Старшыня Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў:
– Гэты факт бясспрэчны і ўжо даказаў сваю жыццёвую мэтазгоднасць. Кожнае новае прадпрыемства, якое ўзнікае на тэрыторыі любой адміністрацыйнай адзінкі, прыносіць з сабою шэраг перспектыў: так, з’яўляюцца новыя працоўныя месцы з, як правіла, годнай заработнай платай. А гэта ў сваю чаргу забяспечвае “аседласць” мясцовых жыхароў на тэрыторыі пражывання, яны ўжо “не вандруюць” па краіне і бліжэйшым замежжы ў пошуках годных заробкаў, бо ўсё гэта можна атрымаць дома. Такім чынам, акрамя эканамічнага развіцця рэгіёна вырашаецца і праблема адтоку насельніцтва з раёнаў у абласныя цэнтры ці буйныя гарады. З новым суб’ектам гаспадарання прыходзяць і падаткі ў мясцовы бюджэт, а гэта ўжо перспектыва для далейшага сацыяльнага развіцця раёна, калі на рэалізацыю таго ці іншага сацыяльнага праекты мясцовай уладзе не трэба шукаць сродкі.
Кіраўнік райвыканкама прыводзіць канкрэтны прыклад:
– На тэрыторыі нашага раёна ў аграгарадку Ляскавічы рэалізаваны праект “Цэх пялетнай вытворчасці магутнасцю 20 тысяч тон у год”. Заказчыкам аб’екта выступіла дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. У лютым 2023 года аб’ект здадзены ў эксплуатацыю, дзякуючы чаму было працаўладкавана 20 чалавек, прыцягнута і асвоена амаль 17 мільёнаў рублёў.

У дадзеным выпадку важна тое, што дзякуючы рэалізацыі ідэі “Адзін раён – адзін праект” новае прадпрыемства з’явілася ў сельскім населеным пункце.

Што да прадукцыі прадпрыемства, то яна запатрабавана. Так, на сённяшні дзень шэраг кацельняў аграгарадка і ўстаноў лясной галіны раёна пераведзены на пялетныя катлы, што дазволіла знізіць сярэднегадавую ўдзельную вагу расходу паліва на отпуск цеплавой энергіі. Таксама прадпрыемствам заключаны дагаворы на пастаўку прадукцыі з ДЭУ-48, Жыткавіцкім камунальнікам, ПП “Аква-Ніка”, РУП “Слуцкія паясы”, раённымі аддзеламі МНС Петрыкава і Жыткавіч і іншымі. У бягучым годзе пачалася пастаўка паліўных пялет у Расійскую Федэрацыю, адгружана 1158,6 тон.

Такім чынам, рэалізацыя праектаў у межах ініцыятывы “Адзін раён – адзін праект” добры стымул для развіцця рэгіёнаў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о