Прафесія па душы

0
132

Сёння – Дзень работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці. Гэтае свята адзначаюць і работнікі аптэк Петрыкаўскага раёна, Гомельскага УП «Фармацыя». Сярод іх – выпускніца Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Аляксандра Сойма, якая сёлета папоўніла калектыў фармацэўтаў Петрыкаўшчыны.

Аляксандра працуе фармацэўтам-рэцэптарам у аптэцы № 95/3, якая размешчана па вуліцы Бумажкова, д.3В у сеткавай краме. Наведвальнікі аптэкі – людзі самых розных узростаў. Да ўсіх трэба знайсці падыход, ветліва і прафесійна абслужыць. З дапамогай больш дасведчаных калег дзяўчына за першыя месяцы працы паспяхова адаптавалася ў аптэцы, і сёння ўжо з усмешкай успамінае пра тое, як рабіла першыя самастойныя крокі.

Малады фармацэўт-рэцэптар вывучыла размяшчэнне лекавых прэпаратаў, вырабаў медыцынскага прызначэння, навучылася працаваць з касавым апаратам, з дакументамі.

– Канешне, прыступаць да працы было баязліва, але гэта хутка прайшло, мяне вельмі цёпла сустрэлі загадчык цэнтральнай аптэкі №95 Юрый Генадзьевіч Дзямідаў і калектыў, – распавядае дзяўчына. – Кожны мой працоўны дзень – гэта яшчэ адна магчымасць дапамагчы людзям у іх праблемах са здароўем. Многія маюць патрэбу ў граматнай і своечасовай кансультацыі. У аптэку заходзяць не толькі маладыя, але і пажылыя людзі. Камусьці трэба больш падрабязна растлумачыць, расказаць, некаму – нават напісаць. На маю думку, пры выбары любой прафесіі трэба, каб яна была па душы. Асабліва, калі ты ідзеш у медыцыну. Акрамя высокага ўзроўню прафесійных ведаў, тут важныя такія якасці як разуменне і цярпенне, – дзеліцца Аляксандра.
Менавіта прафесія фармацэўта падабалася мне з дзяцінства, хацелася дапамагаць людзям. Таму, скончыўшы першую гарадскую школу, без роздумаў паступіла ў медыцынскі каледж. Вучоба была сапраўды цяжкая: трэба было асвоіць лацінскую мову, фармакалогія патрабуе ведаў назваў прэпаратаў, форм выпуску, дазіровак, але было вельмі цікава. Вядома, базавыя веды я атрымала ў каледжы, але працягваю кожны дзень вучыцца непасрэдна на працы. Мусіць, ні адна праца не абыходзіцца без цяжкасцяў і памылак. Я вучуся іх пераадольваць.

Аляксандра адзначыла, што ёй вельмі дапамагае падтрымка любячай сям’і, а таксама сяброў, з якімі яна вучылася ў адной групе.

– Калегам я жадаю дабрабыту ў сем’ях, поспехаў у працы і, вядома, моцнага здароўя!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о