25 ліпеня сваё прафесійнае свята – Дзень пажарнай службы – адзначаюць агняборцы краіны. Адметнымі рысамі людзей дадзенай прафесіі былі і застаюцца мужнасць і адвага, хуткае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі, гатоўнасць у любых умовах і ў любы час сутак уступіць у барацьбу са стыхіямі.
Напярэдадні свята мы сустрэліся з Яўгенам Ючко, начальнікам пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 2, што ў Капаткевічах, які больш за 16 гадоў стаіць на варце бяспекі землякоў.
– Думка стаць пажарным ўзнікла ў мяне, калі вучыўся ў старэйшых класах Курыціцкай сярэдняй школы – у населены пункт мы пераехалі з бацькамі з Турка. Мяне заўсёды прыцягвала дысцыпліна і парадак, імпанавалі сапраўдныя мужчынскія якасці, якімі валодаюць супрацоўнікі службы. Родныя і педагогі падтрымалі мяне ў планах, што надало мне ўпэўненасці, бо ў такога роду вышэйшую ўстанову заўсёды быў немалы конкурс, – дзеліцца Яўген Аляксандравіч. – Падаў дакументы ў Гомельскі інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь, здаў паспяхова іспыты і стаў курсантам. Дапамагло мне ў дасягненні мэты і тое, што “сябраваў” з дакладнымі навукамі, са спартыўнай падрыхтоўкай было ўсё добра.
Пачаліся будні курсанта. Суразмоўца ўспамінае: літаральна з першага дня ўвайшлі ў жыццё новыя вучэбныя прадметы, фізічныя трэніроўкі – ад будучага камандзіра патрабавалася не толькі адпрацоўка да аўтаматызму баявых навыкаў, але і ўменне кантактаваць з людзьмі, правільна паводзіць сябе ў экстрымальных умовах. На першым курсе юнак адчуваў некаторыя цяжкасці, звязаныя з казарменным рэжымам, але хутка ўцягнуўся, знайшоў сяброў і аднадумцаў, навуку асвойваў упарта, з цікавасцю. Чатыры гады прайшлі плённа – установа выправіла са сваіх сцен маладых байцоў з трывалымі ведамі і жаданнем праявіць іх на справе.
– З нашага раёна ў інстытуце вучылася тры юнакі, і толькі мяне размеркавалі на Петрыкаўшчыну, – працягвае афіцэр. – Тады мне здавалася, што я ўжо ведаю амаль усё пра сваю прафесію. Але сапраўдную школу і каштоўны вопыт я набыў ад старэйшых калег, калі прыйшоў на першае месца працы ў якасці начальніка тады яшчэ Капаткевіцкага пажарнага аварыйна-выратавальны паста. Калектыў сустрэў мяне цёпла, на той час ён складаўся ў асноўным са “старажылаў”, якія перадавалі свае веды маладым, падказвалі, раілі. Дзякуючы вопытным старэйшым таварышам, якіх і сёння мы ўспамінаем з павагай, усё новае давалася даволі лёгка.
З гонарам расказвае начальнік часці і пра калектыў, які ўзначальвае сёння. Са слоў суразмоўцы, каманда з дваццаці аднаго агняборца зладжаная, кожны ведае сваю справу. Што да атмасферы, то яны заўсёды падтрымліваюць адзін-аднаго, не адмаўляюць у парадах. За час, што працуюць разам, у выратавальнікаў ужо склалася неабходнае паразуменне і дакладнае ўсведамленне задач.
Яўген Аляксандравіч дзеліцца, што для “яго брата”, ва ўсіх сэнсах выслоўя, кожная пара года гарачая. Летам спякотнае надвор’е павышае верагоднасць узгарання ў лясных масівах, зіма патрабуе асаблівай увагі па выкарыстанню жыхарамі пячнога ацяпленне, вясна, восень – верагоднасць палаў. Нараўне са службай, супрацоўнікі службы праводзяць тлумачальную прафілактычную работу з насельніцтвам трыццаці двух населеных пунктаў Капаткевіцкага, Лучыцкага, Чалюшчавіцкага, Пціцкага сельскіх Саветаў. А яна, па перакананні афіцэра, павінна быць змястоўнай і цікавай, каб атрыманыя веды надоўга засталіся ў памяці насельніцтва. Але каманда Капаткевіцкіх выратавальнікаў спраўляецца з пастаўленымі задачамі, так як ёсць усе неабходныя веды і навыкі, жаданне годна пацвярджаць званне пажарнага-выратавальніка.
Работа займае шмат часу ў начальніка Капаткевіцкай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці і толькі позна ўвечары ён сустракаецца з жонкай Святланай, якая працуе медыцынскай сястрой у Капаткевіцкай установе аховы здпроўя і сынам Ратыборам, вучням мясцовай школы. Несумненна, што цеплыня і пяшчота самых дарагіх людзей, утульнасць сямейнага ачагу надаюць маладому афіцэру энергіі і ўпэўненасці, якія так патрэбны ў буднях выратавальніку.
Напрыканцы размовы афіцэр перадаў усім калегам словы віншавання са святам. Пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця. Калектыў “Петрыкаўскіх навін” далучаецца да добрых слоў. Бадзёрасці духу, аптымізму і поспехаў у справе вам, шаноўныя!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий