У Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася дыялогавая пляцоўка на тэму: “Правы і абавязкі ў сучасным свеце”.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Усціновіч-Насека, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Петрыкаўскага СПТВ №1 Святлана Занкевіч, урач-псіхіятр-нарколаг Петрыкаўскай ЦРБ Алена Перарэжка, вучні гарадскіх школ.
Падчас дыялогу Вольга Уладзіміраўна падрабязна расказала пра юрыдычную адказнасць непаўналетніх, растлумачыла асноўныя палажэнні заканадаўства і перасцерагла ад магчымых правапарушэнняў.
– Многія з вас не ўсведамляюць, што нават нявінная, на першы погляд, спроба завалодаць чужой маёмасцю можа мець сур’ёзныя прававыя наступствы. Важна разумець: няведанне закона не вызваляе ад адказнасці, – звярнулася Вольга Уладзіміраўна да моладзі.
У час гутаркі спікеры асвяцілі правы і абавязкі вучняў у адукацыйным працэсе, а таксама асаблівасці іх рэалізацыі ва ўмовах закрытай установы.
У сваю чаргу прадстаўнікамі ЦРБ была растлумачана актуальная інфармацыя пра важнасць ўсвядомленага падыходу да свайго здароўя, прафілактыкі залежнасцяў і сур’ёзныя наступствы згубных звычак для жыцця і будучыні. Асаблівую ўвагу эксперты надалі шкодзе “вэйпаў” і іх негатыўнаму ўплыву на арганізм падлеткаў.
– Сёння моладзь часта падвяргаецца рызыкам – ад электронных цыгарэт да цяжкіх наркотыкаў. Але трэба памятаць: ваша здароўе – гэта не толькі ваша асабістая справа, але і будучыня вашай сям’і і краіны, – адзначыла Алена Анатольеўна.
Урач таксама прывяла статыстыку і прыклады, каб паказаць, як дрэнныя звычкі могуць знішчыць жыццё чалавека.
У ходзе мерапрыемства, для актуалізацыі ведаў і ўцягвання аўдыторыі экспертамі было праведзена бліц-апытанне па прававой граматнасці.
Дзеці паспяхова адказвалі на пытанні, прадэманстраваўшы нядрэннае веданне сваіх правоў і абавязкаў, што стала выдатнай асновай для далейшага, больш глыбокага абмеркавання. Удзельнікі актыўна ўключаліся ў дыскусію, задавалі пытанні і атрымалі карысныя веды пра свае правы і абавязкі, а таксама пра механізмы іх абароны ў паўсядзённым жыцці.
Дыялог атрымаўся цікавым і карысным для ўсіх удзельнікаў сустрэчы.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.






Оставить комментарий