З 1 верасня бягучага года беларускім школьнікам, згодна з абноўленым Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, давялося прывыкаць да новых правіл: ніякіх мабільных тэлефонаў у школе. Такое рашэнне Міністэрства адукацыі Беларусі накіравана на тое, каб дзеці больш часу аддавалі жывым зносінам, канцэнтраваліся на вучобе.
Напрыканцы першай навучальнай чвэрці карэспандэнт “Петрыкаўскіх навін” сустрэлася з настаўнікамі, вучнямі, бацькамі, каб даведацца, як праходзіць жыццё на тэрыторыі, свабоднай ад гаджэтаў.

Алена Пацярайла, настаўнік ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Петрыкава”:
– У нашай установе адукацыі вучні без мабільнага ў руках – гэта не навіна: дзецям і ў папярэднія навучальныя гады забаранялася выкарыстоўваць тэлефоны падчас урокаў. Калі ўзнікала неабходнасць яго прымянення ў нейкай вучэбнай сітуацыі, то гэта віталася.
З верасня такая забарона ўведзена на ўзроўні Міністэрства адукацыі, і ўжо можна падвесці некаторыя вынікі.
Я лічу, што такія патрабаванні ўведзены своечасова. Не сакрэт, што многія вучні занадта прывязаны да гаджэтаў, і вельмі добра, што ў сценах школы падрастаючае пакаленне можа адпачыць ад сусветнай павуціны.
У той жа час школа разумее патэнцыял сучасных тэхналогій і гатовая інтэграваць іх у навучальны працэс, калі гэта апраўдана і прыносіць карысць.
Напрыклад, у профільных класах – шматлікія матэрыялы для дадзенай катэгорыі размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі.
Трэба прызнаць, што для некаторых школьнікаў жыццё ў школе без тэлефона – гэта стрэсавая сітуацыя. Сучасныя дзеці хочуць мець доступ у інтэрнэт увесь час і апошнія два месяцы прынеслі з сабой змены ў іх паўсядзённае жыццё. Сітуацыя, калі тэлефон не заўсёды пад рукой, стала для іх новай рэальнасцю, да якой, як паказвае досвед, яны паступова прывыкаюць. Такія змены адкрываюць для іх новыя магчымасці, выклікаюць цікавыя назіранні і пазітыўныя эмоцыі.


Паліна Невяроўская, вучаніца 10 класа ДУА “Конкавіцкая сярэдняя школа”:
– Спачатку без тэлефона было складана, асабліва на перапынках. Але зараз можна сказаць, што многія ўжо прывыклі да такога раскладу спраў. У іх ліку і я.
Калі меркаваць па нашым класе, то зновымі правіламі мы сталі часцей выходзіць на спартыўную пляцоўку, мець зносіны, абмяркоўваць мерапрыемствы, проста размаўляць пра свае справы.
Таксама многія заўважылі, калі побач няма тэлефона, павышаецца ўважлівасць падчас урокаў. Раней думкі часта адцягваліся на апавяшчэнні, паведамленні ці жаданне праверыць сацыяльныя сеткі. Зараз без гэтай спакусы можна цалкам пагрузіцца ў вучэбны матэрыял.
Першая чвэрць была насычанай у плане мерапрыемстваў і акцый. Часам для стварэння кантэнту старшакласнікам патрэбны былі тэлефоны. У такім выпадку дзяжурны настаўнік іх выдаваў, а потым яны вярталі назад у скрыню для захоўвання.
Асабіста я лічу, што ў такім новаўвядзенні для навучэнцаў ёсць свае плюсы і мінусы. З плюсаў – у нас стала больш жывых зносінаў, з мінусаў – раней мы маглі хутка знайсці неабходную інфармацыю ў інтэрнэце, падгледзець нешта для ўрока, а зараз больш трэба вучыць, запамінаць, праглядаць літаратуры. Хоць, калі падумаць, у гэтым можна таксама ўбачыць станоўчыя бакі.

Уладзіслаў ДЗЯХЦЯР, вучань 6 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Петрыкава:
– Вельмі лёгка пераношу адсутнасць мабільнага тэлефона ў школе. На ўроках я і раней ім не карыстаўся – стараюся быць засяроджаным на вучобе. Даставалі мы тэлефоны з сябрамі на перапынках, ці пасля заняткаў.
Зараз пасля ўрока мы з аднакласнікамі пачалі больш актыўна праводзіць час разам. Настольны тэніс, шашкі, шахматы, проста размовы – усё гэта стала больш папулярным у нашым класе. Я адчуў, што мы сталі бліжэй адзін да аднаго, бо маем магчымасць сапраўды размаўляць, смяяцца і дзяліцца сваімі думкамі. Такія жывыя зносіны дапамаглі мне лепш разумець сваіх сяброў і адчуваць сябе часткай калектыву.

Алена КРАМЕНСКАЯ, шматдзетная маці, вёска Брынёў.
З задавальненнем вітаю забарону на выкарыстанне мабільных тэлефонаў у школе. Гэта рашэнне, на мой погляд, з’яўляецца крокам у правільным кірунку, перш за ўсё з пункту гледжання здароўя нашых дзяцей.
Школа – гэта месца, прызначанае для атрымання ведаў. Канечне, у сучасным свеце без інтэрнэт-прасторы, тэхналогій жыць складана, але вельмі важна захоўваць баланс і разумець, дзе ім месца. Калі дзеці прыходзяці дадому яны маюць магчымасць выкарыстання мабільнымі прыладамі.
Мабільныя тэлефоны, нягледзячы на свае шматлікія перавагі, могуць стаць сур’ёзнай перашкодай на шляху да эфектыўнага выхавання і навучання. Дзеці могуць праводзіць час бескантрольна ў сацыяльных акаўнтах, многія з якіх, на жаль, нічаму добраму не навучаць.
Наконт таго, што бацькі ў любую хвіліну не могуць “набраць” дзіцяці, ці яно яму, я адношуся спакойна. Класны кіраўнік з бацькамі пры неабходнасці на сувязі і забяспечвае нас, дарослых, неабходнай інфармацыяй.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о