22 сакавіка 1943 года смертаноснае дыханне Вялікай Айчыннай вайны пахавала пад пластом попелу жыхароў вёскі Хатынь, якая стала сімвалам трагедый усіх спаленых беларускіх вёсак.
Страшны лёс Хатыні, калі ад вёскі застаецца толькі попел, на Петрыкаўшчыне раздзялілі 7 населеных пунктаў. Былі спалены жыхары вёсак Людзвіноў – 125 чалавек, Малыя Нівы – 79, Доўгія Нівы – 18, Хвойня і бліжэйшых хутароў – 1412, Зарэчка – 127, Вялікія Сялюцічы – 364, Беразнякі – 168.
Трагедыя ў вёсцы Беразнякі адбылася 27 снежня 1942 года. Карнікі акружылі населены пункт, раставілі кулямёты. Фашысты ўрываліся ў дамы, выкідвалі на мароз людзей, загадваючы выносіць з дамоў маёмасць і выганяць жывёлу. Старых і хворых, хто не мог ісці сам, расстрэльвалі ў дамах. Апошнімі, каго закінулі ў агонь, былі падпольшчыкі, якія адстрэльваліся, спрабуючы вырвацца з вёскі. Жывымі людзьмі былі закінутыя чатыры студні, якія фашысты ўзарвалі гранатамі. 168 чалавек было жыўцом спалена і расстраляна ў Беразняках.
З вогненнай вёскі цудам удалося выратавацца толькі васьмі чалавекам. Яны былі абгарэлымі і параненымі. Сярод іх – Ганна Стракач, Ганна Булава, Настасся Марозька, Мікалай Стракач, Ніканор Стракач, яго сёстры Ніна і Марыя. У вёсцы не засталося ніводнага будынка. Спаленыя і расстраляныя жыхары разам з членамі падпольнай камсамольскай групы былі пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на паўднёвай ускраіне вёскі.
18 лістапада 1942 года фашысты спалілі жыўцом 364 чалавекі ў вёсцы Вялікія Сялюцічы. Спалілі і вёску – з 220-ці дамоў уцалела каля дваццаці. Толькі некалькі жыхароў, якіх у той дзень не было дома, цудам засталіся ў жывых. У ноч на 17 лістапада на станцыі Капцэвічы выгрузіўся нямецкі карны атрад. Да раніцы ён акружыў вёску. Жыхары ўбачылі немцаў і пачалі перабягаць да лесу. Але шлях быў перакрыты, кулямётныя і аўтаматныя чэргі скасілі каго на агародзе, каго ўжо каля самага лесу. Астатнія кінуліся назад. Жаночы плач, дзіцячы крык напоўнілі ваколіцу. Пасля ўсе трохі сціхла, людзі хаваліся ў склепах, студнях, у загадзя выкапаных зямлянках, але іх знаходзілі, выцягвалі і заганялі ўсіх у крайнія хаты. Многія былі голыя і босыя. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі на месцы. Пасля наступіла самае жудаснае – фашысты аблілі газай хаты з людзьмі. Чорныя слупы дыму, з яркім полымем, падняліся ў зімовае неба. На наступны дзень забітых знаходзілі не толькі на папялішчах, але і на агародах, на ўскрайку лесу.
Вёска Хвойня. Быў сакавік 1942 года. Дзве калоны акупантаў, адна з Капцэвіч, а другая – з Лучыц, сышліся і накіраваліся ў вёску. Паставілі пасты на дзесяць метраў адзін ад аднаго. Абкружылі ўсю вёску. І тады пачалі заходзіць у кожны дом. Неўзабаве людзей пачалі гнаць па вуліцы. З’явіліся падводчыкі, якія следам заходзілі ў дамы і забіралі больш каштоўную маёмасць. Адрыны палілі, а жывёл выганялі.
З успамінаў Зяленскага Рыгора Рыгоравіча: “У вёску Хвойня прыехала фурманка, у якой знаходзіліся нямецкія дакументы. Хтосьці з мясцовых жыхароў скраў папку з гэтымі дакументамі і ўцёк у лес. У адплату немцы сагналі ўсіх людзей у хлеў. Мая цётка распавядала, што пасля спалення, мёртвыя людзі з абгарэлымі галовамі “стаялі абняўшыся…»
У той час вёска адносілася да Капаткевіцкага раёна, але на нямецкіх картах лічылася за Акцябрскім. Таму з яе і пачалі. Быў прызначаны “да высялення » ўвесь Акцябрскі раён. План выконвалі са злавеснай метадычнасцю. Прыехалі і забілі ў вёсцы Хвойня 1412 чалавек. Памяць пра іх увекавечана ў абелісках, помніках, памятных знаках.
Карная аперацыя пад кодавай назвай “Русалка” праводзілася ў перыяд з 24 лютага па 1 сакавіка 1943 года і накіравана была супраць партызан і мясцовага насельніцтва Капаткевіцкага, Жыткавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў Гомельскай вобласці.
7 сакавіка 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі пад кіраўніцтвам гебітскамісарыята Петрыкаўскага раёна Рэтке акружылі вёску Людзвіноў, пачалі народ зганяць у хлеў, які пасля падпалілі. У хляве згарэла 125 чалавек, сярод якіх былі жанчыны і старыя.
Трагедыя ў вёсцы Малыя Нівы адбылася ў сакавіку 1942 года. У даваенны час у вёсцы было 46 дамоў, у якіх пражывала 203 жыхары. Пасля карнай фашысцкай аперацыі ўсе дамы былі разбураны, забіта 79 чалавек. Такі ж лёс напаткаў і вёску Доўгія Нівы.
У выніку генацыду на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна фашысцкімі акупантамі разбурана 79 населеных пунктаў, 37 з якіх знішчаны цалкам. Дзве вёскі – Малыя Нівы і Доўгія Нівы – не адноўлены. Усяго ж за перыяд акупацыі на нашай тэрыторыі было спалена і разрабавана каля 100 вёсак.
У гэтыя вёскі, у родны дом да сваіх сем’яў пасля вайны вярталіся салдаты-пераможцы, каб сабраць на папялішчах попел любых жонак, маці, дзяцей. Каб высыпаць сваю душу такім жа попелам на іх пустыя магілы. Каб жыць з гэтым, будаваць вёску, краіну і памятаць, памятаць, памятаць…
Балючая памяць – рана пра тыя зверствы да гэтага часу не гоіцца і аддаецца болем. З засакрэчаных архіваў здымаюцца грыфы і ўсплываюць новыя факты карных аперацый па знішчэнні мірнага насельніцтва.
Перагойваючы старонкі кнігі “Памяць. Петрыкаўскі раён”, з кожным разам адкрываецца нешта новае. Чарговае імя ў спісах загінуўшых мірных жыхароў, а пералік іх электрычным разрадам аддаецца ў грудзях і галаве. І іх галасы з мінулага нагадваюць нам пра тое, як і крохкі свет, якое каштоўнае чалавечае жыццё і як лёгка ўсё гэта страціць. І пакуль гучыць звон Хатыні нам ніколі не забыць страшныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мы ніколі не даруем жорсткасць, нялюдскасць і бясчынствы ворагам, якія яны чынілі на нашай роднай зямлі.
Галіна Занкевіч,
навуковы супрацоўнік Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Оставить комментарий