Днямі ў Петрыкаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі завіталі госці з прыемнай місіяй – напярэдадні навагодніх святаў на Гомельшчыне быў дадзены старт рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы – дзецям”.
Ва ўстанову адукацыі прыбылі дэлегаты Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюзаў работнікаў лесу і прыродакарыстання. Прафсаюзных актывістаў падзялілі на групы, кожная з якіх наведала кабінеты, пазнаёмілася з падыходамі, метадамі і вынікамі работы Цэнтра. Акрамя таго, госці маглі паўдзельнічаць у навучальных гульнях і стаць надзейнымі памочнікамі для дзетак з асаблівасцямі. Некаторыя са спецыялістаў лясной галіны не стрымлівалі эмоцый: абдымалі дзетак, не менш за малых радаваліся правільнаму выкананню чарговага задання – кабінеты памяшкання напаўняліся смехам, а на вачах жанчын можна было заўважыць слязінку.
Напрыканцы прэзентацыйнай праграмы педагогі і прафсаюзныя актывісты сабраліся ў спартыўнай зале. Да прысутных звярнуўся старшыня абласной арганізацыі прафсаюзаў работнікаў лесу і прыродакарыстання Аляксандр Васіленка: “Асабіста пазнаёміўшыся з вашай работай, мы ў чарговы раз пераканаліся, які важкі ўнёсак робяць педагогі, колькі сіл яны аддаюць на карысць стваральнай справы выхавання і навучання дзетак, падыходзячы да сваіх абавязкаў са шчырым сэрцам і адкрытай душою”. Аляксандр Пятровіч уручыў дырэктару раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ганне Мяшковай сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы на тысячу рублёў, дадаўшы: “Гэта, як то кажуць, кропля ў моры, і, вядома, не ўсе пытанні можна вырашыць грашыма, але з такіх дабрачынных візітаў і пачынае складацца дабрабыт”.
Ганна Альбертаўна падзякавала гасцям за падарунак, адзначыўшы: “Для дзяцей установы адукацыі вельмі важная любая падтрымка, але галоўнае, што сёння яны адчулі цеплыню і пяшчоту людзей, не абыякавых да іх жыцця”.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий