Працаваць у сельскай гаспадарцы – значыць аддаваць зямлі цяпло сваіх рук, клопат, укладваць душу і талент у любімую справу.Усё пералічанае стала сэнсам жыцця для многіх землякоў, і яны наш гонар.

Быць лідарам для механізатара з СУП “Палессе-Аграінвест” Эдуарда Шулякоўскага даўно стала заканамернасцю. А калі больш дакладна, то выдатныя вынікі ён паказаў з самага пачатку сваёй працы ў гаспадарцы – больш за 30 гадоў таму. З тых часоў з году ў год ён арэ, сее, прыбірае стабільна, з’яўляючыся перадавіком у гаспадарцы, займаючы лідзіруючыя пазіцыі ў раёне. Прыемна адзначыць, што ўчора на абласным фестывалі “Дажынкі-2025” Эдуард Іванавіч узнагароджаны Падзякай Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную працу і высокія паказчыкі.
Сёлета Эдуард Іванавіч дасягнуў найбольшай выпрацоўкі па ўнясенні мінеральных угнаенняў у апрацоўцы кукурузы – 7304,4 гектары.
– У маёй сям’і ніколі не цураліся сялянскай працы, бацькі мелі добрую гаспадарку і кавалак зямлі, з малых гадоў мяне прывучылі да работы. Калі жывеш у вёсцы, усё гэта трэба ўмець і канечне любіць сялянскую працу. З дзяцінства заварожваюся водарам скошанай травы. Вясковае жыццё – мая стыхія. Вырвемся з жонкаю ў Мазыр за пакупкамі і доўга там не можам быць, ляцім хутчэй дахаты. Чамусьці ў горадзе ўсё пачынае балець, нервуемся. А прыедзем дамоў – і адразу дыхаецца лягчэй, – дзеліцца думкамі Эдуард Іванавіч. – Колькі памятаю сябе, заўсёды было жаданне працаваць на зямлі. Так і атрымалася, пасля школы адразу ўладкаваўся ў гаспадарку механізатарам. Жадання мяняць месца працы не ўзнікла ні разу, таму што я займаюся той справай, якая па душы, – распавядае аграрый.
Кіруе механізатар трактарам МТЗ-80, які заўсёды ў найлепшым стане: рыхтуе яго аграрый да сезона шчыра, каб у час палявых работ не прастойваць на рамонце.
Цікава, што прафесія аграрыя перадаецца ў сям’і Шулякоўскіх далей. З нядаўняга часу ў сельскай гаспадарцы працуе і малодшы сын Дзмітрый. І гэта не дзіўна, бо з самага дзяцінства бацька прывіваў любоў да роднай зямлі і, вядома ж, працавітасці.
Механізатар ганарыцца тым, што стаў адным з прадстаўнікоў Петрыкаўшчыны на абласных “Дажынках-2025” у Лельчыцах. Атрыманы зарад выдатнага настрою і яркіх эмоцый стане яшчэ большым стымулам у рабоце. Свята ўраджаю не завяршае працу аграрыя. Цяпер механізатар рыхтуе палі да наступнага сезону. Вядома, што ў сельскай гаспадарцы не толькі вясновы дзень год корміць, а і кожны.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о