У нашым уяўленні прафесія жывёлавода часта асацыюецца з жаночай працай. Мы прывыклі бачыць за клопатам пра жывёлу, за штодзённай карпатлівай працай, якая патрабуе цярпення і пяшчоты, менавіта жанчын. Аднак бываюць выключэнні.
Жывёлавод ААТ “Навасёлкі” Аляксей Скудны сваім яркім прыкладам дэманструе поспехі ў гэтай нялёгкай працы.
Прафесія жывёлавод, безумоўна, адказная. На людзей гэтай прафесіі ўскладзены важныя абавязкі.
– У мае абавязкі ўваходзіць догляд за цялятамі і быкамі. Мы, работнікі сельскай гаспадаркі, укладваем шмат сіл у вытворчы працэс, каб дамагчыся добрых паказчыкаў, і не шукаем працу ў больш лёгкіх сферах дзейнасці, з задавальненнем забяспечваем насельніцтва харчаваннем, – дзеліцца Аляксей Леанідавіч.
“Вопыт і майстэрства, працавітасць і стараннасць дапамагаюць жывёлаводу справіцца з любымі цяжкасцямі і дамагчыся добрых вынікаў у працы”.
– Родам я з вёскі Новыя Галоўчыцы. З дзяцінства бачыў, як матуля працуе з жывёламі. Я заўсёды захапляўся яе ўменнем знаходзіць агульную мову з кожным цяляткам. Я быў малым, але заўсёды імкнуўся палегчыць ёй працу, у тым ліку і раніцай. Нягледзячы на тое, што бацькі стараліся не будзіць мяне, я сам падымаўся і ішоў дапамагаць, каб матуля магла крыху адпачыць, – успамінае суразмоўца.– Мусіць, гэта і стала маім пакліканнем. Я проста не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі.
Працоўны дзень у Аляксея Леанідавіча пачынаецца з 8 гадзін раніцы і доўжыцца да 17. Яго задача – накарміць цялят, пачысціць памяшканне, падаслаць салому, агледзець, ці ўсе здаровыя, а ў выпадку выяўлення хворых цялят, паведаміць пра гэта ветэрынарнаму ўрачу. Мужчына даглядае 180 цялят. Цяжка ўявіць, як адзін чалавек можа прасачыць за кожнай жывёлай. Аляксей Леанідавіч прызнаецца, што за 25 гадоў ужо прывык да такой нагрузкі. Кажа, што ведае кожнага свайго падапечнага каму дрэнна, хто не есць…
Жывёлавод з трапятаннем сочыць за маладняком, ахінае жывёлін клопатам і ўвагай з першых дзён жыцця, ствараючы камфортныя ўмовы і забяспечваючы неабходны догляд. Яго намаганні прыносяць выдатныя вынікі – стабільныя прыбаўленні і высокую нараджальнасць цялят, якія хутка растуць і развіваюцца, становячыся асновай будучага статка. І менавіта Аляксею Леанідавічу даверылі даглядаць за самымі маленькімі выханцамі буйной рагатай жывёлы. Іх трэба заўсёды своечасова напаіць, накарміць, прыбраць іх домікі, падаслаць свежай саломкі, а яшчэ глядзець, каб яны не хварэлі. Клопатаў шмат. Але герой артыкула з гэтым з усім спраўляецца. Ён ведае, што ад яго працы залежыць здароўе і далейшы рост кожнай жывёлы, а значыць і дабрабыт гаспадаркі.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.






Оставить комментарий