
20 лістапада – Міжнародны дзень педыятра, свята тых, хто прысвяціў сваё прафесійнае жыццё клопату пра здароўе нашых дзяцей.
Падзея стала добрай нагодай наведаць педыятрычнае аддзяленне Петрыкаўскай раённай бальніцы і сустрэцца з Юрыем Пірожнікам – маладым урачом, які сёлета папоўніў шэрагі медыцынскіх работнікаў Петрыкаўшчыны.
Педыятрычнае аддзяленне – гэта месца, дзе заўсёды пануе асаблівая атмасфера. Яна напоўнена дзіцячымі галасамі, гукамі цацак, размовамі людзей, якія любяць дзяцей і робяць усё магчымае, каб маленькія пацыенты адчувалі сябе камфортна і бяспечна. Тут працуюць людзі сапраўды адданыя сваёй справе.
Юрый Уладзіміравіч прыехаў на Петрыкаўшчыну прывёзшы з сабой не толькі свежыя веды і энтузіязм, але і шчырае жаданне дапамагаць петрыкаўчанам.
– Выбар прафесіі – гэта адзін з самых важных крокаў у жыцці чалавека. Для мяне ён не быў выпадковым. З самага дзяцінства мяне заўсёды прыцягвала магчымасць дапамагаць тым, хто найбольш безабаронны. І калі я разважаў, дзе гэтая магчымасць найбольш яскрава праяўляецца, мой выбар паў на прафесію ўрача. А дакладней – дзіцячага ўрача, – прызнаецца суразмоўца.
Юрый Уладзіміравіч сам родам з Бабруйшчыны, пасля атрымання дыплома аб сярэдняй адукацыі паступіў у Гомельскі медуніверсітэт на “Лячэбную справу”.
Мужчына ўспамінае: гады навучання ва ўніверсітэце – гэта час інтэнсіўнай працы, засваення складаных ведаў і фарміравання практычных навыкаў. На шостым курсе будучы ўрач прайшоў субардынатуру па “Педыятрыі”. Гэта важны этап, які дазволіў яму глыбей пазнаёміцца з асаблівасцямі лячэння дзяцей, зразумець іх уразлівасць і адказнасць, якая ляжыць на урачах-педыятрах.
Пасля атрымання дыплома Юрый Уладзіміравіч адпрацаваў шэсць гадоў на Магілёўшчыне. Затым разам з жонкаю, якая таксама медык і працуе ў Петрыкаўскай раённай бальніцы афтальмолагам, прынялі рашэнне пераехаць у Палескі край.
Герой не хавае: такое рашэнне сям’і ўрачоў было абумоўлена шэрагам фактараў, але галоўнае – жаданне працягнуць сваю дзейнасць у годных прафесійных і бытавых умовах.
– З першых дзён знаходжання ў аддзяленні я адчуў цёплы і шчыры прыём. Працоўны калектыў дзіцячага аддзялення – гэта сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія не толькі валодаюць глыбокімі ведамі і навыкамі, але і праяўляюць неверагодную адданасць сваёй працы, – адзначае Юрый Уладзіміравіч. – Асабліва прыемна тое, што дзіцячае аддзяленне забяспечана ўсім неабходным для эфектыўнага лячэння пацыентаў. Акрамя таго, хацелася б адзначыць, што раённая бальніца і ў плане дыягностыкі мае што прапанаваць. У наш час не ў кожнай установе аховы здароўя можна сустрэць такое сучаснае абсталяванне і такія дыягнастычныя магчымасці.
Што да забеспячэння базавых патрэб, такіх як жыллё, то тут у нашага героя таксама склалася ўсё добра: маладой сям’і ўрачоў уручылі ключы на арэнднае жыллё. Са слоў суразмоўцы: усё неабходнае для жыцця і працы ў іх ёсць.
Напярэдадні дня педыатра я жадаю сваім калегам здароўя. Бо толькі здаровы ўрач можа даць яго сваім маленькім пацыентам.
Няхай вашы кабінеты будуць напоўнены смехам, а не плачам, нашы дзеці растуць моцнымі і актыўнымі, а мы заўсёды будзем мець магчымасць бачыць іх здаровымі і поўнымі жыцця.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.







Оставить комментарий