Чалавек, які вырас сярод лесу, з маленства навучыўся жыць у згодзе з прыродай, нібы нябачнымі павязямі злучаны з ім на ўсё жыццё, – перакананы ганаровы лесавод Рэспублікі Беларусь, ляснічы Смятаніцкага лясніцтва Віктар Голас. Патомны лесавод: служэнню яго вялікасці лесу прысвяцілі свае жыцці дзед, бацька і трое старэйшых братоў Віктара Мікалаевіча, сорак тры гады аддаў ахове лесу ён сам, па слядах бацькі пайшла і старэйшая дачка, – учора адзначыў свой шасцідзясяты дзень нараджэння. Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з Віктарам Мікалаевічам, каб пагаварыць пра жыццё і прафесію.
Лясы заўсёды для беларусаў былі вялікім багаццем, а ляснік, адпаведна, карыстаўся павагай у землякоў. Менавіта такім чалавекам, сумленным, працавітым і паважаным з’яўляецца наш герой.
За доўгае прафесійнае жыццё сотні гектараў лесу пасаджана рукамі гэтага руплівага лесавода. Агульная плошча лесу, які сёння са сваёй згуртаванай камандай прымнажае і ахоўвае Віктар Мікалаевіч, складае каля 9 тысяч гектараў. Лесавод адносіцца да службы вельмі адказна. Ён з тых, хто шчыра любіць прыроду, і таму ні разу не пашкадаваў аб сваім прафесійным выбары – бясконца адданы аднойчы і назаўсёды абранай справе. Адсюль павага і заслужаны аўтарытэт сярод калектыва лясніцтва і кіраўніцтва лясгасу.
– Пытанне кім быць перада мной ніколі не стаяла, – распачаў свой аповед мой суразмоўца. – Я, можна сказаць, вырас у лесе: побач з бацькам і старэйшымі братамі спазнаваў лясную навуку і працу лесніка. З таго часу як пачаў усведамляць сябе, ведаў: хачу і буду працаваць у лесе. Аднак паступіць што называецца сходу ў мяне не атрымалася – не хапіла балаў. Але я праходзіў на завочнае аддзяленне пры ўмове працаўладкавання. Варыянтаў шукаць сябе ў іншай прафесіі нават не разглядаў – працаўладкаваўся ў роднае Грабаўскае лясніцтва і стаў студэнтам завочнага аддзялення Беларускага тэхналагічнага інстытута.
Праз год наш герой быў прызваны ў войска. Пасля дэмабілізацыі працягнуў навучанне на стацыянары. Аднак вельмі сумаваў па працы ў лесе, таму зноў перавёўся на завочнае аддзяленне, а разам з ім амаль паўгрупы, так зачараваў Віктар Мікалаевіч аднагрупнікаў сваімі аповедамі пра практычны бок прафесіі.
За сваё працоўнае жыццё, а пачалося яно ў 1981 годзе з пасады штатнага рабочага ў Грабаўскім лясніцтве, працаваў майстрам у Брынёўскім і памочнікам ляснічага ў Кашэвіцкім лясніцтвах. А з 1990 года і па цяперашні час – ляснічым у Смятаніцкім лясніцтве.
Абход Віктара Мікалаевіча пачынаецца, фактычна, адразу за агароджай дома. Тут яму знаёма кожнае прыдарожнае дрэўца і кусцік, кожная лясная сцяжынка, па якіх даводзілася праходзіць ці праязджаць штодзень у любое надвор’е – вецер, снег, дождж – дзясяткі кіламетраў, каб ведаць усё, што робіцца на запаведнай тэрыторыі, за якую ты ў адказе.
Гады і прафесія нанеслі свой адбітак на яго твары: добрыя сумныя вочы і крыху ссутуленыя плечы. Але мужчына адразу ж становіцца бадзёрым і нават выглядае маладзей, як толькі гаворка ідзе аб важнасці яго справы. А спраў у ляснічага нямала: як руплівы гаспадар, ён даглядае за лесам, дзе неабходна – праводзіць яго высечку, прачыстку і прарэджванне, займаецца пасадкай маладзенькіх дрэўцаў, беражліва даглядае за імі, у пажаранебяспечны перыяд імнецца максімальна забяспечваць кантроль і ахову лясных угоддзяў ад людзей з нядобрымі намерамі і разгулу стыхіі.
– Інакш нельга: прырода, як і людзі, любіць, каб яе шанавалі, з любоўю і клопатам адносіліся да кожнага дрэўца, рачулкі, звера. За добрае стаўленне яна абавязкова шчодра аддзякуе багатым ураджаем лясных ягад і грыбоў, – упэўнены наш герой. Дарэчы, Віктар Мікалаевіч, як сведчаць калегі, грыбнік ад Бога! У яго, зразумела, ёсць свае сакрэтныя мясціны, якія нават у самы неўраджайны год абавязкова парадуюць лесавода хоць некалькімі баравічкамі.
Што тычыцца работы лесніка, то, як прызнаўся Віктар Мікалаевіч, за 43 гады ён да драбніц вывучыў усе яе тонкасці, вызначыў самую складаную аперацыю і важную справу. Для мужчыны гэта санітарная высечка дрэў і аднаўленне ляснога фонду. Балюча ўсведамляць, што пасаджанае табою дрэва па прычыне хваробы ці ветравалу трэба ссячы. Аднак гэта жыццё і ў прыроды, як і ў стыхіі, свае законы і планы. Што да лесапасадкі, якой калектыў актыўна займаецца штогод, то гэта вельмі напружаны і адказны перыяд. Разам з тым, гэта час, які дорыць радасць і надзею на прымнажэнне народнага багацця.
На маё пытанне пра лясных драпежнікаў, з якімі не раз за гады працы даводзілася сустракацца нашаму герою, ён тактоўна ўсміхнуўся і запэўніў: іх не варта баяцца. Калі звер не хворы, то на чалавека першы ён ніколі не кінецца, бо мы для іх уяўляем не меншую пагрозу і небяспеку, чым яны для нас. Тут галоўнае не правацыраваць дзін аднаго – парада ад вопытнага паляўнічага.
Працу ў лесе Віктар Мікалаевіч лічыць вельмі пачэснай і патрэбнай. Захоўваць прыроду для нашчадкаў – высакародная справа, якой варта прысвяціць жыццё, – упэўнены мужчына. – Пры тым, што работнік лесу можа і не ўбачыць вынікаў сваёй працы: лес расце не так хутка, як нам хацелася б, таму варта вельмі ашчадна ставіцца да яго.
Наш герой лічыць сябе чалавекам шчаслівым: у жыцці, у сям’і, у прафесіі ўсё склалася належным чынам – амаль трыццаць пяць гадоў побач любімая жонка, з якой дзеляць і хатнія, і службовыя клопаты, годнымі людзьмі вырасцілі траіх дачок, радуюць сваімі поспехамі ўнукі. Дзякуючы граматнаму кіраўніцтву, Смятаніцкае лясніцтва заўсёды выконвала даведзеныя заданні. За гэта Віктар Голас мае шэраг узнагарод. Аднак самае каштоўнае – добрая слава, якую сваёй самаадданай працай заслужыў шчыры абаронца прыроды сярод землякоў і калег.
З юбілеем Вас, паважаны Віктар Мікалаевіч! Няхай жыццё і надалей будзе шчодрым на радасныя падзеі і добрыя навіны.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий