Пра поспехі вучняў Брынёўскай сярэдняй школы мы чуем даволі часта з публікацый у газеце, на прасторах інтэрнэту. Сакрэт поспеху просты: згуртаваны працоўны калектыў і старанныя вучні.

Плённая праца – годны вынік

Вучаніца 10 класа Ангеліна Літош днямі прынесла ў капілку школы яшчэ адну важную перамогу: 3-е месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Яны вызвалялі Радзіму”, які праводзіўся ў рамках героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе-80” з мэтай захавання гістарычнай памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і ўкладзе беларускага народа ў дасягненні перамогі.

Днямі мы сустрэліся з Ангелінай і настаўнікам гісторыі Наталляй Аўрамец, каб падрабязней даведацца пра конкурс і падрыхтоўку да яго.

На абласным этапе было разгледжана 35 работ з устаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Усяго на абласным узроўні дыпломамі былі ўзнагароджаны 10 работ, у тым ліку і работа Ангеліны Літош “Вызваленне вёскі Брынёў Петрыкаўскага раёна”.

Асноўнымі крыніцамі для падрыхтоўкі дадзенай работы паслужылі: кніга “Памяць Петрыкаўскага раёна”, “Летапіс вёскі Брынёў”, кніга “Памяць, не маўчы” нашай зямлячкі Ніны Ачапоўскай.

Удзел у падобных мерапрыемствах з’яўляецца важным для любога чалавека. Сваімі думкамі пра важнасць дадзенага конкурсу з намі падзялілася і сама Ангеліна:

– Мне заўсёды падабалася пазнаваць штосьці новае і цікавае. Удзел у конкурсе дапамог мне больш падрабязна даведацца пра гісторыю вызвалення  вёскі Брынёў, знайсці цікавыя факты, падзяліцца набытымі ведамі з аднакласнікамі. Вельмі важна кожнаму чалавеку ведаць гісторыю сваёй малой радзімы, сваіх продкаў і беражліва захоўваць і перадаваць гэтыя веды нашчадкам.

Наталля Аўрамец, настаўнік гісторыі ДУА “Брынёўская сярэдняя школа” дапамагала Ангеліне ў падрыхтоўцы работы для конкурсу, было праведзена сапраўднае даследаванне і плённая праца, канешне, атрымала заслужаную ўзнагароду.

– Удзел у падобных конкурсах спрыяе фарміраванню ў вучняў патрыятычных і духоўна-маральных якасцей, нацыянальнай самасвядомасці на прыкла-дзе баявых подзвігаў беларускага народа, прыцягненню дзяцей у даследчую дзейнасць па вывучэнні гісторыі малой радзімы, яе гераічных землякоў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. – падзялілася думкамі Наталля Анатольеўна.

Віншуем Ангеліну Літош з перамогай і жадаем далейшых поспехаў! Калі маладое пакаленне будзе цікавіцца гісторыяй і перадаваць набытыя веды сваім дзецям, тады у нас ёсць вера ў шчаслівае будучае, бо мінулае, якое захоўваецца ў памяці, ёсць частка сучаснага!

Анастасія КІСЕЛЁВА. Фота з архіва школы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о