюць грашовыя сродкі і маёмасць, а спагнаннік – аператыўнасцю выканання. Непрыемныя бакі прафесіі звязаны з тым, што выканаўчая вытворчасць уяўляе сабой прымусовае выкананне патрабаванняў выканаўчых дакументаў. І на гэтым этапе заўсёды ёсць канфлікт інтарэсаў бакоў выканаўчай вытворчасці. На сённяшні дзень у нашым аддзеле знаходзіцца каля 5000 выканаўчых вытворчасцей.
– Дзякуй за змястоўную гутарку. Зразумела адно – праца ў вас няпростая, таму жадаем вам сумленных даўжнікоў і як мага менш канфліктных сітуацый.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий