Просты чалавек легендарнага лёсу

0
197

Просты чалавек легендарнага лёсу25 снежня спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння легендарнага земляка, героя-партызана Васіля Талаша – асобы адметнай не толькі для Петрыкаўшчыны, але і для ўсёй Беларусі.
Сёння мы прапануем разабрацца – чаму просты чалавек, пра большую частку жыцця якога нам нічога не вядома, стаў у беларускай свядомасці сапраўдным увасабленнем барацьбы за свабоду роднага краю.

Герой аповесці “Дрыгва” класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, герой оперы Анатоля Багатырова “У пушчах Палесся”, вобраз Васіля Ісакавіча ўвасоблены ў скульптурах выбітнога беларускага творцы Заіра Азгура ў Мінску і Петрыкаве, а ў 2011 годзе быў зняты 4-серыйны фільм, дзе ролю нашага земляка сыграў народны артыст БССР Генадзь Гарбук. Гэты спіс праяў памяці можна працягваць і далей: так, у нашумелай серыі фантастыкі “Мятро 2033”, а менавіта ў рамане Захара Пятрова “Моус”, ёсць 100-гадовы партызан, прататыпам якога з’яўляецца Дзед Талаш, пра што сведчыць прамая адсылка на аднайменнае прозвішча героя.
Папулярнасць Дзеда Талаша абумоўлена, на мой погляд, даволі нетыповымі для будучага героя акалічнасцямі жыцця. Абставіны ў біяграфіі складваюцца такім чынам, што, як то кажуць, калі б гэта не было дакументальнай і агульнавядомай ісцінай, то наўрад ці хто б увогуле паверыў у такі ход па-дзей – вельмі далёкі Васіль Талаш ад традыцыйных вобразаў гераічных асоб свайго часу. Ён не малады, мы наўрад ці ахарактарызуем гэтага палешука, як схільнага да самаахвяравання ці адчайных учынкаў. Яго зброя – не мужная моц, а, насупраць – кемлівасць, разлік, веданне сваёй зямлі. Ён глядзіць не рашуча і з глыбокім задуменнем, – “Спадылба бліскае хітраваты позірк. Учэпісты: паглядзіць, быццам праверыць, ці варты ты шчырай размовы, а можа хопіць гаворкі “наогул”. Усё гэта аддаляе Дзеда Талаша ад героя літаратурнага, але набліжае да героя народнага.
Традыцыйна, гісторыкі адзначаюць, што дзяцінства і юнацтва нашага земляка, (якое прайшло ў вёсцы Белка, што зараз у межах горада Петрыкава) мала чым адрознівалася ад жыццяў соцень яго аднагодак збяднелага сялянскага паходжання. Бацька яго ўсё жыццё працаваў на зямлі, але не здолеў вылучыць сыну зямлі, калі той вырашыў ажаніцца. Таму Васіль пайшоў у прымы да абранніцы Пелагеі ў вёску Навасёлкі. Паралельна фарміраваўся і светапогляд мужчыны, яго адносіны да несправядлівасці і разуменне чалавечай годнасці.

Просты чалавек легендарнага лёсу
Польская акупацыя не давала надзеі на належнае далейшае жыццё. Пасля чарговага візіту акупантаў і здзекаў над вяскоўцамі, намаганнямі Талаша быў створаны партызанскі атрад, які разам з падраздзяленнем Чырвонай Арміі здзейсніў паспяховы налёт на ворагаў у Навасёлках.
Як не дзіўна, неўзабаве атрад талашоўцаў быў расфарміраваны. Магчыма, што расфарміраванне ініцыіраваў сам камандзір. Талашоўцы значна ўмацоўвалі іншыя вайсковыя злучэнні, а Талаш, прызначаны разведчыкам 417-га пяхотнага палка, адпусціў бараду і пад абліччам жабрака збіраў карысную інфармацыю ў тыле ворагаў, пакуль тыя марнавалі час, сілы і рэсурсы на пошукі ўжо не існуючага атрада. Тактыкай “канцы ў ваду” Васіль Ісакавіч яшчэ скарыстаецца, нават літаральна, але спачатку будуць выгнаны з нашай зямлі акупанты, а дзядуля пераможа тыф, які забраў жыцці не аднаго абаронца Айчыны.
Справы ладзіліся ў міжваенны перыяд. Талаш атрымаў заслужаную павагу, не пакінулі сябе чакаць і ўзнагароды, але іншы вораг прыйшоў на нашу зямлю. Гітлераўцы, ведаючы славутае мінулае жыхара Навасёлак, не давалі яму спакою. Дзед Талаш разумеў, што арышты і допыты будуць працягвацца і вырашыўся на такі ўчынак: адным днём ён інсцэніраваў самагубства праз патапленне ў пельцы, а сам крочыў да партызанаў, зняўшы падазрэнні са сваёй сям’і. Потым зямляк перабраўся на “вялікую зямлю”, падымаў баявы дух сярод байцоў і працаўнікоў вытворчасці.
Лёс узнагародзіў Дзеда Талаша не толькі гадамі жыцця, але і шчасцем зведаць Перамогу, бачыць мірнае жыццё на роднай зямлі. Менавіта любоў да Радзімы, зразумелая і шчырая, без высокіх эпітэтаў і філасофскіх тлумачэнняў канчаткова робіць для нас Васіля Ісакавіча героем народным і любімым праз гады.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота з інтэрнэта.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о