У рамках Адзінага дня інфармавання старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў сустрэўся з насельніцтвам аграгарадка Пціч.
Тэма размовы – “Роля сямейных каштоўнасцяў у сучасным грамадстве”.
У час адкрытага дыялогу начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлана Блінец зрабіла асаблівы акцэнт на ключавых аспектах тэмы Дня інфармавання, прымеркаванага да Тыдня бацькоўскай любові ў Беларусі.
– Менталітэт славянскіх народаў, хрысціянскія каноны заўсёды былі накіраваны на падтрымку паўнавартаснай сям’і. І гэта правільна, бо толькі саюз мужчыны і жанчыны здольны прывесці да фарміравання новага жыцця, нараджэнню дзяцей. Толькі моцная і здаровая сям’я можа забяспечыць гарманічнае развіццё дзяцей і выгадаваць з іх дастойных членаў грамадства, – адзначыла дакладчык.
Выразна разумеючы, з чым сутыкаецца сучаснае заходняе грамадства, у Беларусі праводзіцца паслядоўная палітыка, накіраваная на захаванне нашых традыцыйных каштоўнасцей. На заканадаўчым узроўні сям’я абвяшчаецца прыярытэтам, а яе абарона – найважнейшай дзяржаўнай функцыяй. Пры гэтым у Асноўным Законе дакладна прапісана, што шлюб уяўляе сабой саюз жанчыны і мужчыны.
Былі прыведзены статыстычныя дадзеныя. Згодна з вынікамі сацыялагічнага даследавання, праведзенага Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі ў І квартале 2025 года. Так, у беларусаў лідзіруючыя пазіцыі традыцыйна займаюць такія каштоўнасці як дзеці (68,8%), сям’я (65,1%), а таксама родныя і блізкія (59%). Пры гэтым беларусы дастаткова пазітыўна расцэньваюць бацькоўства. Таму аснову беларускага грамадства складае традыцыйная сям’я.
Была звернута ўвага і на такі важны факт: сямейная палітыка Рэспублікі Беларусь уключае ў сябе маштабны комплекс мер для падтрымкі і забеспячэння дастойных умоў жыццядзейнасці сем’яў, у тым ліку сем’яў з дзецьмі. За кошт гэтых мер дзяржава аказвае бацькам і сям’і ў цэлым значную матэрыяльную і прававую дапамогу.
У мэтах падтрымання інстытута сям’і ў Рэспубліцы Беларусь уведзены шэраг сацыяльных дапамог і дзяржаўных гарантый.
У цэлым можна адзначыць, што сістэма сацыяльнай абароны сям’і, якая выбудавана ў Беларусі, – наш сацыяльны брэнд.
Аляксандр Верамееў у сваю чаргу нагадаў прысутным, што прыярытэтам пяцігодкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі з’яўляецца “шчаслівая сям’я”, а гэта ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, у аснове якіх – гарманічныя сямейныя адносіны, фізічны і духоўны дабрабыт, выхаванне дзяцей, клопат пра старэйшае пакаленне.
Прысутны на сустрэчы галоўны ўрач Петрыкаўскай ЦРБ Яўгеній Лагвінец закрануў немалаважную тэму клопату і адказнасці за ўласнае здароўе, а таксама пытанні праходжання дыспансерызацыі і вакцынацыі ад грыпу.
Намеснік начальніка РАУС Аляксандр Семікопенка распавёў пра аператыўную абстаноўку ў раёне і на тэрыторыі Пціцкага сельсавета, акцэнтаваў увагу на зменах у ПДР, нагадаў пра асцярожнасць зносінаў у месенджарах, актыўнасць кіберзлачынцаў.
Намеснік начальніка РАНС Аляксандр Дашкевіч нагадаў правілы пажарнай бяспекі ў ацяпляльны перыяд.
Прысутныя на сустрэчы змаглі задаць пытанні, якія іх цікавяць, і атрымаць вычарпальныя адказы.
Узнімалі вяскоўцы пытанні якасці пітной вады на асобных вуліцах аграгарадка, стану дарог да вясковых могілак, замены ЛЭП з мэтай наступнага падключэння электраацяплення, размеркавання ў амбулаторыю ўрача агульнай практыкі працэдурнай медсястры і іншыя.
Звярталіся жыхары аграгарадка да старшыні райвыканкама і ў прыватным парадку.
– Адзіныя дні інфармавання – добрая магчымасць атрымаць зваротную сувязь ад вяскоўцаў па актуальнай дзяржаўнай павестцы, пачуць іх меркаванне, дапамагчы ў вырашэнні хвалючых пытанняў, – пазначыў па завяршэнні сустрэчы кіраўнік раёна.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий