Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць аўтамабілісты і дарожнікі Беларусі. Штодзень тысячы машын выязджаюць на дарогі раёна, вобласці і рэспублікі, каб забяспечыць цэласную работу ўсіх сфер эканомікі і сацыяльнай сферы.

Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з начальнікам вытворчага ўчастка “Петрыкаў” філіяла №13 ААТ “Гомельаблаўтатранс” Наталляй Шабалтас і папрасілі расказаць пра стан спраў на прадпрыемстве.
Як пазначыла Наталля Юр’еўна, на сённяшні дзень калектыў участка складае 50 чалавек. Дзякуючы вадзіцелям, рамонтнікам, інжынерна-тэхнічнай службе і іншым спецыялістам у святы і будні ў любое надвор’е сістэма пасажырскага транспарту раёна функцыянуе бесперабойна.
Асноўным відам дзейнасці філіяла як у мінулым, так і цяпер з’яўляецца перавозка пасажыраў аўтобусамі ва ўсіх відах аўтобусных зносін (маршрутныя перавозкі на гарадскіх, прыгарадных, міжгародніх і міжнародных маршрутах, прадастаўленне аўтобусаў па заказах арганізацый і прыватных асоб), а таксама грузавыя перавозкі.
– Маршрутная сетка філіяла на 1 кастрычніка бягучага года складаецца з 33-ох маршрутаў. Сюды ўваходзяць 3 гарадскія маршруты, 28 прыгарадных і 2 міжгароднія. Па выніках дзейнасці за 9 месяцаў нашым прадпрыемствам атрымана выручка ад рэалізацыі паслуг па перавозцы грузаў і пасажыраў у суме больш як 2,5 мільёна рублёў, тэмп росту да 2024 года склаў 118%.
У раёне за бягучы год перавезена 344 тысячы пасажыраў і больш за 21 тысячу тон грузаў. Павялічаны ўзровень мэтавага паказчыка па пасажыраабароту на 117,5 % да аналагічнага перыяду 2024 года. Экспарт транспартных паслуг склаў 18,9 тысяч долараў ЗША.
Прадукцыйнасць працы на аднаго працуючага – 57,34 тысячы рублёў ці 114,2% да ўзроўню 2024 года. Сярэднямесячная заработная плата па выніках 9 месяцаў – 2220,2 рублёў, рост склаў 138,7%, – з гонарам распавяла Наталля Юр’еўна.
Асабліва важным напрамкам развіцця, па словах суразмоўцы, з’яўляецца абнаўленне транспарту. Сёлета набыты аўтобус прыгарадных зносін МАЗ-257040 на 48 месцаў і аўтобус турыстычнага класа YuTong умяшчальнасцю 54 пасажыры. Мадэрнізуецца і абнаўляецца не толькі рухомы састаў, але і інструменты, і абсталяванне. Адрамантавана асфальтавае пакрыццё тэрыторыі вытворчага ўчастка.
– Летні сезон нашы новенькія аўтобусы турыстычнага класа разам з падрыхтаванымі экіпажамі высакакласных вадзіцеляў завяршылі заваяваннем горных вяршыняў Грузіі і Каўказа.
Калектыў у нас хоць і невялікі, але дружны. Без перабольшання скажу, што кадры прадпрыемства – гэта аснова яго жыццядзейнасці.
Адзін з лепшых работнікаў філіяла – Сяргей Дарафей, які сёлета па выніках работы будзе занесены на Дошку гонару ААТ “Гомельаблаўтатранс”, – пазначыла ў час размовы начальнік участка і дадала: –
Сяргей Іванавіч, вадзіцель аўтамабіля 1 класа,працуе ў філіяле 5 гадоў. Чалавек, на якога можна разлічваць у любой складанай сітуацыі. Заўсёды пачцівы і акуратны ў працы, адказна падыходзіць да кіравання транспартным сродкам. Менавіта па гэтай прычыне, калі ў мінулым годзе ААТ “Гомельаблаўтатранс” адкрывала новыя турыстычныя напрамкі Рэспубліка Беларусь – Грузія, Рэспубліка Беларусь – Каўказ, наш Сяргей Іванавіч “перасеў” на міжнародны маршрут.
Напярэдадні прафесійнага свята, аддаючы даніну павагі ўсяму працоўнаму калектыву, Наталля Юр’еўна выказала ўпэўненасць у тым, што і ў далейшым калектыў будзе захоўваць годны імідж перавозчыка, рабіць усё неабходнае для дакладнай і стабільнай работы.
– Віншую калектыў прадпрыемства, нашых ветэранаў, а таксама калег па транспартнай галіне з прафесійным святам. Работнікам, якія зараз у страі, жадаю галоўных складальнікаў поспеху: ведаў, умення і жадання добра выконваць сваю справу. І, вядома ж, здароўя, аптымізму і ўзаемаразумення. Нашым паважаным ветэранам – бадзёрасці духу, добрага настрою, дабрабыту ў сем’ях, дастатку і, вядома ж, здароўя, – пазначыла ў завяршэнні размовы Наталля Юр’еўна.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о