Рэдакцыя “ПН” працягвае серыю публікацый у рамках праекту “Колеры жыцця”.
Нават калі жыццёвыя шляхі прыводзяць да заслужанага адпачынку, некаторыя людзі не спыняюцца, а знаходзяць новыя формы самарэалізацыі, прыносячы карысць грамадству. Менавіта такой асобай з’яўляецца Людміла Зубар, якая, нягледзячы на пенсійны ўзрост, актыўна займаецца валанцёрскай дзейнасцю, праводзячы заняткі па лячэбнай фізкультуры з наведвальнікамі аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі Петрыкаўскага ТЦСАН.
– Калі мне прапанавалі праводзіць заняткі па лячэбнай фізкультуры ў якасці валанцёра, то спачатку былі сумненні. Паспрабавала, і ў хуткім часе ўбачыла жаданне людзей такога ж як і я ўзросту палепшыць праз фізічныя практыкаванні сваё здароўе, эмацыянальны стан, стаць больш упэўненым у сабе. Так і займаюся такой патрэбнай справай больш за дзесяць гадоў, – дзеліцца Людміла Пятроўна.
Для многіх землякоў старэйшага ўзросту, з падачы валанцёра, лячэбная фізкультура стала добрым “сябрам”. Яны адкрылі для сябе не проста комплекс практыкаванняў, а цэлы лад жыцця, які дапамагае падтрымліваць добрае самаадчуванне і прывабны знешні выгляд.
Дадзенаму занятку Людміла Пятроўна прысвяціла сваё прафесійнае жыццё. Валанцёр нарадзілася на Гомельшчыне, але дзяцінства і юнацтва правяла на Поўначы, у горадзе Аленягорску, куды пераехалі яе бацькі. Там яна атрымала педагагічную адукацыю па спецыяльнасці “Настаўнік фізічнай культуры”. Першыя крокі ў прафесіі былі зроблены на Урале.
Пасля вяртання на Петры-каўшчыну маладая жанчына працягнула прафесійна займацца лячэбнай фізкультурай. Гэты напрамак “не адпусціў” яе і на заслужаным адпачынку. Яе майстэрства аказалася запатрабаваным сярод людзей сярэбранага ўзросту.
Сёння яна праводзіць заняткі на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу два разы на тыдзень, кожны ўрок доўжыцца гадзіну. Людміла Пятроўна адказна рыхтуецца да кожнай сустрэчы, вывучае спецыяльную літаратуру і прапануе свае ўласныя распрацоўкі, выкарыстоўваючы назапашаны вопыт.
Яе валанцёрская дзейнасць – гэта яскравы прыклад таго, як вопыт, веды і шчырае жаданне дапамагаць могуць прынесці значную карысць людзям, нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Людміла Пятроўна не толькі дапамагае людзям палепшыць сваё фізічнае і эмацыянальнае здароўе, але і ўдыхае ў іх жыццё новы сэнс і ўпэўненасць.

Таццяна СЕМЯНІЦКАЯ:
– У сакавіку будзе тры гады, як я наведваю заняткі. Калі мне ўпершыню параілі заняцца ЛФК, я адчувала страх і няўпэўненасць. Аднак калі сустрэлася з Людмілай Пятроўнай, то адчула спакой. Яна растлумачыла, што лячэбная фізкультура гэта не інтэнсіўныя трэніроўкі, а асцярожныя, мэтанакіраваныя рухі, якія дапамагаюць аднавіць функцыі цела і палепшыць якасць жыцця.
Спачатку было нязвыкла, нават цяжка. Але з кожным заняткам, з кожным новым вывучаным рухам, адчувалася паляпшэнне здароўя, з’яўлялася лёгкасць у целе. І тады для мяне заняткі перасталі насіць рэкамендацыйны характар, а сталі сапраўдным сябрам, які падтрымлівае і дапамагае.
Дзякуй за гэта нашаму цудоўнаму валанцёру.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.





Оставить комментарий