Адзіны раённы дзень па ўзнаўленні пагалоўя буйной рагатай жывёлы прайшоў на гэтым тыдні на базе ААТ “Курыцічы” з удзелам першага намесніка старшыні райвыканкама начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алега Козінца, кіраўнікоў гаспадарак, ветырынарнай і племянной службы, заатэхнікаў.

Стаўка на сучасныя тэхналогіі гарантуе вынік

Для правядзення мерапрыемства па выкананні тэхналагічных патрабаванняў па арганізацыі вырошчвання рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы было выбрана ААТ “Курыцічы”.

Так, гаспадарка зусім не выпадкова стала пляцоўкай правядзення адзінага раённага дня па ўзнаўленні пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Па выніках мінулага года ў сельгаспрадпрыемстве маюць неблагія вынікі па паказчыку штучнага асемянення. А калі ўлічыць той факт, што на таварнай ферме “Карзуны” летась упершыню сталі выкарыстоўваць штучнае асемяненне цёлак, то перспектывы ў работнікаў увогуле нядрэнныя.

Менавіта сюды былі запрошаны спецыялісты яшчэ і па той прычыне, каб убачыць сваімі вачамі, як вядзецца вытворчасць у небагатай гаспадарцы, у створаных уласнымі рукамі ўмовах, пераняць цікавы вопыт і, магчыма, нешта карыснае запазычыць для сябе.

Стаўка на сучасныя тэхналогіі гарантуе вынік

У сваім выступленні начальнік племянной службы раёна Таццяна Марцынкевіч пазначыла, што кіраўніцтва ААТ “Курыцічы” да справы падышло радыкальна: каб не дапусціць імбрыдзінгу (змяшання роднасных сувязяў), семянны бык цалкам быў выключаны з этапу асемянення цялушак – і на ферме “Карзуны” перайшлі на штучнае асемяненне.

– Не сакрэт, што племянная жывёла каштуе надзвычай дорага. Таму дойныя статкі ў большасці гаспадарак раёна фарміруюцца сваімі сіламі за кошт адбору, правільнай племянной работы праз штучнае асемяненне. Залог якасці будучага статка – граматная гадоўля цялят, зноў жа з улікам сучасных тэхналогій. Крыніцу камплектавання матачным пагалоўем мы бачым у адборы высокапрадуктыўнай жывёлы, у тым ліку нецелей уласнага ўзнаўлення, – адзначыла ў сваім выступленні Таццяна Іванаўна.
Загадчыца фермы Святлана Рог, яна ж пачынаючы асемянатар, падзялілася сваімі напрацоўкамі і першымі поспехамі.

– Ферма “Карзуны” разлічана на 350 галоў, сёння тут знаходзіцца 300. Яна спецыялізуецца на вырошчванні цёлак і ўводзе нецелей. З копмлекса, што знаходзіцца ў вёсцы Курыцічы, нам прывозяць цялушак вагой ад 220 кілаграмаў. Каб хутчэй дапусціць маладняк у случку, кармленне жывёлы далей вядзецца згодна з тэхналагічнымі нормамі. Штучнае асемяненне рамонтных цялушак праводзіцца пры дарошчванні іх да 310-360 кілаграмаў. На расцёл 6-месячныя сцельныя цёлкі пераводзяцца на МТК “Курыцічы” і МТФ “Забалацце”, – распавяла пра сваю работу асемянатар.

Па словах Святланы Віктараўны, паспяховасць сцельнасці цялушкі ці каровы залежыць не толькі ад работы аператара па штучным асемяненні, але і ад догляду, кармлення, а галоўнае – своечасовага выяўлення, якая з іх у ахвоце.

Абсталяваны на ферме і пункт штучнага асемянення, маецца тэрматубус – у астатнім справа за ўмелымі рукамі Святланы Віктараўны.

У снежні спецыяліст штучна асемяніла 12 цялушак, у студзені запланавана 30 працэдур. Мінулагодні паказчык па ферме “Карзуны” – 293 галавы нецелей за год.
Канешне, былі сумненні і страх, што нешта робяць не так, падзялілася Святлана Віктараўна, аднак калі прыйшоў час рэкталіць – годны вынік у 85 % стаў узнагародай за якасную работу.

Пасля абмеркавання нюансаў штучнага асемянення кароў і цялушак ўвага прысутных была засяроджана на асаблівасцях выяўлення жывёлы ў ахвоце, праяўленні прыкмет палавой ахвоты ды іншых момантах адзінага раённага дня па ўзнаўленні пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Так, абмеркавалі таксама вядзенне суправаджальнай дакументацыі, у прыватнасці, журнала ўліку асемяненняў і ацёлаў.

З інфармацыяй аб асноўных напрамках работы, накіраваных на далейшае павышэнне эфектыўнасці жывёлагадоўчай галіны ў раёне, выступіў начальнік ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алег Козінец.

– Падобныя сустрэчы праходзяць штомесяц. Іх мэта – удасканальваць веды, абменьвацца вопытам, паляпшаць работу па ўзнаўленні статка, павялічваць яе эфектыўнасць, – адзначыў у час размовы нашаму карэспандэнту Алег Козінец
Семінар у Курыцічах паказаў: той, хто робіць стаўку на сучасныя тэхналогіі, заўсёды будзе ў выйгрышы.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о