Станоўчая дынаміка па асноўных паказчыках прасочваецца

0
50

На ліпеньскім пасяджэнні выканкама абмеркавалі пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў студзені-чэрвені бягучага года, выкананне бюджэту за першае паўгоддзе і вынікі работы са зваротамі грамадзян, што былі з пачатку года накіраваны ў Петрыкаўскі райвыканкам.

Па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Аляксандры Янчанкавай, з трынаццаці даведзеных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на Петрыкаўшчыне па выніках першага паўгоддзя выкананы дзесяць: сукупныя паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту, зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, рознічны тавараабарот, тэмп росту аб’ёма падрадных работ, экспарт тавараў і паслуг, увод у эксплуатацыю жылых памяшканняў, стварэнне новых арганізацый. Памер намінальна налічанай сярэднемесячнай заработнай платы, напрыклад, за студзень-чэрвень склаўся на ўзроўні 128,7% да адпаведнага перыяду мінулага года.
Разам з тым, тры паказчыкі не выкананы – індэкс прамысловай вытворчасці, удзельная вага пратэрмінаваных дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасцей.

У першым паўгоддзі з плюсам спрацавалі прамысловы і аграпрамысловы сектар, гандаль і будаўнічая сфера. Асабліва прыкметныя поспехі ў паказчыку інвестыцыі ў асноўны капітал, значны рост забяспечаны па пазіцыі індэкс прамысловай вытворчасці і развіццё прадпрымальніцтва.
Не дабірае сёлета лесагаспадарчая галіна раёна. Як справядліва зазначыла ў час нарады намеснік старшыні райвыканкама Аляксандра Янчанкава, варта больш аператыўна разгортвацца на рынках збыту і знаходзіць новых спажыўцоў прадукцыі.

У жывёлагадоўлі, па інфармацыі першага намесніка старшыні райвыканкама Алега Козінца, выручка паступова расце, але нямала хранічных праблем застаюцца нявырашанымі. Адна з самых набалелых – падзеж жывёлы і ўзнаўленне дойнага статка. Выкараніць ушчэнт нядобрую тэндэнцыю і не дапускаць фактаў нетэхналагічнага выбыцця – задача на бліжэйшы час.
– Падцягнуць паказчыкі варта імкнуцца да канца бягучага квартала, не перацягваючы іх у чацвёрты квартал, – даў даручэнне старшыня райвыканкама.

Спыніліся на пытанні функцыянавання сацыяльнай сферы. Па інфармацыі намесніка старшыні Наталлі Ходзька, у раёне працягваецца работа па ўдасканаленні аказання медыцынскіх паслуг, гэта датычыцца і сельскіх населеных пунктаў – пытанне на асаблівым кантролі кіраўніка раёна.
У сферы адукацыі на сённяшні дзень задача нумар адзін: своечасовая і якасная падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да навучальнага года. Пад крытыку трапіла работа галіны па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага экзамена і цэнтралізаванага тэсціравання.


Што да бюджэту раёна, то, па інфармацыі начальніка фінансавага аддзела Валянціны Вашкевіч, даходы кансалідаванага бюджэту за першае паўгоддзе бягучага года з улікам бязвыплатных паступленняў сфарміраваны ў аб’ёме 52127,9 тысяч рублёў, што склала 52,4% ад гадавога плана.


Заработная плата, усе неабходныя трансферты насельніцтву, выплаты, дапамогі выплачваліся своечасова і ў поўным аб’ёме.
Сацыяльная накіраванасць бюджэту вытрымана, прыярытэт выдаткаў на сацсферу захаваецца і да канца года.


Падводзячы вынікі нарады старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў зазначыў: “Станоўчая дынаміка па асноўных паказчыках прасочваецца, дзякуй усім хто ўнёс свой уклад ва ўмацаванне эканамічнага дабрабыту раёна. Аднак і недапрацовак хапае. Так, ёсць шэраг пазіцый па якіх варта тэрмінова паскарацца”.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о