
Учора, каля 16 гадзін у мікрараёне Белка горада Петрыкава гаспадар прыватнага домаўладання пачуў гучнае квахтанне хатняй птушкі і брэх сабакі. Іван Талаш, мужчына 61-гадовага ўзросту, дарэчы, далёкі нашчадак легендарнага Дзеда Талаша, пабег на падворак і пабачыў, што адну з яго кур дзярэ шуляк-карагольчык.


«Я пачаў шукаць на двары якую-небудзь рэч, каб прагнаць птушку, але навокал нічога не было. Калі я ўзняў галаву ад зямлі, то пабачыў, што шуляк ужо ляціць акурат на мяне, расправіўшы крылы і выцягнуўшы ўперад кіпці і галаву», — распавядае Іван Іванавіч.

Стоячы паўбокам, мужчына ўдарыў наводмаш і адправіў шуляка ў «накаўт». Птушка адскочыла да сцяны гаспадарчай пабудовы і скацілася да зямлі. Гаспадар, з меркаванняў бяспекі навакольных і ўласнай гаспадаркі, памясціў драпежніка ў клетку, дзе раней трымаў труса. Спадзяванні на тое, што курыца засталася жывой, былі дарэмнымі — шуляк-карагольчык разарваў яе сваімі кіпцюрамі.


Калі паветраны хуліган прыйшоў у прытомнасць, то быў адпушчаны на волю.
Як адзначыў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Зянкевіч, грамадзяне павінны ведаць, што ў раёне працуе камісія па аказанні дапамогі дзікім жывёлам, што трапілі ў небяспечнае становішча. Таму ў падобных сітуацыях варта звяртацца менавіта ў гэты орган.

Акрамя гэтага не варта забывацца, што прыродаахоўнае заканадаўства не дазваляе ўтрымліваць дзікую жывёліну ў няволі ці карміць яе. Таму адпусціць птушку пасля таго, як яна ачуняла, было правільным рашэннем.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий