Прэзідэнт падпісаў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях ветэранаў”. Дакумент прыняты ў мэтах павышэння сацыяльнай абароненасці ветэранаў і пацярпелых ад войнаў асоб. Ён прадугледжвае ўзмацненне сацыяльных гарантый ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням фашызму, ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыях іншых дзяржаў, удовам загінулых ваеннаслужачых, якія не ўзялі новы шлюб, а таксама вольнанаёмным асобам, якія накіроўваліся для работы ў Афганістан.
У прыватнасці, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаным ордэнамі або медалямі СССР за бездакорную воінскую службу ў тыле (прыраўноўваюцца да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны), прадугледжана павелічэнне памеру штомесячнага павышэння да пенсіі з 50% да 250% мінімальнай пенсіі, павелічэнне штогадовай дапамогі да Дня Перамогі, матэрыяльная дапамога на аздараўленне пры немагчымасці яго праходжання ў санаторыі.
Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаным ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу ў тыле, прадугледжана павелічэнне штомесячнага памеру павышэння да пенсіі з 50% да 100% мінімальнай пенсіі па ўзросце, пазачарговае абслугоўванне ў арганізацыях аховы здароўя, пазачарговая шпіталізацыя, а таксама першачарговы прыём у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях, незалежна ад формы ўласнасці.
Былым вязням фашызму прадугледжаны бясплатна: забеспячэнне лекамі і тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, выраб і рамонт зубных пратэзаў.
Ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыях іншых дзяржаў устаноўлена зніжэнне пенсійнага ўзросту на пяць гадоў (для асоб, якія атрымалі статус інваліда ў мірны час), бясплатнае забеспячэнне лекамі, тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, выраб і рамонт зубных пратэзаў.
Удовам загінулых ваеннаслужачых, якія не ўзялі новы шлюб, будуць прадастаўлены медыцынскія льготы (нароўні з бацькамі загінулых ваеннаслужачых): бясплатнае забеспячэнне лекамі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне.
Акрамя таго, вольнанаёмным асобам, якія накіроўваліся для работы ў Афганістан у перыяд 1979-1989 гадоў, прадугледжана павышэнне да пенсіі ў памеры 100% мінімальнай пенсіі па ўзросце.
Закон уступае ў дзеянне з 1 мая 2025 года.
Галіна КАЗАК. Фота «Беларусь Сегодня».
Оставить комментарий