Штогод 9 верасня адзначаецца Сусветны дзень прыгажосці –свята, прысвечанае эстэтычнай асалодзе, індывідуальнасці і клопату пра свой знешні выгляд. Свята нагадвае нам простую, але важную ісціну: прыгажосць – гэта не толькі бездакорныя рысы твару або ідэальныя прапорцыі. Гэта сіла духу, дабрыня, упэўненасць у сабе і тая ўнікальная іскрынка, якая ёсць у кожным чалавеку. Яскравым пацвярджэннем гэтаму стаў нядаўні поспех нашай зямлячкі Паліны Бычкоўскай, якая сёлета пакарыла журы і гледачоў конкурсу прыгажосці “Viva Braslav-2025” і ганаравана званнем “Віцэ-Міс”, заваяваўшы адразу тры прэстыжныя тытулы. Як праходзіў конкурс прыгажосці, даведаліся ў гераіні артыкула.
– Першы конкурс, у якім я прыняла ўдзел, гэта “Палеская Прыгажуня”, які нясе ў сабе эстэтыку і прыгажосць роднага краю. У гэтым конкурсе я заваявала тытул першай “Віцэ-Міс”. Другі конкурс, у якім я прыняла ўдзел, гэта “Miss Viva Braslav-2025”, які праходзіў на тэрыторыі горада Браслава. Конкурс зараджаны энергіяй весялосці, музыкі, танцаў, і, вядома, прыгажосці. На гэты раз я заваявала тры тытулы: “Міс-Пяшчота”, тытул ад партнёра “Міс-frudoza” і тытул першая “Віцэ-Міс”, – дзеліцца суразмоўца. – Даведалася я пра гэты канкурс у сетцы інстаграм і доўга не думаючы запоўніла анкету на ўдзел у кастынгу і на працягу тыдня, мне даслалі ліст, што я прайшла. Кастынг праходзіў у горадзе Мінску, дзе трэба было расказаць пра сябе і прадэфіліраваць. На кастынг прыйшлі каля 150 дзяўчат і толькі 15 прайшлі ў фінал. Праз некалькі дзён я ўбачыла спіс фіналістак і першае – мае прозвішча! Далей мне прыходзіць паведамленне, што арганізатары мяне віншуюць і я ў фінале. Ведаеце, я не магла паверыць, што з 150 дзяўчын выбралі мяне. Наступіў момант фіналу, пасля першай маёй намінацыі я ўжо была ў эйфарыі ад узнагароджання, і чую, як кажуць, што брэнд “Frudoza” абраў мяне! Вельмі было прыемна атрымаць намінацыю ад адзінага мужчыны з састава журы,– ўспамінае Паліна.– Здавалася б, усё, хопіць ужо намінацый, і тут я чую, што аб’яўляюць Першую “Віцэ-Міс” і зноў гучыць маё імя. У гэты момант я проста адчувала сябе самай шчаслівай дзяўчынай і разумела, што ўсё было не дарма.
– Вельмі ўдзячна конкурсу і партнёрам за вялікую колькасць падарункаў, такую магчымасць і ўспаміны на ўсё жыццё, – працягвае Паліна. Больш за ўсё запомніліся моманты падрыхтоўкі да фіналу і ўзнагароджанне. У моманце ты разумееш, што вось-вось усё здарыцца, ты выходзіш на сцэну, бачыш гледачоў, журы і сэрца ўжо замірае, але гэта прыемнае пачуццё энергіі, адрэналіну, якія запамінаюцца на ўсё жыццё. – Ведаеце, для мяне гэта вялікі досвед, дзякуючы якому я стала яшчэ больш упэўненым і мэтанакіраваным чалавекам.
У час размовы, гераіня пазна-чыла, што самае складанае на конкурсе – гэта, напэўна, перамагчы нейкія страхі ў сабе, але нездарма кажуць “ваўка баяцца ў лес не хадзіць”, таму наша зямлячка не з тых людзей, якія не спрабуюць нешта новае і цікавае для сябе. Самае каштоўнае для Паліны – гэта, адназначна, падтрымка родных і сяброў, якія дапамагаюць і падтрымліваюць яе ва ўсіх пачынаннях. Паліна лічыць, што кожная дзяўчына асаблівая і прыгожая па-свойму. У кожнай ёсць свая разыначка. – Будзьце заўсёды раскошныя не толькі звонку, але і ўнутры. Памятаеце без нас гэты свет быў бы сумным і шэрым, – раіць суразмоўца.
Віншуем нашу зямлячку з поспехам! Жадаем не спыняцца на дасягнутым і пакараць з такой жа шчырай усмешкай новыя вяршыні!
Марыя ТАМКО, фота з архіва Паліны Бычкоўскай.
Оставить комментарий