Шчасце. Якое простае і адначасова складанае слова. Мы ўсе імкнемся да яго, шукаем у вялікіх і маленькіх рэчах, марым аб ім, а часам нават не зважаем, што яно ўжо побач.
У Міжнародны дзень шчасця, які адзначаўся 20 сакавіка, запыталі ў землякоў: што для іх значыць шчасце?
Анастасія ГАЛІЦКАЯ, жыхарка горада Петрыкава:
– Для мяне шчасце – гэта бачыць усмешку свайго дзіцяці. Моманты, праведзеныя з блізкімі людзьмі. Калі бачыш усмешкі сваіх родных, адчуваеш іх падтрымку і каханне, разумееш, што жыццё напоўнена сэнсам. Мацярынства – гэта праца, але яно ж становіцца крыніцай велізарнай радасці і натхнення. А яшчэ шчасце – гэта калі атрымоўваецца знайсці час для сябе, нават калі гэта ўсяго 10 хвілін у дзень.
Наталля СІТНІК, жыхарка горада Петрыкава:
– Шчасце – гэта падзяка за кожны пражыты дзень. Калі прачынаешся раніцай, бачыш сонца за акном, чуеш спевы птушак і ра-зумееш, што жыццё цудоўнае. А яшчэ шчасце – гэта мае цудоўныя дачка і ўнучка Вераніка і Ганначка, іх абдымкі, падтрымка – гэта для мяне шчасце.
Мікалай КАРНЕЙЧЫК, ураджэнец аграгарадка Навасёлкі:
– Я адчуваю сябе шчаслівым, калі бачу вынікі сваіх намаганняў: здаў экзамен, выканаў нарматыў, дапамог таварышу. Шчасце, калі ты разумееш, што твая праца мае сэнс і прыносіць карысць людзям. Шчаслівыя моманты – гэта калі нечакана для сябе нешта робіш правільна. Хтосьці нагрубіў, але ты не адказаў тым жа. Наадварот, адказваеш ветліва – і чалавеку таксама лепш становіцца.
Ангеліна КАЗЛОВІЧ, жыхарка аграгарадка Конкавічы:
Шчасце для мяне – гэта магчымасць паспяваць усё: рыхтавацца да іспытаў, праводзіць час з сябрамі, займацца хобі і знаходзіць час для сябе. Я лічу, што шчасце – гэта калі ў цябе ёсць мара і ты ведаеш, як яе дасягнуць.
Марыя Тамко,
фота аўтара.
Оставить комментарий