Першым тысячнікам “Палесся-Аграінвест” стаў вадзіцель Сяргей Шараеў, з якім карэспандэнт раёнкі пагутарыў падчас шанавання лідараў жніва гаспадаркі 7 жніўня. Літаральна на наступны дзень, у чацвер, мужчына дасягнуў паказчыку ўжо ў дзве тысячы тон.
Сяргей Анатольевіч – ураджэнец Петрыкава і працуе ў гаспадарцы вось ужо больш за 15 гадоў, з усмешкай адзначаючы, што прыходзіў працаўладкоўвацца яшчэ ў саўгас “Петрыкаўскі”, які з цягам часу пераўтварыўся ў вядучае сельгаспрадпрыемства рэгіёну.
– Асноўная мая задача зараз – гэта перавозка зерня. Хаця, працягам гэтага сезону вазіў, вядома, і зялёную масу. Працую на МАЗе-6501 з прычэпам. Каля двух тыдняў таму агульная маса перавезенага мной зерня дасягнула тысячы тон, зараз жа падбіраюся да выніку ў дзве тысячы, – сціпла распавёў пра свае працоўныя дасягненні мужчына.
На пытанне, як дабіцца годных вытворчых паказчыкаў, аграрый адказвае без прамаруджвання: “Калі шчыра, мы асабліва над гэтым не задумваемся. Намагаемся паспяваць, але галоўнае, апрача ведання сваёй справы і догляду за тэхнікай, гэта ўзаемадапамога. Тут склаўся добры калектыў і калегі заўсёды дапамагаюць адзін аднаму. Без гэтага ў сельскай гаспадарцы ніяк, бо, урэшце, працуем мы на агульны вынік”, – падзяліўся меркаваннем Сяргей Шараеў.
Вядома, праца вадзіцеля патрабуе не толькі вопыту, але і пільнасці з вытрымкай. Працоўны дзень хлебаробаў пачынаецца каля 6-ці гадзін раніцы. Пасля штодзённага абслугоўвання машыны і іншых арганізацыйных працэдур спецыялісты накіроўваюцца на палеткі. Якасна сабраць і перавезці ўраджай, не збаўляючы тэмпаў, – задача, што патрабуе пільнасці і выканання ўсіх патрабаванняў аховы працы.
Суразмоўца адзначыў, што, калі праца з зерневымі культурамі скончыцца, ён будзе заняты на перавозцы кукурузы. А гэта значыць, што працоўны дзень будзе працягвацца яшчэ даўжэй, але асаблівых праблем герой рэпартажу ў гэтым не бачыць – дабаўляе, што праца ў час жніва, у большасці сваёй, пытанне звычкі.
Разам з жонкай Інай Сяргей Анатольевіч выхоўвае дачку Настассю, якой 14-ць гадоў. Таму, калі казаць пра асабістыя планы, мужчына адзначае, як, пэўна, і кожны аграрый, што жадае больш часу праводзіць разам з сям’ёй. Яно і не дзіва, выходзіць на работу даводзіцца, калі родныя яшчэ спяць, а вяртацца з палеткаў – калі ўжо адышлі на адпачынак.
Сярод захапленняў земляка – традыцыйны палескі промысел – рыбалка. “Да ракі, канешне, цягне, асабліва, калі чуеш пра ўдалыя ўловы іншых рыбакоў. Але зараз перад намі стаяць сур’ёзныя задачы. Першая справа – гэта жніво, таму пра адпачынак пакуль разважаць рана”, – рэзюмаваў вадзіцель.
Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий