Сёлета міністэрства спорту і турызму кожны месяц 2024 года прапанавала прысвяціць аднаму з 13-ці відаў турызму, якія развіваюцца ў нашай краіне.  Лістапад абвешчаны месяцам паляўнічага турызму, і з гэтай нагоды мы пагутарылі з інжынерам па паляўнічай гаспадарцы петрыкаўскага лясгасу Антонам Волкавым.

Петрыкаўшчына вабіць паляўнічых

Як адзначыў спецыяліст, літаральна днямі на Петрыкаўшчыне адпачывалі госці з Расіі. Дзевяць аматараў актыўнага адпачынку размясціліся ў Доме паляўнічага, што знаходзіцца ў вёсцы Лучыцы. Расіяне завіталі да нас на 4-ры дні, два з якіх яны прысвяцілі паляванню.

– Ехалі госці ў першую чаргу за высакародным аленем, якога здабылі ў колькасці трох трафеяў. Акрамя гэтага, паляўнічыя здабылі яшчэ чатырох ласёў і дзвюх казуль. Усе засталіся вельмі задаволеныя, а наша лесагаспадарчая арганізацыя зарабіла на гэтай паляўнічай паслузе каля 15 тысяч рублёў, – адзначыў  Антон Сяргеевіч.

Па словах спецыяліста, гэта не першы і не апошні візіт замежных гасцей. Вясной грамадзяне з Расіі наведваліся на паляванне на казулю і кабана, а літаральна ў лістападзе-снежні супрацоўнікі лесагаспадарчай службы чакаюць гасцей, адзін з якіх пажадаў паляваць на казулю, а яшчэ паўдзясятка паляўнічых маюць намер здабыць высакароднага аленя.

– Умовы для аказання падобных паслуг створаны нядрэнныя, і з цягам часу паляўнічая прывабнасць нашага раёна павялічваецца. Мяркуйце самі: за чатыры гады колькасць толькі высакароднага аленя ўзрасла з 35-ці да 150-ці галоў. Гэта азначае, што наш лясгас можа задаволіць патрэбу ў здабычы да 100 трафеяў гэтага звера. Але мы заявілі да магчымага палявання пакуль што 40 галоў, бо запатрабаванасць аленя ў якасці аб’екта палявання толькі пачынае набіраць папулярнасць. Што тычыцца іншага звера, то наша лесагаспадарчая ўстанова прапанавала да здабычы ў гэтым годзе 161-ну казулю, 33 бабры, 40 аленяў і 67 ласёў, – падзяліўся лічбамі Антон Волкаў.

Належную ўвагу лясгас надае і маркетынгу: наладжана ўзаемадзеянне з буйным інфармацыйным парталам, які прысвечаны адпачынку ў нашай краіне – beltur.by ўнітарнага прадпрыемства “Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму”. Сёлета на галоўных аўтамабільных дарогах Петрыкаўшчыны ўсталяваны 6 рэкламных білбордаў, інфармацыю пра адмысловыя паслугі можна знайсці на сайце лясгаса і ў тэлеграм-канале. Дапамагаюць і калегі з іншых раёнаў: так, калі ў мазырскіх супрацоўнікаў лесагаспадарчай службы наўпрост скончыліся квоты на паляванне на звера, яны накіравалі зацікаўленых паляўнічых у петрыкаўскі лясгас.

Петрыкаўшчына вабіць паляўнічых

– З тэхнічнага пункту гледжання лясгас укамплектаваны даволі добра. У распараджэнне паляўнічым мы прапануем два аўтамабілі – УАЗ і “Ніву”, два квадрацыклы, а таксама маторныя лодкі. Можна ўзяць у карыстанне гладкаствольныя і наразныя стрэльбы, каб не везці здалёк праз мяжу ўласную зброю. Канешне, усе прыстасаванні, як то аптычныя прыцэлы, прыборы начнога бачання, дальнамеры і біноклі ў нас таксама ў наяўнасці. Што да побытавых умоў, то Дом паляўнічага ў Лучыцах абсталяваны ўсім неабходным для належнага пражывання: спальныя месцы, лазня, більярд, вальер для паляўнічых сабак, цір для прыстрэлкі зброі, вялізны халадзільнік для захоўвання дзічыны. Зразумела, галоднымі гасцей мы таксама не пакінем – знойдзем магчымасць арганізаваць і гарачае харчаванне на месцы палявання.

Не кажу ўжо пра жывапісныя мясціны на ўзбярэжжы Пцічы, якія яшчэ напрыканцы пазамінулага стагоддзя аблюбаваў памешчык Вільсан.

Што да паляўнічых угоддзяў, то гэта 74,2 тысячы гектараў плошчы, з якіх 50,6 тысячы гектараў у лясным фондзе, 20,7 тысячы гектараў у палявых і 2,9 – воднабалотных. Лясгас прапануе для палявання 6 кармавых палеткаў, мноства стацыянарных паляўнічых вышак, поруч з якімі абсталяваны кармушкі, куды для жывёлы дастаўляецца харчаванне з нашага складу кармоў, – паведаміў інжынер па паляўнічай гаспадарцы.

У грашовым эквіваленце паляўнічыя паслугі прынеслі летась петрыкаўскаму лясгасу каля 110 тысяч рублёў, з якіх 80 тысяч – ад палявання і яшчэ 30 тысяч – ад пражывання пастаяльцаў у Доме паляўнічага. Сёлета Дом паляўнічага прынёс ужо 28 тысяч рублёў прыбытку. Акрамя гэтага, лесагаспадарчая ўстанова заключыла дамову з Нацыянальным паркам “Браслаўскія азёры” на пастаўку дзічыны ў колькасці 8-мі туш аленя і 6-ці туш лася.

Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о