У чацвер, 3 кастрычніка, раённы Дом культуры поўніўся маладымі спецыялістамі, якія завіталі на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна. Нагадаем, што такія мерапрыемствы ладзяцца штогод і дазваляюць працоўнай моладзі, якая прыбыла на Петрыкаўшчыну на сваё першае месца працаўладкавання не толькі задаць адміністрацыі раёна цікавячыя пытанні, але і атрымаць актуальную для маладых спецыялістаў інфармацыю.

У фае ўстановы культуры была ўсталявана карта Беларусі, дзе кожны ўдзельнік сустрэчы прымацоўваў стыкер на месца свайго роднага горада з пажаданнямі для Беларусі. Большасць такіх стыкераў было размешчана на тэрыторыі Гомельшчыны, але ўвогуле геаграфія была куды бош шырокая – ад Брэста да Віцебска.

Распачаў сустрэчу старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў, які расказаў прысутным пра Петрыкаўшчыну і азнаёміў спецыялістаў з патэнцыялам рэгіёна. “Галоўнае наша багацце – гэта карысныя выкапні, багатая прыродная спадчына і, безумоўна, людзі. Але больш цікава даведацца пра тое, што хвалюе вас – маладое пакаленне”, – прапанаваў распачаць дыялог Аляксандр Аляксандравіч.

У старшыні райвыканкама пацікавіліся, ці плануецца ўзвядзенне на Петрыкаўшчыне но-вых сацыяльна значных аб’ектаў і адкрыццё гандлёвых кропак з таварамі лёгкай прамысловасці. “Шмат чаго ў горадзе было зроблена ў мінулыя гады, але, вядома, на гэтым прыпыняцца мы не збіраемся. Так, у райцэнтры плануецца пабудова новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Што да адкрыцця гандлёвых кропак з таварамі ў тым ліку і лёгкай прамысловасці, то адміністрацыя раёна заўсёды адкрытая для прапаноў. Магчыма, з-за невялікай колькасці насельніцтва буйныя вытворцы пакуль не разглядаюць перспектывы адкрыцця ў Петрыкаве паўнавартасных фірмовых крам, але мы прапануем суб’ектам вытворчасці магчымасці рэалізацыі сваёй прадукцыі праз павільёны і адмысловыя аддзелы”.

Таксама старшыні райвыканкама было агучана пытанне пра арэнднае жыллё: адна з дзяўчын падзялілася, што ў час навучання ёй зручней было здымаць кватэру, чым жыць у пакоі інтэрната. Яна прызвычаілася да павольнага ладу жыцця і выказала меркаванне, што не мала яе аднагодак былі б не супраць жыць у арандаванай кватэры. Аляксандр Верамееў адзначыў, што ў хуткім часе ў горадзе распачнецца будаўніцтва 40-кватэрнага дома з арэндным жыллём, які будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 4-м квартале 2025 года. Вядома, пэўная частка квадратных метраў будзе вылучана і пад жыллёвыя патрэбы маладых спецыялістаў. Таксама кіраўнік раёна дадаў, што будаўніцтва падобнага дома – не штучны праект і ў кожны наступны год плануецца ўзводзіць па шматкватэрнаму будынку арэнднага жылля.

Начальнік аддзела арга-нізацыйна-кадравай работы райвыканкама Кацярына Бекарэвіч паведаміла прысутным пра статус маладога спецыяліста, льготы, якія гарантаваны дзяржавай гэтай катэгорыі грамадзян, парадак працаўладкавання, акалічнасці пераразмеркавання ці звальнення. Акрамя гэтага, запрошаныя былі праінфармаваныя пра магчымасці навучання ў ВНУ за кошт раённага бюджэту і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Галоўны спецыяліст аддзела іпатэчнага і льготнага крэдытавання абласнога ўпраўлення Таццяна Радзько распавяла пра льготнае крэдытаванне на набыццё беларускіх тавараў.

Таксама маладыя людзі даведаліся ад начальніка аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Андрэя Завадскага пра тое, як стаць на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў, калі малады спецыяліст вырашыў застацца на Петрыкаўшчыне для пастаяннага пражывання і працы.

Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Ходзька параіла маладым спецыялістам: “Кожны з вас, канешне, зараз “уцягваецца” ў працу і спазнае на ўласным вопыце нюансы прафесіі. Але не варта забывацца і пра планы на жыццё: не пакідайце магчымасць далейшага навучання ці павышэння кваліфікацыі, узважце ўсе выгоды жыцця ў раёне, паклапаціцеся пра паляпшэнне жыллёвых умоў і своечасова прымайце рашэнне. Гэта адыграе вам добрую службу”.

Напрыканцы мерапрыемства Аляксандр Верамееў рэзюмаваў: “Кажучы ў агульных рысах, трэба разумець, што галоўны крытэрый развіцця інфраструктуры любога населенага пункта – людзі. Чым большае насельніцтва – тым больш сацыяльных выгод мэтазгодна там ствараць. І калі большасць з вас, маладых, кемлівых і амбіцыйных  застанецца на першым сваім месцы працаўладкавання, створыць тут сем’і, то і з інвестыцыйнага пункту гледжання наш раён будзе выглядаць яшчэ больш прывабным”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о