Служба дні і ночы

0
151

Дзейнасць супрацоўнікаў Петрыкаўскага аддзялення Дэпартамента аховы заўсёды сімвалізуе прафесіяналізм, бяспеку і надзейнасць. Чым жыве калектыў сёння, над выкананнем якіх задач працуе – пра гэта напярэдадні дня ўтварэння службы мы пагутарылі з начальнікам Уладзімірам ЗАБРОДСКІМ.

– Дзейнасць аддзялення аховы накіравана на забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама на папярэджанне і раскрыццё злачынстваў і правапарушэнняў у зонах пастоў і маршрутаў патрулявання. Сёння Петрыкаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы – гэта мабільная, тэхнічна абсталяваная і добра ўзброеная служба, здольная паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы. Пад надзейнай аховай нашага падраздзялення знаходзяцца аб’екты гандлю, прадпрыемствы, банкі, установы і арганізацыі, а таксама асабістая маёмасць грамадзян: кватэры, прыватныя жылыя дамы, гаражы. Да таго ж, нашы міліцыянеры кругласутачна патрулююць вуліцы горада. Таму не толькі ахова аб’ектаў розных форм уласнасці, а і забеспячэнне спакою землякоў шмат у чым залежыць ад дакладных і зладжаных дзеянняў нашых супрацоўнікаў.

– Што дапамагае працаваць надзейна і эфэктыўна?
– Наша служба ганарыцца тым, што ў апошнія гады не было зафіксавана крадзяжоў з ахоўных аб’ектаў. І гэта вынік штодзённай адказнай работы ўсяго калектыву. Каманда ў нас спрацаваная, усе працуюць зладжана і адказна, годна выконваюць свае абавязкі і гатовыя прыйсці на дапамогу лю-дзям у любы час і ў любой сітуацыі.

– Якім тэхнічным абсталяваннем вы ўкамплектаваны і наколькі яно адпавядае патрабаванням часу?
– Тэхнічнае абсталяванне аддзялення аховы з кожным годам удасканальваецца. Аўтаматызаваныя сістэмы перадачы паведамленняў, сродкі тэлекамунікацыі, перадавыя тэхналогіі ў сферы ахоўнай дзейнасці – сёння мы можам ахоўваць кватэры не толькі з дапамогай традыцыйных ліній сувязі, але і оптавалакновых, а таксама па каналах радыё і GSM-сувязі. На ўсіх пастах устаноўлены сістэмы кантролю персаналу, у абавязковым парадку ёсць кнопкі трывожнай сігналізацыі, каб работнік пры неабходнасці мог выклікаць дапамогу. У аўтамабілях групы затрымання ўстаноўлены навігацыйна-маніторынгавыя сістэмы, усе транспартныя сродкі абсталяваны відэарэгістратарамі.

– Вашы кліенты – хто яны?
– Як юрыдычныя, так і фізічныя асобы. Пад аховай знаходзяцца 225 аб’ектаў рознай формы ўласнасці, з іх 167 – памяшканні з асабістай маёмасцю грамадзян. Дзякуючы актыўнаму ўкараненню сучаснай тэхнікі бесперабойна забяспечваецца ахова аб’ектаў, не абсталяваных тэлефоннымі камунікацыямі, што дазваляе своечасова прадухіляць замахі на маёмасць. Высокія стаўкі для спынення рабаванняў і разбойных нападаў робяцца на абсталяванне памяшканняў кнопкамі экстранага выкліку міліцыі. Эфектыўнасць такога спосабу аховы відавочная: да мінімуму зведзены час выкліку міліцыі, што дазваляе за лічаныя хвіліны нараду дабрацца на месца. Сёння такім спосабам кантралюецца 12 аб’ектаў, на 10-ці ажыццяўляецца тэхнічны маніторынг нясення службы працаўнікамі аховы арганізацый.

– Як арганізавана работа па забеспячэнні спакою і парадку на нашых вуліцах ?
– Для забеспячэння надзейнай аховы аб’ектаў і належнага грамадскага парадку кожныя суткі задзейнічаны нарад міліцыі на службовым аўтамабілі са службова-вышуковым сабакам, арганізавана іх кругласутачнае дзяжурства ў райцэнтры. У наяўнасці ёсць 5 адзінак службовага транспарту. Сваю лепту ў ахову аб’ектаў уносяць падраздзяленні міліцэйскай і вартаўнічай аховы, якія нясуць службу на 17 пасадах. На асабліва важных аб’ектах – раённы выканаўчы камітэт, банк, суд – арганізавана служба паставых міліцыянераў.
Сёння 3 чалавекі – дзяжурная пульта і нарад групы затрымання – здольныя забяспечыць ахову ўсіх аб’ектаў. Прычым наша падраз-дзяленне – адзінае, хто кругласутачна ажыццяўляюць дзяжурства на маршрутах. Служба дні і ночы – гэта цалкам пра нас.

– Як часта даводзіцца выязджаць на “спрацоўкі”?
– На працягу гэтага года зарэгістравана 263 факты рэагавання на сігналы трывогі нарадамі падраздзялення аховы. На трывожную сігналізацыю ажыццёўлена 104 выезды. Пры гэтым затрымана 11 парушальнікаў. Супрацоўнікамі выяўлена больш за 50 адміністрацыйных правапарушэнняў.

– Завяршыць нашу размову прапаную віншаваннем калег.
– Пачну з нашых паважаных ветэранаў, у якіх мы вучыліся, пераймалі досвед і сёння працягваем закладзеныя імі традыцыі. Самыя цёплыя словы ўдзячнасці вам, нашы шаноўныя, за шматгадовую працу. Усяму калектыву аховы хачу выказаць падзяку за мужнасць, пачуццё абавязку, высокі прафесіяналізм і гатоўнасць аказаць дапамогу ўсім, хто мае ў ёй патрэбу.
Паколькі наша праца напрамую звязана з аховай розных форм уласнасці, дзякую за супрацоўніцтва кіраўнікам арганізацый і ўстаноў, асобным грамадзянам, якія даверылі нам ахову сваёй маёмасці. Спадзяюся, і надалей вы будзеце адчуваць сябе побач з намі абароненымі.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о