На бягучым тыдні сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі паштовай сувязі. Гэта стала добрай нагодай для сустрэчы з Нінай і Марыяй Перарэжка, сёстрамі, якія выбралі для сябе працу паштальёна і палюбіліся жыхарам горада за адказны падыход да сваёй справы.
Дзесяць гадоў таму жыццё Марыі, старэйшай з сясцёр Перарэжка, змяніла свой напрамак. Пасля звароту ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, дзе яна стаяла на біржы працы, ёй параілі паспрабаваць сябе ў ролі паштальёна. Гэты, здавалася б, звычайны савет, аказаўся паваротным момантам, які прывёў да адкрыцця любімай прафесіі.
– Ведаеце, неяк адразу адчула, што ў гэтую галіну я трапіла надоўга, – дзеліцца Марыя. – Першапачаткова ў гарадское аддзяленне паштовай сувязі №2 прыйшла на замену дэкрэтнага адпачынку. Але цёплы прыём калектыву, гатоўнасць дапамагчы ў пытаннях авалодання прафесіі зрабілі сваю справу: часовы перыяд ператварыўся ў доўгатэрміновую і плённую працу.
Сёння гераіня з упэўненасцю гаворыць: Зрабіла правільны выбар – гэта маё.
Часам жыццёвыя шляхі пераплятаюцца так цесна, што адзін чалавек становіцца натхненнем для іншага. Гісторыя Ніны і Марыі – яскравы прыклад такой сувязі, дзе сястрынскі прыклад стаў штуршком да выбару прафесіі.
– Сястра дома часта расказвала пра сваю працу, пра калектыў. Ёй тэлефанавалі землякі і прасілі прынесці тавары або выпісаць газету. Я бачыла, што Марыі ўсё гэта падабаецца, яна ўпэўнена мае зносіны з людзьмі, з настроем ідзе на працу, – уступае ў размову Ніна. – У нас з сястрою розніца ва ўзросце невялікая. Мы заўсёды побач адзін каля аднаго. Я і падумала: чаму б нам не працаваць разам? Пасля заканчэння першай гарадской школы, прааналізаваўшы ўсе плюсы і мінусы я рушыла ўслед прыкладу сястры. Гэта быў мой асабісты выбар, з якога прайшло ўжо восем гадоў і пра які я ніколі не пашкадавала.
Гераіні прызнаюцца, што ў іх сям’і з “паштовай справай” ніхто звязаны не быў. Бацька працаваў у ДРБУ кіроўцам , маці – санітаркай у Петрыкаўскай ЦРБ. Родныя супраць выбару дачок не былі, бо прафесію паштальёна лічылі і лічаць годнай. А яшчэ сваю прафесію маладыя паштальёнкі лічаць вельмі адказнай. Гавораць, калі прыходзяць да землякоў, то адчуваюць, што ім радыя, а для некаторых людзей яны з’яўляюцца важным звяном у сувязі з навакольным светам. За кожным лістом, газетай, пасылкай стаіць чалавек, які чакае навін ці проста прыемных слоў. Таму іх праца патрабуе не толькі фізічнай вынослівасці і добрай арыентацыі на мясцовасці, але і шчырасці, адказнасці і ўважлівасці да кожнага чалавека. Марыя і Ніна, несумненна валодаюць гэтымі якасцямі, што дазваляе ім паспяхова працаваць, прыносіць землякам радасць.
Гісторыя маіх гераінь – прыклад таго, як правільны выбар, падтрымка родных і калектыву, адказнасць да выбранай справы могуць зрабіць жыццё поўным. Часам самыя простыя рэчы могуць стаць арыенцірам на шляху да ўласнага шчасця.
Добрай вам прафесійнай дарогі, Марыя і Ніна! Вас чакаюць і шануюць землякі. А гэта, немалаважна ў жыцці!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий