Дзень народнага адзінства для петрыкаўчан пачаўся актыўна і запамінальна.
З самай раніцы гарадскі стадыён поўніўся людзьмі, якія ў руках трымалі чырвона-зялёныя сцягі і шарыкі. На стаянцы можна было заўважыць вялікую колькасць веласіпедаў з такімі ж чырвона-зялёнымі атрыбутамі.
З уступным словам выступіла выконваючая абавязкі загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама Зінаіда Беламутава, якая павіншавала ўдзельнікаў велапрабегу з Днём народнага адзінства і падзякавала ўсім за актыўны ўдзел у спартыўным жыцці роднага горада. Прагучаў гімн і веласіпедысты паехалі на старт, вось-вось павінен пачацца велапрабег. Дарэчы, арганізатарам спартыўнага мерапрыемства выступіў сектар спорту і турызму Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта.Удзельнікамі велапрабегу сталі амаль усе арганізацыі горада Петрыкава.
Маршрут быў не такі ўжо і лёгкі: пачынаўся ад стадыёна “Прыпяць” па маршруце вуліца Камунальная – вуліца Бумажкова – вуліца Карла Маркса – вуліца Дружбы – вуліца Першамайская – вуліца Гогаля – вуліца Розы Люксембург – вуліца Карла Маркса – гарадская плошча.
Велапрабег “У адзінстве народа – сіла краіны” завяршыўся ўскладаннем кветак да помніка нацыяльнага героя Петрыкаўшчыны – дзеда Талаша. Землякі годна трымаліся ад самага старту да фінішу.
Велапрабег аб’яднаў землякоў для важнай місіі: трэба памятаць, што мы моцныя толькі тады, калі разам!
Анастасія ФЕЛЬКІНА,
фота аўтара.
Оставить комментарий