На Петрыкаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Асноўная тэма мерапрыемства –“Подзвігу народа жыць у стагоддзях”, прымеркаванная да 80-годдзя Перамогі Савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Адзіны дзень інфармавання ў вёсцы Капцэвічы прайшоў з удзелам старшыні райвыканкама Аляксандра Верамеева.
Галоўным ідэолагам раёна Святланай Блінец была засяроджана ўвага на тэме Вялікай Айчыннай вайны. Адзначана, што трагедыя навучыла нас, беларусаў, свята берагчы родную зямлю, абараняць яе цаной уласнага жыцця і самааддана адстойваць праўду. Як нашы продкі не сталі на калені перад ворагамі тады, так і мы не маем намеру схіляць галаву перад імі і сёння. Адметна, што ў абноўленую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь уключаны палажэнні, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды і памяці пра Вялікую Айчынную вайну і масавым гераізме народа. Прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі Беларусі з’яўляецца пастаянны клопат пра ветэранаў. Праводзіцца работа па пошуку і ўвекавечанні памяці воінаў, якія загінулі ў баях за Радзіму.
Святлана Міхайлаўна ў сваім выступленні закранула факты часоў Вялікай Айчыннай вайны, звязаныя з Петрыкаўскім раёнам.
25 чэрвеня быў акупаваны Мазырскі раён, 28 чэрвеня – раёны Палескай вобласці. Ужо ў пачатку вайны ў райцэнтры дзейнічала падпольная патрыятычная група. На тэрыторыі раёна бязлітасна грамілі ворага байцы партызанскага атрада пад кіраўніцтвам Ціхана Піменавіча Бумажкова – старшыні Петрыкаўскага райвыканкама, які ўжо 6 жніўня 1941 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Ствараліся партызанскія атрады з ліку чырвонаармейцаў і грамадзянскага насельніцтва, якія вырваліся з акружэння. Ішлі ў партызаны цэлыя вёскі, да іх можна аднесці Бобрыкі, Міхедавічы. У поўную меру на тэрыторыі раёна дзейнічалі 125-ая Капаткевічская і 130-ая Петрыкаўская партызанскія брыгады пад камандаваннем Анатолія Цімафеевіча Міхайлоўскага і Міхаіла Адамавіча Волкава.
Некаторыя факты, агучаныя дакладчыкам: у першыя дні вайны з нашага раёна на фронт былі прызваны 5200 чалавек; падчас акупацыі былі замучаны і растрэлены 5406 землякоў, з іх – 1042 жанчыны, 300 дзяцей; сагнаны ў нямецкае рабства 4132 землякі; у раён прыйшло 6062 пахаванкі.
На сённяшні дзень у Петрыкаўскім раёне пражывае адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны і 98 асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.
Па тэме выступіў і старшыня райвыканкама. Аляксандр Аляксандравіч адзначыў: для беларусаў праўда і памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны мацнейшыя за час і не маюць межаў.
Прыемна, што па пытаннях захавання гістарычнай памяці Беларусь і Расія выступаюць з адзіных пазіцый.
– Скончыць хацелася б нягучна, але ад усяго сэрца: вечная слава гераічнаму подзвігу народаў Савецкага Саюза, якія разам прайшлі праз вогненнае ліхалецце вайны і перамаглі нацызм, – адзначыў кіраўнік раёна.
Старшыня Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў сустрэўся з працоўным калектывам Смятаніцкай сярэдняй школы. Віталій Уладзіміравіч нагадаў прысутным: на тэрыторыі Беларусі фашысцкімі карнікамі было арганізавана звыш 578 лагераў смерці, праведзенна не менш як 187 буйных карных аперацый, пацверджана знішчэнне не менш як 12 348 сёл і вёсак. Яшчэ адной формай генацыду быў вываз грамадзянскага насельніцтва на прымусовыя працы ў Германію, іншыя краіны Заходняй Еўропы. За гады вайны з тэрыторыі БССР было вывезена больш за 380 тысяч чалавек, з якіх многія загінулі ад невыносных умоў эксплуатацыі. Цяпер у Беларусі ўстаноўлена 166 раней невядомых месцаў знішчэння і пахавання мірных жыхароў і ваеннапалонных, больш за палову з іх – масавыя.
– Перамога Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне – гэта вынік аб’яднаных намаганняў усіх брацкіх народаў вялікай дзяржавы. Толькі ў баях за Беларусь плячом да пляча бралі ўдзел прадстаўнікі больш як 70 нацыянальнасцей, – адзначыў старшыня райсавета. – Звання Герой Савецкага Саюза за вызваленне рэспублікі былі ўдастоены амаль 1 700 савецкіх воінаў, у тым ліку 39 беларусаў. Толькі ў дзейнай Чырвонай Арміі змагаліся больш мільёна беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны 23 нашыя землякі камандавалі войскамі, больш за 400 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі былі генераламі і адміраламі.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара, з архіва Смятаніцкай сярэдняй школы.
Оставить комментарий