ІІІ Рэспубліканскі марафон па скандынаўскай хадзе “Крок да даўгалецця” ў апошні дзень верасня па ўсёй краіне сабраў аматараў актыўнага адпачынку з ліку людзей сярэбранага ўзросту.
Да рэспубліканскай акцыі далучыліся і петрыкаўчане.
Гарадскі парк у гэты дзень стаў не проста “сцежкай здароўя”, а і пляцоўках спартыўнага адзінства і імкнення да актыўнага даўгалецця для тых, хто не зважаючы на лічбы ў пашпарце выбірае заставацца на хвалі яркага, паўнавартаснага і актыўнага жыцця.
Удзел у мерапрыемстве прынялі члены раённай арганізацыі ветэранаў спорту і наведвальнікі дзённага аддзялення грамадзян сталага ўзросту пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Між іншым, самаму маладому ўдзельніку мерапрыемства было 63 гады, самаму сталаму – 77. Да старту мерапрыемства паспелі пагутарыць з удзельнікамі. Ім слова.
Надзея Міцкевіч, наведвальніца ТЦСАН, член клуба “Сярэбраны ўзрост”:
– Не першы год займаюся скандынаўскай хадой. Гэта даволі даступны від спорту. Кожны можа рухацца ў сваім тэмпе, выбіраць шырыню крока і размаху рук, працягласць прагулкі. Падчас хады можна спыніцца, пастаяць, перавесці дыханне – яна прыносіць вялікае задавальненне і не выклікае асаблівых турбот. У ТЦСАН я сустрэла новых сяброў, а скандынаўская хада стала любімым заняткам. У марафоне прымаю ўдзел не першы раз. Прыемна, што сёння ўсе мы ўсе разам і мы адзіныя.
Раіса Будзіловіч, член раённага савета ветэранаў, актыўны ўдзельнік раённай і абласной спартакіяд:
– На Петрыкаўшчыне старэйшае пакаленне ні на імгненне не сумуе і не застаецца ўбаку ад спартыўна-масавых мерапрыемстваў – мы заўсёды з лёгкасцю і гатоўнасцю прымаем удзел у розных стартах. Заняткі скандынаўскай хадой маюць свае плюсы: свежае паветра, добрае здароўе, рух.
Адкрываючы марафон, інструктар-метадыст па спартыўна-масавай рабоце дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Жан Дубіна шчыра прывітаў прысутных і пажадаў удзельнікам моцнага здароўя, даўгалецця і падзякаваў актыўным, не старэючым душой людзям за тое, што яны знайшлі магчымасць паўдзельнічаць у марафоне.
– Няхай скандынаўская хада для вас будзе прадуктыўнай і прынясе вялікую радасць і многа здароўя. Добрага ўсім настрою і прыемнага актыўнага адпачынку!
Удзельнікі з бадзёрым настроем рушылі па прапанаваным арганізатарамі маршруце. Іх не спалохала ні халаднаватае надвор’е, ні дробны дожджык. Наадварот, яны, здавалася, надалі ўдзельнікам марафону энергіі і запалу, узброіўшыся якімі, тыя шырокім крокам рушылі да свайго даўгалецця.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий