3 ліпеня Петрыкаўшчына разам з усёй краінай адсвяткавала Дзень Незалежнасці і 80-годдзе вызвалення
ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Усе гэтыя гады мы працягваем шанаваць і захоўваць памяць пра подзвіг нашых продкаў. Гэта, без перабольшання, з’яўляецца вялікай сілай для ўсіх беларусаў і вучыць нас цаніць жыццё, мір і свабоду. Урачыстасці, прысвечаныя Дню Незалежнасці і 80-й гадавіне вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшлі ва ўсіх сельскіх Саветах раёна. Прыемна ўсведамляць, што ў кожным куточку Петрыкаўшчыны жыве памяць пра нашых герояў. Яна перадаецца з пакалення ў пакаленне, ад сэрца да сэрца, звязваючы ўсіх нас жывой ніткай любові і вернасці Айчыне.
У райцэнтры святочныя мерапрыемствы традыцыйна пачаліся з ускладання вянкоў і кветак да брацкіх магіл савецкіх воінаў і воінскіх пахаванняў, помнікаў загінуўшым і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. На гарадской плошчы разгарнулася тэатралізацыя “Беларусь – жыцця майго крыніца” з удзелам творчых выканаўцаў і калектываў раёна, выхаванцаў дзіцячых садоў і школ, у час якой разам з артыстамі і вядучымі мы згадалі і перажылі векапомныя падзеі ўсенароднай барацьбы з нямецкімі акупантамі. Працягнулася тэматычнае прадстаўленне шэсцем працоўных калектываў, ветэранаў, моладзі, грамадскіх арганізацый “Беларусь: вызваленне, памяць, незалежнасць” і парадам тэхнікі.
Прайшлі яны па-сапраўднаму маштабна, ярка, відовішчна і чарговы раз прадэманстравалі: Беларусь – квітнеючая краіна, дзе для жыцця і спакою грамадзян створаны ўсе ўмовы.
Працягам святочных мерапрыемстваў сталі мітынг і ўскладанне кветак да мемарыяла воінам-вызваліцелям, на гранітных плітах якога ўшанавана памяць пра герояў, што загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі за вызваленне Петрыкаўскага раёна.
Ад імя кіраўніцтва раёна да прысутных звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама Алег Козінец.
Алег Георгіевіч зазначыў, што ў гэты дзень мы аддаём даніну павагі гераізму і стойкасці беларускага народа, самаахвярнай барацьбе падпольшчыкаў і партызан, працоўнаму подзвігу тых, хто паднімаў рэспубліку з руін у цяжкія пасляваенныя гады, хто заклаў падмурак працвітання і дабрабыту нашай краіны. Мы ніколі і нікому не дазволім перапісаць слаўныя старонкі нашай гісторыі.
Першы намеснік старшыні райвыканкама ўручыў юбілейныя медалі з нагоды 80-годдзя вызвалення Гомельскай вобласці пісьменніцы Петрыкаўшчыны Любові Арловай, аўтару 16 зборнікаў і кнігі-прысвячэння бацьку, герою Савецкага Саюза Мікалаю Арлову, “Апаленыя вайной”, члену райарганізацыі ветэранаў Міхаілу Сойме і начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлане Блінец.
Ушанаваўшы памяць герояў-вызваліцеляў, петрыкаўчане і госці райцэнтра мелі магчымасць наведаць выставы рамеснікаў, рэтрааўтамабіляў, гульнявыя дзіцячыя пляцоўкі і гандлёвыя рады. Сапраўдным падарункам гараджанам стала выстава палявых кветак “Прыгажосць Палескага краю”.
Гасцей свята на працягу дня сваімі творчымі нумарамі радавалі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль “Чараўніцы”, творчыя калектывы і самадзейныя артысты Петрыкаўшчыны.
Святочныя мерапрыемствы ў райцэнтры завяршыліся выкананнем гімну і феерверкам.
Пасля падобных патрыятычных мерарыемстваў, моцных і велічных, усведамляеш: сёння мала падхапіць гістарычны сцяг Перамогі бацькоў і дзядоў, неабходна з гонарам пранесці яго і перадаць дзецям і ўнукам. Што да свяшчэннай памяці пра гераічны подзвіг нашых продкаў, то яна дапамагае нам сёння не дапускаць трагічных памылак, рэальна ацэньваць выклікі і пагрозы, выносіць сур’ёзныя ўрокі з мінулага.
Галіна КАЗАК.
Фота Наталлі ПЕТРУШЭНКА.
Оставить комментарий