Сёння, у Дзень інвалідаў Рэспублікі Бкларусь, мы зноў звяртаем увагу на важнасць інклюзіі і падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Гэта тэма, не абыякава беларускаму грамадству. Людзі дадзенай катэгорыі не забытыя, актыўна падтрымліваюцца на дзяржаўным узроўні. Карэспандэнт раённага выдання наведала Петыкаўскі раённы Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, каб даведацца пра ўмовы, створаныя для паўнавартаснага развіцця дзяцей з інваліднасцю.
Петрыкаўскі раённы Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі наведвае 20 дзяцей-інвалідаў. З іх: 14 – навучаюцца, 6 – атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу.
–У нашай установе функцыянуюць два класы, дзе навучаюцца дзеці-інваліды. Для ўсіх вучняў арганізаваны падвоз на спецыяльна абсталяваным транспарце. Для суправаджэння вучняў пэўнай групы рашэннем райвыканкама ўведзена дзве стаўкі выхавальніка персанальнага суправаджэння. У Цэнтры створаны ўсе ўмовы для дзяцей з парушэннямі аўтыстычнага спектру для таго, каб кожнае дзіця, незалежна ад сваіх магчымасцей, магло развівацца, вучыцца, – пачынае размову намеснік дырэктара ўстановы Наталля Дворнік.
“Навучальны план ЦКРіР забяспечвае атрыманне спецыяльнай адукацыі вучняў-інвалідаў з цяжкімі, множнымі парушэннямі ў фізічным і псіхічным развіцці. Наша галоўная задача – дапамагчы дзецям раскрыць свой патэнцыял, навучыць іх самастойнасці і падрыхтаваць да жыцця ў грамадстве”
У Цэнтры працуе каманда адказных, кваліфікаваных спецыялістаў: педагогі, выхавацелі, педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог. Іх работа ўключае дыягнастычную дзейнасць, аказанне ранняй комплекснай дапамогі дзецям-інвалідам, арганізацыю адукацыйнага працэсу, карэкцыйна-педагагічную, метадычную, кансультатыўную работу. Уся дзейнасць накіравана на развіццё спецыяльных навыкаў выхаванцаў, умацаванне іх здароўя, раскрыццё ўнутранага свету дзяцей праз творчыя заняткі. Ва ўстанове арганізавана праца аб’яднанняў па інтарэсах “Масцярок”, “Вясёлка”, “Займальная матэматыка”. Адукацыйная праграма дадатковай адукацыі дзяцей рэалізуецца педагогамі Петрыкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Наладжана праца з валанцёрамі гарадскіх школ. Стаў добрай традыцыяй удзел выхаванцаў ЦКРНіР сумесна з выхаванцамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў абласным фестывалі “Вясёлкавы карагод”, у выставах творчых работ. Для фарміравання талерантных адносін да дзяцей-інвалідаў праводзяцца адкрытыя мерапрыемствы, у якіх дзеці дэманструюць свае дасягненні.
На сайце ЦКРіР размяшчаецца інфармацыя аб правядзенні мерапрыемстваў, кансультацый для бацькоў і педагогаў. Інфармаванне для бацькоў дзяцей-інвалідаў ажыццяўляецца праз мэсэнджар Viber, групу “Дапамога побач”.
Наталля Віктараўна адзначыла важнасць узаемадзеяння цэнтра з Петрыкаўскай ЦРБ, сацыяльна-педагагічным цэнтрам, ТЦСАН у пытаннях рэалізацыі індывідуальных праграм рэабілітацыі і абілітацыі дзяцей-інвалідаў.
“Міжведамаснае ўзаемадзеянне ўсіх структур дае магчымасць забяспечыць комплексную рэабілітацыю дзяцей-інвалідаў.”
Безумоўна, у ЦКРНР створаны ўсе ўмовы для таго, каб дзеці з асаблівасцямі развіцця маглі не толькі атрымліваць неабходную адукацыю і карэкцыйную дапамогу, але і адчуваць сябе камфортна і бяспечна. І гэта не толькі прыгожыя класы, наяўнасць неабходных сродкаў і матэрыялаў для заняткаў, арганізацыя харчавання і здароўезберагальнага асяроддзя. Гэта яшчэ і асаблівая атмасфера – спакойная, добразычлівая і напоўненая клопатам. Тут няма месца стэрэатыпам і абыякавасці. Наадварот, кожны супрацоўнік, ад кіраўніка да педагогаў і спецыялістаў, працуе з адданасцю і любоўю, разумеючы важнасць сваёй місіі.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.






Оставить комментарий