На Петрыкаўшчыне праходзяць мерапрыемствы ў рамках рэалізацыі Комплекса дадатковых мер па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх.
Адно з такіх мерапрыемстваў прайшло на базе Петрыкаўскага лясгасу. Падчас мерапрыемства намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольгай Усціновіч-Насека была прыведзена статыстыка: за параўнальна невялікі перыяд часу камісія разгледзела больш за 60 матэрыялаў у дачыненні да малалетніх і непаўналетніх па прыцягненні іх да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта матэрыялы па распіцці спіртных напояў, знаходжанні ў вячэрні час без суправаджэння дарослых, матэрыялы, калі законныя прадстаўнікі не выконваюць свае правы і абавязкі. Сёлета ў раёне пачасціліся выпадкі крадзяжу ровараў і самакатаў дзецьмі, пачасціліся выпадкі махлярства.
Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Петрыкаўскага РАУС Сяргей Шылянкоў адзначыў, што многія бацькі ўпускаюць момант кантролю над баўленнем вольнага часу дачок і сыноў у сацыяльных сетках: дзеці з дапамогай інтэрнэт-прасторы могуць зазнаць сэксуальны гвалт, вярбуюцца для распаўсюджвання наркатычных сродкаў, у нелегальныя групоўкі.
Па меркаванні структур прафілактыкі, важна, каб у сям’і быў давер паміж бацькамі і дзецьмі, з боку дарослых ажыццяўляўся кантроль за баўленнем вольнага часу непаўналетнімі.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий